РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Міхайлавіч) (17.9.1841, г. Екацярынбург, Расія — 21.3.1871),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскае павятовае вучылішча (1859). З 1863 у Пецярбургу. Друкаваўся з 1861. Бядотнае становішча парэформеннай вёскі адлюстраваў у аповесці «Падліпаўцы» (1864), умовы жыцця і працы уральскіх рабочых — у раманах «Горнарабочыя» (1866), «Глумавы» (1866—67), «Дзе лепш?» (1868). Тэме жаночай эмансіпацыі прысвяціў раман «Свой хлеб» (1870). У 1867—70 жыў у Брэсце. Тут напісаў камедыю «Прагрэс у павятовым горадзе» (1868, выд. 1871), у якой выкарыстаў мясц. назіранні, нарысы «Ад Брэст-Літоўска да Пецярбурга (дарожныя ўражанні)», «На захадзе (апавяданне доктара)», «Кірмаш у яўрэйскім горадзе», «Будні і святы Янкеля Дворкіна і яго сям’і» і інш. пра жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У рукапісным накідзе «Вяшчальнік» намаляваў адмоўны вобраз царскага чыноўніка на Беларусі. Пра знаходжанне ў Брэсце, пра норавы гараджан і знаёмых пісаў у дзённіку.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—6. Свердловск, 1936—48;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1956.
Літ.:
Филиппова К. Между людьми: Повесть о писателе Ф М.Решетникове. Свердловск, 1952;
Кліманскі С.У. Рашэтнікаў на Беларусі // Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РГАС ЛЬЁСА ((Vargas Llosa) Марыо) (н. 28.3.1936, г. Арэкіпа, Перу),
перуанскі пісьменнік. Чл. Перуанскай акадэміі мовы. Прэзідэнт Пэн-клуба (1976—79). З 1959 жыве ў Еўропе (Мадрыд, Барселона, Парыж, Лондан). У раманах «Горад і сабакі» (1962), «Зялёны дом» (1966), «Размова ў «Катэдрале» (1969), «Панталеон і наведвальніцы» (1973), «Цётачка Хулія і пісака» (1977), «Вайна канца свету» (1981), «Гісторыя Майты» (1984), «Хто забіў Паламіна Малера?» (1986), «Апавядальнік» (1987), «Пахвальнае слова мачысе» (1988), аповесці «Шчанюкі» (1967), зб. апавяданняў «Важакі» (1959) сплаў вымыслу з амаль дакументальнымі замалёўкамі з натуры, уражаннямі дзяцінства і юнацтва. Звяртаючыся да вопыту рыцарскага рамана, флабэраўскай традыцыі, экзістэнцыялізму, сцвярджаючы права мастака на творчую свабоду і паслядоўны нонканфармізм, Варгас Льёса робіць кожны з сваіх твораў востраактуальным, чарговым эксперыментам прасторава-часавых і жанравых пабудоў. Аўтар кніг эсэ «Гарсія Маркес: сведчанне богазабойства», «Сакрэтная гісторыя рамана» (абедзве 1971), «Спрадвечная оргія: Флабэр і «Мадам Бавары» (1975), «Паміж Сартрам і Камю» (1981), «Супраць ветру і прыліву» (1983—90), «Праўда няпраўды» (1990), п’ес.
Тв.:
Рус.пер. — Война конца света: Роман. М., 1987;
Кто убил Паломино Молеро?: Повесть, пьеса. М., 1989;
Рота добрых услуг: Романы. М., 1993.
Літ.:
Земсков В.Б. Марио Варгас Льоса: сознание художника и реальность // Латинская Америка. 1975. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФРАМ ФОН Э́ШЭНБАХ (Wolfram von Eschenbach; каля 1170, г. Эшэнбах, цяпер г. Вольфрамэшэнбах, зямля Баварыя, Германія — 1220),
нямецкі паэт. Паходзіў з баварскага рыцарскага роду. Служыў пры двары ландграфа Германа Цюрынгскага. Заваяваў прызнанне як мінезінгер. Ён верыў у высокае маральнае прызначэнне рыцарства, яго ўзнёслы дух, таму на першы план у творчасці ставіў маральныя праблемы, пошукі шляхоў да духоўнай сталасці і дасканаласці. Гал. твор — манументальны рыцарскі раман у вершах «Парцыфаль» (каля 1198—1210, выд. 1783; да 25 тыс. вершаваных радкоў; опера Р.Вагнера «Парцыфаль», 1882), які з’яўляецца самаст. перапрацоўкай няскончанага рамана франц. трубадура Крэцьена дэ Труа «Персеваль, ці Аповесць пра Грааль» (каля 1181—91) і ўваходзіць у цыкл раманаў пра пошукі св. Грааля з паданняў пра караля Артура, ці раманаў Круглага стала. Св. Грааль у асэнсаванні Вольфрама фон Эшэнбаха — сімвал чалавечнасці і духоўнасці, шлях да яго — шлях чалавека да Бога. У рамане «Вілегальм» (паміж 1212—18; не завершаны), які грунтуецца на гіст. падзеях 7 ст., апяваецца мужнасць у імя веры і айчыны, высокае каханне і дружба.
Тв.:
Рус.пер. — Парцифаль // Средневековый роман и повесть. М., 1974.
Літ.:
Пуришев Б.И. Вольфрам фон Эшенбах // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯ́К ((Mauriac) Франсуа Шарль) (11.10.1885, г. Бардо, Францыя — 1.9.1970),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1933). Скончыў ун-т у Бардо (1905). Дэбютаваў як паэт зб-камі «Рукі, складзеныя для малітвы» (1909) і «Развітанне з юнацтвам» (1911). Першы раман «Дзіця пад цяжарам ланцугоў» (1913). У лепшых раманах «Пацалунак, дараваны пракажонаму» (1922), «Маці» (1923), «Пустыня кахання» (1925), «Тэрэза Дэскейру» (1927), «Клубок гадзюк» (1932), «Дарога ў нікуды» (1939) узняты маральна-рэліг. праблемы. Аўтар раманаў «Ягня» (1954), «Падлетак мінулага часу» (1969), аповесці «Мартышка» (1951), зб. антыфаш. артыкулаў «Чорны сшытак» (1943), публіцыст. нарысаў «Блакноты» (1952—70), п’ес, эстэт. прац і інш. Яго проза адметная глыбокім псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю, вастрынёй і драматызмам сюжэтаў. На бел. мову асобныя раманы М. пераклаў Л.Казыра. Нобелеўская прэмія 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (сапр.Кампаў) Барыс Мікалаевіч
(17.3.1908, Масква — 12.7.1981),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў прамысловы тэхнікум у Цверы (1926). З 1928 журналіст. У Вял.Айч. вайну карэспандэнт «Правды». З 1962 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1927. У «Аповесці пра сапраўднага чалавека» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; аднайм. опера С.Пракоф’ева і фільм, 1948; прататып гал. героя — лётчык А.П.Марэсьеў), раманах «Золата» (1949—50, аднайм. фільм, 1970), «Доктар Вера» (1966, аднайм. фільм, 1968), кнігах апавяданняў «Мы — савецкія людзі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), нарысаў «Ад Белгарада да Карпат» (1944) і інш. — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар аповесці «Гарачы цэх» (1939), цыкла біягр. аповесцей (асобнае выд. 1977), раманаў «Глыбокі тыл» (1958), «На дзікім беразе...» (1962, аднайм. фільм, 1966), зб. апавяданняў «Сілуэты» (1974), дзённікаў ваен. карэспандэнта (у т. л. «У рэшце рэшт. Нюрнбергскія дзённікі», ч. 1—2, 1968; «Гэтыя чатыры гады», т. 1—2, 1974), падарожных нататак «Амерыканскія дзённікі» (1956), «Саянскія запісы» (1964), п’ес, успамінаў і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» пераклаў А.Стаховіч (1951).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Повесть о настоящем человеке. Мн., 1987.
Літ.:
Железнова Н.Л. Настоящие люди Бориса Полевого. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ((Waugh) Іўлін) (28.10.1903, Лондан — 10.4.1966),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых майстроў сатыр. прозы. Вучыўся ў Оксфардзе. Першы літ. твор прысвечаны паэзіі і жывапісу Д.Г.Расеці (1928). У раманах «Заняпад і разбурэнне» (1928), «Брыдкая плоць» (1930), «Чорная бяда» (1932), «Прыгаршчы праху» (1934), «Сенсацыя» (1938) крытыка тагачаснай рэчаіснасці. Падзеі 2-й сусв. вайны прыўнеслі ў творы Во настроі элегічнага смутку. Раманы «Перапыненая работа» (1942), «Вяртанне ў Брайдсхед» (1945) ён назваў «некралогамі асуджаным вярхам», «памінальнай месай па каштоўнасцях старога свету». Стыль Во адзначаны праніклівым псіхалагізмам і афарыстычнай мовай (навелы «Марское падарожжа», «Пераможца атрымлівае ўсё» і інш.). У раманах з трылогіі «Пачэсны меч» (1965) драма пісьменніка, які не прыняў ілжывых каштоўнасцей рэчаіснасці, імкнуўся да пераадолення дысгармоніі жыцця праз захаванне традыц. ўкладу сям’і і дабрачыннасці. «Выпрабаванне Гілберта Пінфалда» (1957) — аўтабіягр. раман. Прыхільнасць да прынцыпаў рэалізму ў мастацтве засведчыў у артыкулах «Літаратурны стыль у Англіі і Амерыцы» (нап. 1955), «Гібель Жывапісу» (нап. 1956).
Тв.:
Prose, memoirs, essays. М., 1980. Рус.пер. — Мерзкая плоть;
Возвращение в Брайдсхед: Романы;
Незабвенная: Повесть;
Рассказы. 3 изд. М., 1982;
Офицеры и джентльмены: Роман. Мн., 1988;
Испытание Гилберта Пинфолда. М., 1992.
Літ.:
Анджапаридзе Г. Трилогия И.Во «Почетный меч» // Проблемы английской литературы XIX и XX вв. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКУ́РЫН (Пётр Лукіч) (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб.апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял.Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—83;
Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;
Лики земли. М., 1990.
Літ.:
Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;
Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.Проскурина. М., 1983;
Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.Проскурина и В.Шукшина. Ташкент, 1988.
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.
Тв.:
Lord of the Flies;
The Pyramid;
Envoy Extraordinary. М., 1982;
Рус.пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;
Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;
Повелитель мух. М., 1990;
Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.
Літ.:
Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;
Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),
рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед.ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб.АН). У слоўніку шмат бел.нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус.натуральнай школы (пад псеўд.Казак Луганскі).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10;
СПб., М., 1897—98;
Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;
Пословицы русского народа. М., 1957;
Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.
Літ.:
Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;
Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;
Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.