права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНСІЯ́НСТВА,
тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НА (Argentina),
Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх.ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн.км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ.Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).
Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).
Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55°паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр.ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх.ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб.нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс.чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс.чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст.тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп.калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят.т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч.Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.М.Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.Сарам’ента (1868—74), Н.Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл.Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.
Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд.дол. (1992), 3,4 тыс.дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.
Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч.прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.
Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн.га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн.с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.
Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс.км, 55 тыс.км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс.км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.
Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс.чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс.чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс.чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс.чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс.чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс.чал.) і берагавой аховы (9 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс.чал. (1987).
Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч.г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч.г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн.экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.
Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.М.Гуцьерэс, Э.Эчыверыя, Х.Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.Ф.Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг.рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.В.Лопеса, Л.Кане, Э.Вільдэ, К.Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.Мартэль, Э.Камбасерас, Ф.Моча (Х.С.Альварэс), Р.Х.Пайра, Ф.Санчэс, Б.Лінч, М.Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.Лугонес, Э.Лаэрта, Б.Фернандэс Марэна, Э.Карыега, А.Сторні, Э.Банчс, Р.А.Арыета, Э.Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.Мальеа, Л.Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.Юнке, Р.Арльт, Р.Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.Картасар, Х.Л.Борхес, Э.Сабата і інш.
Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.Краус, А.Бланкі, Х.Б.Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.Вірасора, В.Акоста, Х.Віванка, А.Банет, А.Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.Агасціні, Х.Сальсон, К.Тэст, А.Гайда, Э.Лестан, Э.Амбаш і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.Марэль, пейзажыст П.Пуэйрэдон, скульптар Л.Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.Бутлер, П.Куіда, М.Мальяра, П.Сонса Брыяна, Ф.Фадэр, скульптары Р.Іруртыя і інш.). У 1929 Р.Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.Петаруці, Р.Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.Ле Парк, А.Берні, М.Мінухін, Э.Майк-Інтайр, Р.Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.Э.Спілімберга, Б.Кінкуэла Марцін, графікі А.Р.Віга, А.Брыес, разьбяры А.Сібеліна, С.Фітула.
Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст.Прафес.муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.З.Кастра, Х.Фішэр, Х.Пас, А.Хінастэра, Ф.Кропфль і інш.Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.
Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст.вял. значэнне для развіцця нац.т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап.т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.Кусані, А.Драгуна, К.Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац.т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац.ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.Баэра, П.Аскіні, М.Села, Л.Сандрыні, Ф.Петроне.
Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.А.Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г.найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.Куін, Л.Муруа, Л.Фавіа, Х.Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.Нільсен, Ф.Э.Саланас, Д.Ліпшыц, Л.Пуэнца.
Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс.чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш.усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс.чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел.культ.-асв.т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел.культ.т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.Мярэчкам, У.Гайлевічам і Я.Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел.дэмакр.к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс.чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел.нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс.чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел.нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс.чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.
Літ.:
Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;
Культура Аргентины. М., 1977;
Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.
Герб і сцяг Аргенціны.Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.Аргенціна. Горад Кордава.Да арт.Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.Лестан. 1988.Да арт.Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.Да арт.Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,
часова прыцягнутыя грашовыя сродкі пэўнага прадпрыемства (фірмы, арг-цыі, установы), якія неабходна вярнуць ва ўстаноўленыя тэрміны; сума запазычанасці крэдыторам. Вылучаюць нармальную запазычанасць, якая вынікае з правіл разлікаў паміж пакупнікамі і пастаўшчыкамі (прадаўцамі), крэдыторамі і пазычальнікамі, рэгламентавана па тэрмінах адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі (дагаворамі, кантрактамі і інш.), але час выплаты якой яшчэ не настаў, і пратэрмінаваную. К.з. з’яўляецца адной з крыніц часова прыцягнутых (пазычаных) сродкаў прадпрыемства, якія адлюстроўваюцца ў яго балансе як запазычанасць па каротка- ці доўгатэрміновых абавязацельствах. Да кароткатэрміновых абавязацельстваў (менш за 12 месяцаў) адносяцца: банкаўскія пазыкі і банкаўскія овердрафты (крэдыты, прадастаўленыя кліенту звыш астаткаў на бягучым рахунку ў межах папярэдне абумоўленай сумы); вэксалі да аплаты (запазычанасць па вэксалях, якія належыць аплаціць да даты складання балансу); рахункі да аплаты (запазычанасць пастаўшчыкам ці разлікаў з імі); авансы ад пакупнікоў (арэндная плата і інш.); запазычанасць па выплаце падаткаў, зарплаты, прэмій, акцыянерам па дывідэндах, узносаў у сацыяльныя фонды, а таксама рэзервы на будучыя расходы і запазычанасць па выплаце працэнтаў па доўгатэрміновых абавязацельствах (больш за адзін год). Большасць кароткатэрміновых абавязацельстваў (за выключэннем банкаўскіх крэдытаў) не патрабуюць выплаты працэнтаў і таму лічацца таннымі крыніцамі фінансавання прадпрыемства. Да доўгатэрміновых абавязацельстваў адносяць: адтэрмінаваныя падатковыя плацяжы (калі падаткі выплачваюцца не рэгулярна, такія плацяжы з’яўляюцца формай крэдыту, таму іх часам называюць інвестыцыйным падатковым крэдытам); доўгатэрміновыя банкаўскія пазыкі і крэдыты (пазыковы капітал, які атрыманы ў банках, шляхам эмісіі аблігацыйных пазык і выплаты па іх працэнтаў); запазычанасць па аблігацыях (уключае выпушчаныя фірмай аблігацыі з пагашэннем у вызначаным годзе); пазыкі пад нерухомасць; абавязацельствы па пенсіённых выплатах (узнікаюць, калі фірма мае свой пенсіённы фонд, які фарміруецца за кошт узносаў работнікаў і работадаўцаў); падаходны падатак наступных перыядаў; датэрміновыя вэксалі да аплаты; іншая доўгатэрміновая запазычанасць (напр., па пазыках і авансах на тэрмін больш за адзін год). Доўгатэрміновыя абавязацельствы прадугледжваюць выплату працэнтаў або інш. плацяжоў. Яны, як правіла, забяспечваюцца нерухомай маёмасцю ці наяўнымі актывамі прадпрыемства. К.з. — гэта страты ў будучым, паколькі абавязацельствы прадпрыемства прадугледжваюць вяртанне сродкаў (аказанне паслуг) контрагентам па заключаных раней здзелках, а таму іх неабходна пагашаць своечасова. Па сканчэнні тэрміну іскавай даўнасці яна падлягае пералічэнню ў бюджэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %