ПЕ́РШЫ З’ЕЗД ДАСЛЕ́ДЧЫКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ АРХЕАЛО́ГІІ І АРХЕАГРА́ФІІ.
Адбыўся 17—18.1.1926 у Мінску; каля 60 дэлегатаў і гасцей. Заслухана 12 дакладаў і паведамленняў; 4 з іх надрукаваны ў «Працах Першага з’езда...», змест астатніх прыведзены ў пратаколах з’езда. З дакладамі выступілі: А.М.Ляўданскі, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Мялешка, А.А.Спіцын і інш. З’езд прыняў 6 рэзалюцый: «Аб Літоўскай метрыцы», «Аб беларускіх архіўных фондах за межамі БССР», «Аб археалагічных доследах», «Аб музейнай справе», «Аб Цэнтрархіве БССР і яго аддзелах», «Аб вяртанні бібліятэк». Канстатаваў нездавальняючы стан стараж. помнікаў Беларусі і вырашыў падрыхтаваць спец. законапраект аб помніках гісторыі і мастацтва. З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць прасіць урад рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, б-ку М.Х.Каладзеева па беларусазнаўстве і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гіст. музеі.
Літ.:
Працы Першага зьезда даследчыкаў беларускае археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.Мн., 1926;
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Шумейко М.Ф. Собрать рассеянное: О реституции бел. архивов в прошлом и настоящем. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЫКО́ЎСКІ (Міхаіл Іванавіч) (20.11.1896, г. Крэменец, Украіна — 14.6.1962),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1944). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1923), выкладаў у ёй (з 1946 праф.). У 1926—35 працаваў дырыжорам у т-рах Кіева, Харкава і інш. Аўтар опер «Сотнік» (1939), «Наймічка» (1943, паводле Т.Шаўчэнкі), першагаўкр. балета «Пан Канёўскі» (1931), першых укр. араторый («Дума пра дзяўчыну-паланянку Марусю Багуслаўку», 1923), кантат, сімф. сюіт, а таксама песень, хароў, апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЖАВО́З, ліхтэравоз,
судна для транспартавання грузаў у баржах — плывучых кантэйнерах. Эксплуатуюцца пераважна баржавозы двух тыпаў — з кранавай і гарызантальнай грузаапрацоўкай. На баржавозах першага тыпу баржы (да 83 баржаў з грузам да 450 т кожная) падымаюцца з вады, перасоўваюцца ўздоўж палубы і ставяцца ў трумы казловым кранам. На баржавозах другога тыпу баржы падымаюцца да ўзроўню грузавой палубы спец. пад’ёмнікам на карме і перасоўваюцца на цялежках да месца ўстаноўкі (да 38 баржаў водазмяшчэннем да 1000 т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТЭФЕНД ((Grotefend) Георг Фрыдрых) (9.6.1775, г. Мюндэн, Германія — 15.12.1853),
нямецкі філолаг і асірыёлаг. Працуючы выкладчыкам гімназіі ў Гётынгене (1797—1803), пачаў дэшыфроўку стараж.-перс. клінапісу. За аснову дэшыфроўкі ўзяў 2 надпісы персідскіх цароў Ахеменідаў. Зыходзячы з паўтаральнасці ў гэтых надпісах разгаданага ім слова «цар» і абапіраючыся на паслядоўнасць лагічных разважанняў, прачытаў у 1802 пачаткі гэтых надпісаў: першага як «Дарый, цар вялікі, цар цароў, Гістаспа сын, Ахеменід», і другога як «Ксеркс, цар вялікі, цар цароў, Дарыя цара сын, Ахеменід».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА СТРА́ШНАГА СУДА́»
(«Domesday Book»),
збор матэрыялаў першага пазямельнага перапісу ў сярэдневяковай Англіі, праведзенага Вільгельмам I Заваёўнікам у 1086. Перапіс меў на мэце высветліць матэрыяльныя рэсурсы каралеўства, зафіксаваў юрыд. статус сялянства, уключыў многіх раней свабодных сялян у катэгорыю феад.-залежных — віланаў. Кніга (складаецца з 2 тамоў) — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі сярэдневяковай Англіі (звесткі аб памерах вотчыны, размеркаванні зямлі паміж паплечнікамі Вільгельма I, царквой і інш.). У яе назве адлюстраваліся адносіны англ. народа да перапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗЭРЭ́РЭ (лац. miserere злітуйся),
царкоўнае каталіцкае песнапенне. Назва ад першага слова лац. тэксту 50-га псалма «Miserere mei Deus» — «Памілуй мяне, Божа» рымска-каталіцкага царк. ўжытку. Шматгалосыя кампазіцыі на тэкст М. паявіліся на мяжы 15—16 ст. Першы аўтарскі твор належыць К.Фесце (1517). Сярод найб. дасканалых ўвасабленняў — «Miserere» А.Ласа («Сем пакаянных псалмоў», 1584) і Дж.Габрыэлі («Свяшчэнныя сімфоніі», 1597). Значная колькасць твораў на тэкст М. захавалася ў інстр. апрацоўках — лютневых і клавірных табулатурах эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першагаастр. штогодніка (1679).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРО́ІДЫ,
група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР (Ягор Ягоравіч) (9.12.1849, г. Казань, Расія — 27.11.1903),
рускі хімік-арганік. Праф. (1882). Скончыў Казанскі ун-т (1874). З 1875 у Пецярбургскім, з 1886 у Варшаўскім ун-тах. Навук. працы па арган. сінтэзе. Адкрыў спосаб атрымання другасных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні цынку (1875, разам з А.М.Зайцавым), рэакцыю акіслення этыленавых злучэнняў (цыклаалефінаў, тэрпенаў, стэроідаў) 1%-ным растворам перманганату калію (1888, рэакцыя Вагнера), камфенавую перагрупоўку першага роду (1899, перагрупоўка Вагнера — Меервейна).
Літ.:
Старосельский П.И., Никулина Е.П. Е.Е. Вагнер, 1849—1903. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус.сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першагарус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.Ф.Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.