БЕЛАПЯТРО́ВІЧ (Ежы) (1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.​Г.​Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ (Фелікс) (1802, Мазыршчына — 1863),

удзельнік паўстання 1830—31. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У маі 1831 узначаліў паўстанне ў Мазырскім пав. У створаны ім паўстанцкі атрад уваходзілі сяляне, шляхта, чыноўнікі. У чэрв. 1831 пасля няўдалай спробы захапіць Мазыр, атрад вымушаны быў перанесці дзеянні ў Рэчыцкі пав. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Галіцыю. У 1833 у Францыі. Удзельнічаў у паліт. жыцці польскай эміграцыі. Паводле некат. звестак у 1835—39, 1844—46 быў эмісарам на Палессі, у Галіцыі, на Валыні, у Коўне. У 1857, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́НСКІ ((Kiliński) Ян) (снеж. 1760, г. Тжамэшна, Польшча — 28.1.1819),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў паўстання 1794 у Варшаве. З 1788 майстар шавецкага цэха ў Варшаве, у 1792—94 саветнік магістрата. Уваходзіў у склад паўстанцкіх улад; першапачаткова падтрымліваў радыкальнае крыло паўстанцаў, пасля падзей 28 чэрв. (расправа варшаўскіх нізоў са здраднікамі) на пазіцыях правых. Прызначаны Т.Касцюшкам палкоўнікам, камандаваў пях. палком. У час аблогі Варшавы рас. войскамі двойчы паранены. Пасля задушэння паўстання зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1794—96). Пакінуў 2 версіі ўспамінаў (1795, 1814—18).

Тв.:

Pamiętniki. [Warszawa], 1958.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАРО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (24.3.1893, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 1918),

удзельнік Кастр. паўстання ў Петраградзе 1917. З 1914 вучыўся ў Петраградскім ун-це, вёў нелегальную прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. У сак. 1915 арыштаваны. Пасля Лют. рэв. 1917 старшыня выканкома Савета салдацкіх дэпутатаў Гжацкага гарнізона. З сак. 1917 у Петраградзе, у час падрыхтоўкі Кастр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. З кастр. 1917 гал. камісар Смольнага, камендант Таўрычаскага палаца. У сак. 1918 камандзір атрадаў Чырв. гвардыі. Загінуў у час прарыву акружэння на станцыі Рауту (Саснова Ленінградскай вобл.).

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.​Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.​П.​Тармасава (каля 3 тыс. чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙСЕНГО́Ф ((Weyssenhoff) Ян) (1774, в. Анджэльмуйжэ Рэжыцкага пав., цяпер Латвія — 19.5.1848),

вайсковы дзеяч ВКЛ. З 1789 на ваеннай службе ВКЛ у 8-м палку пяхоты ў Нясвіжы. Удзельнік вайны супраць экспансіі Расіі ў 1792, бітвы пад Мірам. У час паўстання 1794 ад’ютант Я.Ясінскага, прызначаны А.​Т.​Касцюшкам маёрам кавалерыі. Пасля задушэння паўстання вандраваў па Еўропе. У 1806 далучыўся да войска ген. Я.​Г.​Дамброўскага, удзельнічаў у паўстанні на зах.-польскіх землях супраць прускага панавання, у ваен. дзеяннях 1809 супраць Аўстрыі на баку Напалеона. У вайне 1812 ад’ютант ген. Ю.​Заёнчака, удзельнік бітваў пад Смаленскам, Барадзіном і інш. У 1813 атрымаў ад Напалеона званне ген. брыгады. Удзельнічаў у арганізацыі арміі Каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі, з 1826 ген. дывізіі. У час паўстання 1830—31 камандаваў дывізіяй уланаў, браў удзел у фарміраванні Надвіслянскага легіёна, камандаваў войскамі Кракаўскага ваяв. У 1831—33 у ссылцы ў Кастраме. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Pamiętnik generała Jana Weyssenhoffa. Warszawa, 1904.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,

польскае нац.-вызв. паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сак. — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэв. падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сак. ў г. Познань створаны Нац. к-т. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго ч. да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нац. к-т стварыў тайны Нац. ўрад (К.​Лібельт, Г.​Патвароўскі, В.​Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 крас. стаў Л.Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 крас. ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узбр. сіл (3 тыс. чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 крас. прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 крас. паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партыз. дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)