ФРЫ-ДЖАЗ (англ. free-jazz вольны джаз),

адзін са стыляў сучаснага джаза. Узнік у канцы 1950-х г. Назва паходзіць ад аднайм. грампласцінкі О.​Коўлмена — аднаго з заснавальнікаў стылю. Ф.-дж. ўласцівы імправізацыя, гульня тэмбрамі, полірытмія, адыход ад традыц. прынцыпаў джазавага формаўтварэння, выкарыстанне мадальнасці і алеаторыкі. У 1970-я г. паўплываў на амер. папулярную музыку. У наш час тэрмін ахоплівае шматлікія стылявыя кірункі, якія наз. новы джаз.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ПАРО́ДНАЯ ГРУ́ПА буйной рагатай жывёлы,

пародная група малочнага кірунку. Паходзіць ад стараж. чырв. усходнеслав. жывёлы. На Беларусі гадуюць на ўласных падвор’ях.

Жывёлы моцнай канстытуцыі. Масць ад светла-рыжай да цёмна-чырвонай. Маса быкоў 750—900, кароў 400—500 кг. Забойны выхад больш за 50%. Сярэдні надой малака 3500—4500 кг, тлустасць 4%. Непатрабавальныя да ўмоў утрымання, устойлівыя да хвароб.

Чырвоная беларуская пародная група буйной рагатай жывёлы.

т. 17, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАНО́ВЫ ЛБЫ»,

скалістыя выступы карэнных горных пародаў, згладжаныя і адпаліраваныя ледавіком. Даўж. да некалькіх соцень метраў, выш. да 50 м. Назва паходзіць ад іх формы (нагадвае лбы бараноў). Звычайна схіл, накіраваны ў бок, адкуль рухаўся ледавік, пакаты, гладка адпаліраваны, з ледавіковымі драпінамі на паверхні, супрацьлеглы — больш стромкі і няроўны. Групы дробных «Барановых лбоў» наз. кучаравымі скаламі. Пашыраны ў абласцях мінулых і сучасных абледзяненняў, найб. шматлікія ў Скандынавіі, Карэліі, на Кольскім п-ве.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХІНХІ́Н,

парода свойскіх курэй мяснога тыпу. Паходзіць ад дзікага банкіўскага пеўня. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі.

Птушка буйная, з акругленымі формамі, пышным рыхлым апярэннем. Колер белы, жоўты, паласаты, палевы, чорны. Галава невял.; грэбень невял., прамастойны, лістападобны; спіна кароткая і шырокая, крылы кароткія, закругленыя, хвост кароткі; ногі невысокія, моцна апераныя. Жывая маса пеўня да 5, курыцы — да 4 кг. Несціся пачынаюць у 7—8-месячным узросце. Яйцаноскасць 100—120 яец.

М.​Ц.​Гарачкі.

Кахінхіны.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЫ,

старажытнабалцкае племя, ад якога паходзіць этн. назва латышоў. Насялялі ўсх. частку сучаснай Латвіі па правым беразе Даўгавы (Зах. Дзвіны). Межавалі і кантактавалі з лівамі на 3, селамі і земгаламі на Пд, крывічамі на У, эстамі на Пн. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У 10—11 ст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пач. 13 ст. заняволены ням. рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Л. наз. яшчэ латвійцамі. Гл. таксама Латгале.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О,

шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).

А.​М.​Булыка.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМСКА́Я ПАВІ́ННАСЦЬ,

абавязак цяглага насельніцтва (сялян і пасадскіх людзей) Расіі ў 16—18 ст. забяспечваць перавозку асоб адміністрацыі і дзярж. грузаў. Паходзіць ад вядомага на Русі з 10 ст. павозу. Насельніцтва павінна было трымаць спраўнымі дарогі, даваць падводы або плаціць падатак, т.зв. ямскія грошы, на якія Ямскі прыказ ствараў паштовыя станцыі — ямы са слабодамі ямшчыкоў. Я.п. была адной з найцяжэйшых павіннасцей, асабліва ў Паморскім краі і Сібіры. Скасавана ў пач. 18 ст.

т. 18, кн. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУДАКІ́», будакі-паны,

група насельніцтва бел. паходжання на тэр. б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.

І.​В.​Карашчанка.

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РЫ,

германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 6 ст. Магчыма, паходзіць ад маркаманаў. У сярэдзіне 6 ст. бавары занялі частку тэр. былых рым. правінцый Норык і Рэцыя (засялілі тэр. сучасных Верхняй Аўстрыі, Зальцбурга, Верхняй і Ніжняй Баварыі, часткова Ціроля). З 6 ст. вядома племянное герцагства (гл. Баварыя). На тэр. іх рассялення ў 7—8 ст. дзейнічала звычаёвае права — Баварская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). Разам з інш. герм. плямёнамі бавары заклалі аснову ням. і аўстр. народаў.

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.—сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)