ЛА́ГА-АРХЕНЦІ́НА

(Lago Aigentino),

Архенціна, возера ў Аргенціне, каля ўсх. падножжа Андаў, на выш. 187 м. Пл. 1400 км2. Глыб. каля 300 м. Ледавіковага паходжання. Падпруджана марэнамі. На 3 да фіёрдападобных заліваў спускаюцца ледавікі. Упадае р. Леона (сцёк з воз. В’едма), выцякае р. Санта-Крус (упадае ў Атлантычны ак.). Зах. берагі возера ўваходзяць у нац. парк Лос-Гласьярэс, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км2. Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд. т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАМЯНЕ́ННЕ АРГАНІ́ЗМА,

прыроднае або штучнае ўздзеянне выпрамяненняў на жывы арганізм. У натуральных умовах жывыя істоты апраменьваюцца інфрачырвоным (цеплавое апрамяненне), бачным і ультрафіялетавым сонечным святлом, а таксама касм. прамянямі і іанізоўным выпрамяненнем зямнога паходжання (гл. Фон радыеактыўны). Пры штучным апрамяненні арганізма часцей скарыстоўваюць іанізавальныя, ультрафіялетавыя, ультравысокачастотныя выпрамяненні. Адрозніваюць апрамяненне арганізма татальнае (усяго цела) і лакальнае (частковае), вострае (за кароткі прамежак часу) і хранічнае, або пралангаванае (працяглае), аднаразовае і фракцыянаванае (сумарная доза паступае часткамі, з рознымі прамежкамі часу), вонкавае і ўнутранае (ад радыеактыўных рэчываў, што трапілі ў арганізм). Па даных Навук. к-та ААН па дзеянні атамнай радыяцыі (НКДАР ААН; 1988) сярэднія дозавыя нагрузкі насельніцтва Зямлі ў пераліку на гадавыя эфектыўныя эквівалентныя дозы апрамянення складаюць у мілізівертах (мЗв): ад натуральных крыніц радыяцыі зямнога паходжання пры ўнутр. апрамяненні 1,325, пры вонкавым 0,35; касмічнага паходжання 0,3 і 0,015 адпаведна; ад крыніц, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, 0,4; ад радыеактыўных ападкаў 0,02; ад атамнай энергетыкі 0,001. На тэр., што пацярпелі ад буйных радыяц. катастроф (напр., Кыштымская 1957, Расія; Чарнобыльская 1986, і інш.), пасляаварыйныя дозавыя нагрузкі на арганізм значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Напр., праз 5 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы на Гомельшчыне гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення складала (мЗв): у Брагіне 2,5, Ветцы 3,1, Буда-Кашалёве 1,3, Карме 2. У «Каталог дозаў апрамянення насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (1992) занесена 3326 нас. пунктаў, дзе шчыльнасць забруджвання цэзіем-137 складала 15—40 Кі/км² і сумарныя гадавыя эквівалентныя дозы да 2—3 мЗв. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМІ́ЗМ

[ад лац. anima (animus) дух, душа],

вера ў існаванне духаў і душ, у іх уплыў на жыццё людзей і жывёл, на прадметы і з’явы навакольнага свету. Узнік у першабытным грамадстве і лёг у аснову пазнейшых рэліг. вераванняў; састаўны элемент кожнай сучаснай рэлігіі. Тэрмінам «анімізм» абазначаюць і тэорыю ўзнікнення рэлігіі, распрацаваную англ. антраполагам Э.Тайларам (1832—1917), якая зводзіць рэлігію да індывід. псіхалогіі чалавека, не ўлічвае сац. перадумоў яе паходжання.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІВІ́Н

(ад лац. oliva аліва),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў. Гал. прадстаўнікі — фарстэрыт Mg2SiO4, фаяліт Fe2SiO4, тэфраіт Mn2SiO4 утвараюць ізаморфныя рады. Крышталі кароткаслупкаватыя, рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя. Колер ад жаўтавата-зялёнага да зеленавата-чорнага. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—4,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал магматычнага паходжання. Пашыраны ў асн. і ультра-асн. вывергнутых пародах. Фарстэрыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

Алівін.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫЦЫ́ДЫ

[ад грэч. akari клешч + ...цыд(ы)],

пестыцыды, прызначаныя для барацьбы з кляшчамі. Існуюць акарыцыды расліннага (анабазін, нікацін) і сінтэтычнага (фосфарарган., хлараваныя арган. злучэнні, карбаматы і інш.) паходжання. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў, эмульсій, суспензій, дустаў, газаў, аэразоляў. Магчыма атрутнае ўздзеянне на чалавека, жывёл і птушак. З акарыцыдаў найб. шырока ўжываюцца мінер. масла, сера, вапнава-серны адвар, фосфарарган. злучэнні (хларафос, карбафос). Парушэнні тэхналогіі выкарыстання акарыцыдаў вядуць да экалагічных страт.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЖАК (Dvořák) Макс

(24.6.1874, г. Роўдніцы, Чэхія — 8.2.1921),

аўстрыйскі гісторык мастацтва чэшскага паходжання. Чл. Венскай АН; прадстаўнік т.зв. венскай школы мастацтвазнаўства. Вучыўся ва ун-тах Прагі і Вены. З 1902 выкладаў (праф. з 1909) у Венскім унце. У працах, прысвечаных пераважиа мастацтву сярэднявечча, Адраджэння, барока, прасачыў і абгрунтаваў залежнасць мастацтва ад духоўнага жыцця эпохі, яе філасофіі, эстэтыкі, тэалагічных поглядаў.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки по искусству средневековья. М.; Л., 1934.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАЛЕ́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

выхад карэнных горных парод на зямную паверхню. Бывае натуральнага паходжання (па берагах рэк, схілах яроў, хрыбтоў) і штучнага (у кар’ерах, шахтах, шурфах, канавах). Маюць навуковае (у геалогіі) і практычнае (пры пошуках карысных выкапняў) значэнне. На Беларусі некаторыя агаленні абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды, на асобных з іх наладжана вытв-сць буд. матэрыялаў (напр., Мікашэвіцкае, Глушкавіцкае радовішчы буд. каменю).

Да арт. Агаленне горных парод. Роскае геалагічнае агаленне мелу ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯГЕНЕ́З

(ад а... + біягенез),

утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.І.Апарыну і Дж.Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш. арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,

у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на 3 і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)