ВЯЛЕ́С,

язычніцкае бажаство ўсх. славян. Лакальныя назвы Валос, Волас. Вялеса лічылі апекуном жывёлагадоўлі (у «Аповесці мінулых гадоў» яго называлі «скоцій бог»), багацця (яго імем кляліся купцы і княжацкія дружыннікі), мастацтва, у прыватнасці паэзіі (у «Слове пра паход Ігараў» княжацкі паэт Баян называецца ўнукам Вялеса). З увядзеннем хрысціянства ў Кіеўскай Русі (канец 10 ст.) уяўленне пра Вялеса паступова знікла, а яго гал. функцыя — апекуна жывёлагадоўлі — нададзена хрысц. святому Уласу (Аўласу), у гонар якога спраўлялі конскае свята 11 лютага ст.ст.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЦІК (ад грэч. dorotos кап’ё),

кароткае кідальнае кап’ё. Вядомы з эпохі верхняга палеаліту (з каменным або касцяным наканечнікам; выкарыстоўваўся як паляўнічая зброя), асабліва ў аўстрал. абарыгенаў і алеутаў. У старажытнасці служыў зброяй першага ўдару ў арміях Грэцыі і Рыма (з жал. наканечнікам). Для павелічэння далёкасці і сілы кідка (да 70—80 м) выкарыстоўвалася раменная пятля. У сярэднія вякі быў пашыраны (з жал. наканечнікам) у Зах. і Усх. Еўропе (на Русі наз. суліца; упершыню згадваецца ў 12 ст. ў «Слове пра паход Ігаравы»).

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РАДЗІ́МЫ І РЭВАЛЮ́ЦЫІ,

антыбальшавіцкая арг-цыя ў Петраградзе ў кастр.—ліст. 1917. Створаны з прадстаўнікоў гар. думы, партый эсэраў, меншавікоў і інш. для барацьбы супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. Кіраўнік — эсэр М.​Дз.​Аўксенцьеў. Камітэт быў звязаны з А.Ф.Керанскім, які рыхтаваў паход часцей ген. П.М.Краснова на Петраград, і антыбальшавіцкімі арг-цыямі ў губернях, распаўсюджваў лістоўкі, падтрымліваў чыноўніцкі сабатаж мерапрыемстваў сав. улады, падрыхтаваў і ўзначаліў паўстанне юнкераў у Петраградзе 29.10(11.11).1917. У ліст. 1917 ператвораны ў «Саюз абароны Устаноўчага сходу».

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНА́ЎТЫ,

у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.​Флака, драм. трылогіі Ф.​Грыльпарцэра, оперы Л.​Керубіні і інш.

Да арт. Арганаўты. Геракл і арганаўты. Размалёўка кратэра з г. Арвіета. Каля 450 да н.э.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАЎ (Іван Ісаевіч) (? — 1608),

кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Г СВЯТАСЛА́ВІЧ (сярэдзіна 11 ст. — 1.8.1115),

князь уладзіміра-валынскі [1073—76], тмутараканскі [1083—94], чарнігаўскі [1094—96], ноўгарад-северскі [1097—1115]. Сын Святаслава Яраславіча. У 1076 разам з Уладзімірам Манамахам здзейсніў паход у Чэхію. У 1078, пасля няўдалай спробы замацавацца ў Чарнігаве, уцёк у Тмутаракань. Трапіў у палон да хазараў (1079), 4 гады прабыў у Канстанцінопалі і на в-ве Родас. У 1094 заняў Чарнігаў, але вымушаны быў аддаць яго брату Давыду (1096). Паводле рашэння Любецкага з’езда 1097 атрымаў ва ўдзел Ноўгарад-Северскі. Удзельнічаў у Віцячоўскім 1100 і Залотчаўскім 1101 княжацкіх з’ездах, у паходах на полаўцаў (1107 і 1113).

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МА (стараж.-інд. цёмны),

у рэлігіі і міфалогіі індуізму богападобны герой, сёмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну, у вішнуізме разам з Крышнай гал. аб’ект культу. Паводле стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», сын цара Дашаратхі Р. і яго зводны брат Лакшмана здзейснілі паход з паўн. Індыі на в-аў Ланка (Шры-Ланка), каб вызваліць жонку Р. Сіту, якую выкраў цар ракшасаў Равана. Браты вызвалілі Сіту і перамаглі Равану, чым пазбавілі людзей ад яго тыраніі. У вобразе Р. ўвасоблены мужчынская доблесць, вернасць доўгу, сыноўняя пакорлівасць, сямейная і братняя адданасць.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Сяргей Сяргеевіч) (22.8.1921, в. Мегра Валагодскай вобл. — 7.10.1977),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага (1954). У 1941—44 ваяваў на фронце. Першыя кнігі вершаў «Трэцяя хуткасць» (1946) і «Паход працягваецца» (1948) прысвяціў Айч. вайне. У зб-ках вершаў «Памяць сэрца» (1960), «Адданасць» (1973), «Кастры» (1978), паэмах «Песня Ленінграду» (1957), «Слова пра Цыялкоўскага» (1962), «На вастрыі стралы барвовай» (1980) і інш. філас. і лірычныя разважанні пра час, лёс пакалення, будучыню роднай зямлі. Своеасаблівасць яго вершаў у непасрэднасці, пранікнёнасці паэт. інтанацый.

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—3. М., 1979—80.

С.​Н.​Чубакоў.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЯСЛА́Ў I Храбры

(Boleslaw I Chrobry; 966 ці 967 — 17.6.1025),

польскі князь у 992—1025 і кароль у 1025. З дынастыі Пястаў. Сын Мешкі I. Да канца 10 ст. завяршыў пачатае бацькам аб’яднанне польскіх зямель (сталіца — г. Гнезна). У 1000 са згоды герм. імператара Атона III заснаваў самаст. Гнезненскае арцыбіскупства. У 1002—04 уладарыў таксама ў Чэхіі. У выніку трох войнаў (1002—18) супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» набыў у якасці леннага ўладання Лаўзіц (Лужыцу). У 1018 ажыццявіў паход на Кіеў, заняў чэрвеньскія гарады (Чэрвень, Луцк, Суцейск, Броды і інш.). Каранаваўся ў Гнезне вясной 1025.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)