ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну.

Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс. км². Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп. газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партыз. атрадамі А.​І.​Далідовіча, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф.​І.​Паўлоўскі) і ням.-фаш. буйным гарнізонам у в. Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14 студз. партызаны атакавалі гарнізон з 2 бакоў. Пасля непрацяглага бою гарнізон перастаў існаваць, у партызан страт не было.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ФТЫ (новагрэч. klephtes літар. злодзеі),

грэчаскія партызаны-сяляне, якія ў 17 — пач. 19 ст. змагаліся супраць тур. акупац. войск і буйных грэч. землеўладальнікаў (апошнія далі ім зневажальную мянушку). У канцы 17 ст. туркі легалізавалі ч. атрадаў К. як унутр. варту (арматолаў). К. складалі аснову сіл паўстанцаў у час грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29, з іх асяроддзя выйшаў Т.Калакатроніс.

т. 8, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,

разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.​Р.​Ушакоў) і 60-я (палк. А.​В.​Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в.» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.

А.​А.​Каваленя.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Яўген Мікалаевіч (н. 25.11.1911, г.п. Джусалы Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Значнае месца ў творчасці займае гіст. тэматыка, партрэтная галерэя дзеячаў бел. культуры. Рэалістычнасцю вобразаў, сюжэтаў, выразнасцю задумы вызначаюцца жывапісныя палотны «У рабства» (1944), «Апавяданне байца» (1946), «Дапамога Масквы партызанам» (1947), «Партызаны ў разведцы» (1948), «Гуляюць дублёры» (1954), «Партызаны ў засадзе» (1958), «Узнагарода Я.​Коласа ордэнам Леніна» (1982); партрэтныя кампазіцыі «Р.​К.​Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам» (1936), «Я.​Купала і З.​Бядуля ў рэдакцыі газеты «Наша ніва» ў 1914 годзе» (1951, з І.​Давідовічам) і інш.; партрэты мастакоў А.​Глебава (1946), В.​Ціхановіча (1983), А.​Пятрухны (1984), нар. артыста Беларусі У.​Галубка (1968, 1972). Аўтар графічных кампазіцый: «Пераправа цераз раку Белую», «Палонныя белапалякі» (абедзве 1940), «Дэкрэт аб зямлі» (1963) і інш.; партрэтаў А.​Пашкевіч (Цёткі, 1976), Ф.​Скарыны, Ф.​Багушэвіча (абодва 1977), Я.​Купалы, Я.​Коласа (абодва 1978) і інш.; трыпціха «Кастусь Міцкевіч у студэнцкія гады» (1959), пейзажаў, ілюстрацый да кніг, больш за 400 экслібрысаў.

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Ціхановіч. У.​Галубок. 1972.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІЦКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі і ням.-фаш. гарнізонам

(каля 300 чал.) у г. Чашнікі 19—22 студз. і 19—21 кастр. ў Вял. Айч. вайну. 19 студз. 3 атрады (320 чал.) Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава» блакіравалі гарнізон і на працягу 3 дзён вялі па ім гарматны агонь. Каб затрымаць падмацаванне гарнізону, што рухалася з в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на, 22 студз. партызаны ўзарвалі мост цераз р. Ула і распачалі бой. Аднак з-за перавагі сіл праціўніка з наступленнем цемнаты атрады адышлі ў размяшчэнне брыгады. Бой у кастр. — састаўная частка Лепельскай аперацыі 1943. У ноч на 20 кастр. 3 батальёны Смаленскага партыз. палка атакавалі гарнізон (каля 700 чал.) і выцеснілі праціўніка з займаемых пазіцый. Аднак ён, замацаваўшыся ў цагляных будынках касцёла, школы, дома культуры, бальніцы, арганізаваў 4 контратакі, якія былі адбіты партызанамі. Бой працягваўся больш за суткі, пакуль з г. Сянно да гітлераўцаў не падышло падмацаванне. Партызаны пад прыкрыццем дымавой заслоны адышлі. У г. Чашнікі на брацкай магіле партызан (27 чал.),

што загінулі ў Ч.б., пастаўлены помнік.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя на ПнУ Віцебскай вобл., якую ў час акупацыі ням. фашыстамі кантралявалі партызаны з 1942 да снеж. 1943. Складвалася на працягу студз.—сак. 1942 у ходзе наступальных дзеянняў партыз. атрадаў, у т. л. М.П.Шмырова, з дапамогай часцей Чырв. Арміі Калінінскага фронту. Да лета 1942 межы зоны ахапілі Суражскі (акрамя райцэнтра), часткі Гарадоцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Мехаўскага р-наў (пл. 3 тыс. км²). Абаранялі зону партыз. брыгады 1-я Бел., імя А.​Ф.​Данукалава, 2-я Бел. імя П.​К.​Панамарэнкі, імя М.​Кутузава, 1-я Віцебская, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола Віцебскай вобл. і некат. інш. партыз. фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва баявой і гасп. дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі спец. штаб на чале з І.​Ф.​Бердзіянам, Суражскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Мехаўскі падп. райкомы КП(б)Б, адноўленыя сав. сельсаветы з удзелам Віцебскага падп. абкома КП(б)Б, Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, камандавання Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. У канцы вер. 1942, калі гітлераўцы ліквідавалі Віцебскія «вароты», тэрыторыя зоны звузілася. На працягу года з чэрв. 1942 акупанты правялі супраць партызан 11 карных аперацый («Серабрыстая ліса», «Белы мядзведзь», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца», «Веснавы карагод», «Дождж на сёмуху» і інш.). Са снеж. 1943 пасля Гарадоцкай аперацыі 1943 пачалося вызваленне ад акупацыі тэрыторыі зоны, большасць партыз. фарміраванняў злучаліся з Чырв. Арміяй. Утрыманне С.п.з. ў 1942 мела стратэгічнае значэнне для развіцця партыз. руху на Беларусі і ў суседніх Калінінскай вобл. Расіі, Латвіі, Літве. Больш як паўгода партызаны зоны ўтрымлівалі Віцебскія «вароты», выратавалі жыццё дзесяткаў тысяч жанчын, дзяцей, старых. Актыўнай баявой дзейнасцю партызаны дэзарганізоўвалі тыл ворага на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр», актыўна ўзаемадзейнічалі з Чырв. Арміяй.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 582.

У.​С.​Пасэ.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),

два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.​Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.​Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.​Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАЛАЎСКІ БОЙ 1942,

бой партызан 125-га атрада імя Сталіна (камандзір С.​А.​Рыжак) па знішчэнні варожага блокпаста з дотам каля раз’езда Комалава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. 19 чэрв. ў Вял. Айч. вайну. У выніку 1,5-гадзіннага бою з намнога большымі сіламі праціўніка партызаны спалілі будынак блокпаста, знішчылі танк, процітанк. гармату, 2 радыёстанцыі, 15 бочак гаручага і выйшлі з-пад агню.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)