НАРАСТА́ННЕ І СПАДА́ННЕ ФУ́НКЦЫІ,

павелічэнне (змяншэнне) значэнняў функцыі пры павелічэнні значэнняў яе аргумента. Функцыя y = 𝑓(x) наз. нарастальнай (спадальнай) на адрэзку

[a, b],

калі для любых x1 і x2, такіх, што a ≤ x1 ≤ x2 ≤ b, выконваецца няроўнасць 𝑓(x1) < 𝑓(x2) [адпаведна 𝑓(x1) > 𝑓(x2)]. Дыферэнцавальная функцыя з’яўляецца нарастальнай (спадальнай) на зададзеным інтэрвале, калі яе вытворная ў кожным пункце гэтага інтэрвалу дадатная (адмоўная). Напр., функцыя y = x​2 спадае на інтэрвале (−∞,0) і нарастае на інтэрвале (0, +∞).

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,

штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану ​235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэннем ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),

павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.​Б.​Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛІФЕРА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + fero нясу),

павелічэнне колькасці клетак (або геномаў пры поліплаідыі) шляхам непрамога дзялення, мітозу. Вядзе да росту тканкі, у адрозненне ад інш. спосабу павелічэння яе масы (напр., з прычыны ацёку). Інтэнсіўнасць П. рэгулюецца стымулятарамі і інгібітарамі, якія выпрацоўваюцца ўнутры рэагуючых клетак і воддаль ад іх (напр., гармоны). У раннім эмбрыягенезе П. адбываецца бесперапынна. Па меры дыферэнцыроўкі перыяды паміж дзяленнямі павялічваюцца. Некат. дыферэнцыраваныя клеткі, напр., нервовыя, не здольныя да П. У раслін П. наз. праліфікацыяй.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́ТНЫ ФОНД,

сукупнасць матэрыяльных і грашовых сродкаў, якія з’яўляюцца пастаянным укладам заснавальнікаў-удзельнікаў у створанае імі прадпрыемства (фірму, кампанію, т-ва); сумарная вартасць асн. і абаротных сродкаў, якія знаходзяцца ў карыстанні і распараджэнні прадпрыемства (фірмы, кампаніі, т-ва). Крыніцы павелічэння С.ф.: укараненне ў вытв-сць найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, рэканструкцыя і абнаўленне асн. фондаў, павелічэнне аб’ёмаў вытв-сці і інш.; памяншаюць С.ф. знос і спісванне ўстарэлых машын і абсталявання, спажыванне і канфіскацыя часткі прыбытку і інш.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАКАРДЫ́Я (ад стэна... + грэч. kardia сэрца), грудная жаба,

прыступ рэзкага болю ў вобласці сэрца пры парушэнні кровазабеспячэння сардэчнай мышцы; найб. пашыраная форма ішэмічнай хваробы сэрца. Абумоўлена спазмамі вянечных сасудаў сэрца. Адрозніваюць С. напружання (боль пры значных фіз. нагрузках, хваляванні і інш.), спакою (у час сну), стабільную, прагрэсіруючую і інш. Прыкметы: скурнае покрыва бледнае, павелічэнне артэрыяльнага ціску крыві, раптоўныя болі ў левай палавіне грудной клеткі або ў цэнтры з распаўсюджваннем у левую руку або плячо. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУЛЯРЭМІ́Я,

прыродна-ачаговая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека. Адносіцца да заанозаў. Узбуджальнік — бактэрыя франкісела тулярэнсіс; чалавеку перадаецца пры кантакце з хворымі грызунамі, ад укусаў насякомых і кляшчоў, якія паразітуюць на грызунах, паветрана-пылавым шляхам. Па лакалізацыі працэсаў адрозніваюць: Т. скуры, слізістых абалонак і лімфатычных вузлоў (бубонная, язвава-бубонная і інш.), унутр. органаў (напр., лёгачная) і генералізаваная форма. Прыкметы Т.: высокая т-ра цела, агульная інтаксікацыя, павелічэнне лімфатычных вузлоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл перадаецца праз інфіцыраваныя ваду, кармы, подсціл, глебу.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБАНІ́ЗМ (франц. urbanisme ад лац. urbanus гарадскі),

кірунак у архітэктуры і горадабудаўніцтве 20 ст., прыхільнікі якога лічылі асновай развіцця сучасных гарадоў узбуйненне іх забудовы, павелічэнне ролі гарадоў у агульнай сістэме рассялення, рост колькасці гарадоў і гар. насельніцтва. Прынцыпы У. выкладзены ў горадабуд. тэорыі арх. Ле Карбюзье. У 1920-я г. ідэі У. значна паўплывалі на некат. сав. архітэктараў (М.​Ладоўскі, А. і Л. Весніны, І.​Голасаў і інш.). Часам тэрмін «У.» ўжываецца як сінонім горадабудаўніцтва наогул.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)