НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжская Слуцкая брама.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1672—1877 у г. Нясвіж. Засн. падчашым смаленскім Б.​Баканоўскім і кн. М.​К.​Радзівілам, які, верагодна, выдзеліў месца для пабудовы кляштара. У 1680 асвячоны мураваны 3-нефавы, з 2-вежавым фасадам касцёл Яна Хрысціцеля. Яго скляпенні і сцены былі размаляваны мастаком Ю.​К.​Гескім (гл. Гескія). У алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцавай, які лічыўся цудатворным. Да касцёла прымыкаў 2-павярховы мураваны корпус кляштара. Пасля закрыцця ў 1773 Нясвіжскага езуіцкага калегіума дамініканцы ўтрымлівалі пры сваім кляштары гімназічныя школы, пазней павятовыя (зачынены ў 1835). У 1877 скасаваны, касцёл перабудаваны ў правасл. храм. Будынкі кляштара не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. і ў 1920—40. Створаны ў 1793 у межах Мінскай губ. Рас. імперыі. Цэнтр — г. Нясвіж. Скасаваны 12.12.1796. Зноў утвораны 29.7.1920 у Мінскай губ. БССР. Уключаў 12 валасцей: Гавязнянскую, Гарадзейскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Ланскую, Магільнянскую, Пацейкаўскую, Свержанскую, Сіняўскую, Сноўскую, Цімкавіцкую, Цялядавіцкую. 6.8.1920 да павета далучаны Жухавіцкая і Мірская вол. Навагрудскага пав. З 18.3.1921 у складзе Польшчы, за выключэннем Магільнянскай вол., частак Пацейкаўскай, Цімкавіцкай і Цялядавіцкай вал. З 3.12.1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, утвораны Нясвіжскі раён, часткі тэр. павета адышлі ў Ганцавіцкі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі р-ны.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́Н (Commines, Comines, Commynes, Comynes) Філіп дэ (каля 1447, г. Камін, Бельгія — 18.10.1511), французскі дзярж. дзеяч, гісторык. З фламандскай дваранскай сям’і. З 1464 на службе ў бургундскіх герцагаў, адзін з дарадчыкаў Карла Смелага, выконваў дыпламат. даручэнні. З 1472 бліжэйшы дарадчык караля Людовіка XI, пасля яго смерці (1483) чл. рэгенцкага савета пры непаўналетнім Карле VIII. За ўдзел у антыўрадавай апазіцыі сасланы ў правінцыю (1489). З 1491 зноў пры двары. Удзельнік італьянскіх войн 1495—1559. Аўтар «Мемуараў», у якіх адлюстравана гісторыя Францыі і Еўропы ў 2-й пал. 15 ст. Лічыцца пачынальнікам франц. паліт. гісторыі.

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1986.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Схема каміна.
Камін у адной з залаў палаца ў г. Нясвіж Мінскай вобл.

т. 7, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжскі «Дом на рынку».

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЗІН (Берзінь) Рэйнгольд Іосіфавіч

(16.7.1888, б. маёнтак Кінігсгоф, Валміерскі р-н, Латвія — 11.11.1939),

савецкі ваен. дзеяч. З 1905 чл. РСДРП. З 1914 у арміі. У 1917 старшыня выканкома корпуса, нам. старшыні выканкома 2-й арміі (Нясвіж), чл. ВРК Зах. фронту. Камандаваў 1-м Мінскім рэв. атрадам, 2-й рэв. арміяй у час ліквідацыі ў Магілёве Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі як цэнтра контррэвалюцыі, у барацьбе супраць Цэнтр. Рады на Украіне, у час разгрому антысав. мяцяжу 1-га польск, корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. У 1918 галоўнакамандуючы Зах. фронтам па барацьбе з контррэвалюцыяй, камандуючы Паўн.-Урала-Сібірскім фронтам. З 1919 чл. Рэўваенсавета Зах., Паўд.-Зах., Паўд., Туркестанскага франтоў, з 1924 — Зах. ваен. акругі. З 1927 на гасп. рабоце. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,

нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.​Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 6, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.

А.​А.​Ярашэвіч.

Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (Мікалай Радзівілавіч, мянушка Стары; ? — 1509),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Радзівіла Осцікавіча (гл. ў арт. Радзівілы). З 1481 намеснік смаленскі, з 1488 кашталян трокскі і намеснік навагрудскі, што дазволіла яму ўвайсці ў склад Рады ВКЛ. З 1492 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ. У выкананне завяшчання вял. кн. Казіміра IV у 1492 забяспечыў пераход улады ў ВКЛ да вял. кн. Аляксандра. Выступаў за шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вял. кн. маскоўскага Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісання ў 1499 новага акта уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Кіраваў ВКЛ пры адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. Згодна з завяшчаннем Аляксандра, садзейнічаў перадачы ў 1506 трона ВКЛ Жыгімонту I.

В.​С.​Пазднякоў.

М.Радзівіл Стары. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШКО́ЎСКІ Лаўрэнцій, дзеяч рэфармацыйнага руху, гуманіст і пісьменнік 16 ст. У 1550-я г. прыхільнік вучэння Чэшскіх братоў. У 1558 у друкарні г. Шаматулы (Польшча) выдаў кн. «Размова чатырох братоў закону хрысціянскага». З 1561 кальвінісцкі прапаведнік у Нясвіжы. У 1562 з С.​Будным і М.​Кавячынскім выдаў на бел. мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» і інш. творы. Каля 1563 перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), пазней падтрымліваў рэліг. і сац. ідэі анабаптызму (гл. Анабаптысты). Пры дапамозе Буднага пераклаў і выдаў на польск. мове «Размову св. Юстына філосафа» (Нясвіж, 1564). У сваіх пропаведзях крытыкаваў прыгонніцтва, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, прапагандаваў грамадска-карысную працу.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)