Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГАЙДА́К, сайдак (цюрк.),
камплект (набор) ручной кідальнай зброі коннага воіна. Выкарыстоўваўся з 5—6 ст. Атрымаў пашырэнне ў манголаў і цюрк.народаў у 10—19 ст., у некат. інш.народаў, у т. л. ў Расіі ў 13—17 ст. Складаўся з лука з налуччам, стрэл з калчанам і тахтуя (чахол). У налучча ўстаўляўся лук, у калчан — стрэлы. Налучча прымацоўвалася разам з шабляй да пояса з левага боку, а калчан — з правага. Тахтуй, які нацягвалі ў паходзе на калчан, служыў для засцярогі стрэл ад вільгаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАКА́Л (цюрк.літар. белая барада),
у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАВУ́ХА,
традыцыйны мядовы напітак беларусаў і інш.народаў. Мёд ці адходы пры медагонцы разбаўляюць гатаванай вадой, дадаюць дрожджы, хмель і трымаюць 6—8 сутак у халодным месцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭО́РЫЯ, тэорыя запазычання, тэорыя вандроўных сюжэтаў,
тэорыя, якая тлумачыла падабенства фальклору індаеўрап. народаў міграцыяй вусна-паэтычных твораў.
Вял. пашырэнне мела ў 2-й пал. 19 ст. побач з міфалагічнай тэорыяй (гл.Міфалагічная школа). Пачатак М.т. паклаў ням. філолаг Т.Бенфей. Прыхільнікі яе — зах.-еўрап. даследчыкі Р.Кёлер, Г.Парыс, А.Клоўстан, рускія А.М.Пыпін, У.В.Стасаў, У.Ф.Мілер. Недахопам М.т. было тое, што яна разглядала фальклор у адрыве ад асяроддзя, у якім ён бытаваў. Аднак увяла ў навук. ўжытак вял. фактычны матэрыял, пашырыла ўяўленне пра духоўную спадчыну індаеўрап. народаў. Бел. збіральнікі і даследчыкі фальклору ў 19 — пач. 20 ст. выявілі нямала фактаў фальклорнай міграцыі, узаемнага запазычання ў творчасці суседніх, асабліва слав.народаў (Р.С.Зянькевіч, Е.Р.Раманаў, Я.Ф.Карскі).
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Коккьяра Дж. История фольклористики в Европе: Пер с итал. М., 1960;
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЗЮ́К (цюрк.),
мяшок з суцэльнай скуры жывёлы (казы, каня і інш.) для захоўвання віна, кумысу і інш. Пашыраны ў краінах Усходу, у некат. народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі і Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНАГАЖО́НСТВА, палігінія,
адна з форм шлюбу, калі адзін мужчына знаходзіцца ў шлюбе адначасова з некалькімі жанчынамі. Узнікла пры пераходзе да патрыярхату. Узаконена рэлігіяй у народаў, якія вызнаюць іслам; выцясняецца манагаміяй.