парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.
Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁР (франц. liqueur),
моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.
Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКАЯ ЦЯЖКАЗАПРАЖНА́Я ПАРО́ДАконей,
выведзена ў Літве на аснове жмудскага каня, палепшанага ардэнскай пародай. Зацверджана ў 1963. На Беларусі гадуюць на прадпрыемстве «Абухава» Гродзенскага р-на.
Выш. ў карку да 158 см, даўж. тулава да 164 см, абхват грудзей да 199 см. Маса жарабцоў да 700 кг, кабыл да 650 кг. Масць пераважна рыжая, трапляецца гнядая і інш. Галава вялікая, шыя кароткая, мускулістая, грудзі шырокія, крыж шырокі, звіслы, раздвоены. Касцяк моцны, ногі сярэдняй даўжыні, дужыя. Коні спакойныя, добрых паводзін, непатрабавальныя да ўмоў утрымання, з высокай працаздольнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + facio раблю),
прарастанне якога-н. органа расліны з другога органа, які скончыў свой рост і развіццё (напр., прарастанне вегетатыўнага парастка з лісцем з кветкі, або новай кветкі з існуючай). Адбываецца ў пэўных умовах з прычыны падоўжання восі кветаложа або плода за кошт росту і дыферэнцыяцыі нявыкарыстанай ч. верхавінкавай мерыстэмы (напр., пры прышчэпліванні чаранка з кветкавымі пупышкамі яблыні ці чарэшні на моцны прышчэп). П. характэрная для ананаса, ружы, суніц; адзначана таксама ў жан. шышак сагоўнікаў, шышак хвойных. У агульнабіял. сэнсе — тое, што праліферацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС ((Adomaitis) Рэгімантас) (н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,
сялянская рэфармісцкая дэмакр.арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.Заленскі, Л.Лютык, І.Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
кампактная прасторавая групоўка пасяленняў (пераважна гарадскіх), аб’яднаных у адно цэлае інтэнсіўнымі вытв., працоўнымі, культ.-быт. і рэкрэацыйнымі сувязямі. Вылучаюць монацэнтрычныя гарадскія агламерацыі з адным горадам-ядром, які падпарадкоўвае свайму ўздзеянню астатнія паселішчы, размешчаныя ў прыгараднай зоне (прыгарады, гарады-спадарожнікі і інш.) і намнога пераўзыходзіць іх сваімі памерамі і эканам. патэнцыялам, і поліцэнтрычныя гарадская агламерацыя з некалькімі ўзаемазвязанымі гарадамі-цэнтрамі (гл.Канурбацыя). Гарадскія агламерацыі аказваюць моцны пераўтваральны ўплыў на навакольную тэр., змяняючы яе эканам. структуру і сац. ўмовы жыцця насельніцтва. Зрастанне значнай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый вядзе да ўтварэння мегалопісаў мегаполісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫШЫ́,
1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.
2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЛЕ́ЦЦЕ,
сацыяльна-біялагічная з’ява, якая характарызуецца дажываннем чалавека да высокіх узроставых рубяжоў. Даўгавечнымі наз. людзей, якім больш за 90 гадоў. Многія з іх захоўваюць добрую памяць, цікавасць да навакольнага свету і ў значнай ступені працаздольнасць. У іх добра працуе сэрца, эндакрынная сістэма, моцны і ўраўнаважаны тып вышэйшай нерв. дзейнасці; яны ўстойлівыя да стрэсаў і інфекц. хвароб. Вывучае Д. геранталогія.
Спрыяюць Д. генет. патэнцыял, спадчыннасць, сац.-эканам. ўмовы, матэрыяльны дабрабыт, пэўныя псіхічныя і матэрыяльныя перадумовы, фіз. праца, рэжым харчавання, высокі ўзровень грамадскай санітарыі, аховы здароўя, неўжыванне тытуню і алкаголю. На Беларусі найбольш даўгавечнікаў у Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,
поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.