ПАРХО́М,

бел. майстар-злотнік 18 ст. Жыў і працаваў у г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл. У 1752 разам з Мікітам-злотнікам выканаў абклад абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (падпісаны майстрамі). Зберагліся 3 абклады абразоў, выкананыя П. (1 падпісаны, 2 прыпісваюцца яму паводле стылістычных адзнак). Работы вызначаюцца арыгінальнай трактоўкай кветкавага арнаменту (мноства лістоў, варыяцыі букетаў з 2 кветак на кароткіх перакрыжаваных сцяблінках), дасканаласцю тэхн. прыёмаў.

Э.​С.​Максімава.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад лац. generatio нараджэнне, размнажэнне),

пакаленне ў біялогіі, 1) нараджэнне, узнаўленне; разавае патомства адной групы або папуляцыі асобін. Некаторыя арганізмы даюць мноства (прасцейшыя), некалькі (насякомыя, мышы, трусы), адну (многія капытныя, драпежныя) генерацыі за год або нават адну генерацыю за некалькі гадоў (кіты, сланы).

2) Усё непасрэднае патомства асобін папярэдняга пакалення.

3) Перыяд жыцця чалавека, жывёлы (або расліны) ад пачатку яго развіцця да палаваспелага стану. Напр., у чалавека — бацькі, дзеці і ўнукі — 3 паслядоўныя пакаленні.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР ((Cantor) Георг) (3.3.1845, С.-Пецярбург — 6.1.1918),

нямецкі матэматык, заснавальнік тэорыі мностваў. Скончыў Берлінскі ун-т (1867). З 1869 ва ун-це ў г. Гале (у 1879—1913 праф.). Распрацаваў тэорыю бясконцых мностваў і тэорыю трансфінітных лікаў, сістэматызаваў і абгрунтаваў прынцыпы свайго вучэння аб бясконцасці. Сфармуляваў адну з аксіём неперарыўнасці (аксіёма К.). Увёў паняцці лімітавага пункта, вытворнага мноства, развіў адну з тэорый ірацыянальных лікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Труды по теории множеств. М., 1985.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫЯ ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ, кругавыя функцыі,

функцыі, якія вызначаюць дугу (лік) па дадзеным значэнні яе трыганаметрычных функцый, што разглядаюцца на пэўных прамежках манатоннасці.

Адрозніваюць Arcsinx («арксінус x») — мноства функцый, адваротных да sinx; Arccosx («арккосінус x») — да cosx; Arctgx («арктангенс х») — да tgx; Arcctgx (арккатангенс x») — да ctgx; Arcsecx («арксеканс x») да secx; Arccosecx («арккасеканс x») — да cosecx. Функцыі Arcsinx і Arccosx вызначаны пры |x|1, Arctgx і Arcctgx — для ўсіх сапраўдных x, Arcsecx і Arccosecx|x|1 (2 апошнія выкарыстоўваюцца рэдка). У выніку перыядычнасці трыганаметрычных функцый для кожнай з іх існуе бесканечнае мноства адваротных функцый, гал. значэнні якіх вызначаюцца ўмовамі: -π/2 ≤ arcsin x ≤ π/2; 0 ≤ arccos x ≤ π; -π/2 ≤ arctg x ≤ π/2; 0 ≤ arsec x ≤ π; 0 ≤ arcctg x ≤ π; -π/2 ≤ arccosec x ≤ π/2. Суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі можна замяніць суадносінамі паміж адваротнымі трыганаметрычнымі функцыямі, напр., з роўнасці tgx = sinx 1 sin2x вынікае, што arcsinx = arctg x 1 x2 .

Графікі адваротных трыганаметрычных функцый: 1 — арксінуса; 2 — арккосінуса; 3 — арктангенса; 4 — арккатангенса.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РНЕР ((Werner) Альфрэд) (12.12.1866, г. Мюлуз, Францыя — 15.11.1919),

швейцарскі хімік, заснавальнік хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Політэхн. ін-т у г. Цюрых (1889). З 1893 праф. Цюрыхскага ун-та. Навук. працы па даследаванні будовы неарган. злучэнняў. Прапанаваў каардынацыйную тэорыю будовы комплексных злучэнняў, якая абвяргала ўяўленні аб пастаянстве лікаў валентнасці. Сінтэзаваў мноства комплексных злучэнняў, распрацаваў іх сістэматыку і эксперым. метады ўстанаўлення саставу і будовы. Нобелеўская прэмія 1913.

Літ.:

Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Альфред Вернер и развитие координационной химии. М., 1974.

А.Вернер.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае вызначэнне мэт, паказчыкаў, заданняў (тэрмінаў, тэмпаў, прапорцый) развіцця сац. працэсаў і асн. сродкаў іх ажыццяўлення. Аб’екты П.с.: грамадства ў цэлым; кожная са сфер грамадскага жыцця; сац. працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве. Асн. мэта — дасягненне сац. справядлівасці, сац. роўнасці і сац. абароненасці людзей. Наяўнасць агульных для ўсяго грамадства мэт не выключае спецыфічных мэт, паколькі грамадства складаецца з мноства падсістэм, канкрэтных аб’ектаў, кожны з якіх займае асобнае месца і вырашае свае задачы. Гл. таксама Планаванне ў эканоміцы.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ў раслін,

частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАРЫ (Nestor),

род птушак атр. папугаепадобных. 2 віды: кеа (N. notabilis) і кака (N. meridionalis). Пашыраны ў Новай Зеландыі. Кеа жывуць у гарах, гнёзды ў расколінах скал і норах; кака — у лясах, гнёзды ў дуплах.

Даўж. каля 50 см, кака драбнейшыя. Апярэнне зялёнае, аліўкавае з чырв. або аранжавым. Кормяцца насякомымі, нектарам, насеннем, парасткамі, карэньчыкамі. Некат. кеа драпежнікі: выклёўвалі ў авечак кавалачкі падскурнага тлушчу і мяса, што прыводзіла да гібелі жывёл, з-за гэтага мноства птушак было знішчана. Ахоўваюцца.

Да арт. Нестары. Кеа.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТЫ ЛІК,

цэлы дадатны лік, які перавышае 1 і не мае інш. дзельнікаў акрамя 1 і самога сябе. Напр., 2, 3, 5, 7, 11, ... . Паняцце «П.л.» з’яўляецца асноўным пры вывучэнні падзельнасці натуральных лікаў: любы натуральны лік адназначна раскладаецца на здабытак П.л. Існуе бясконцае мноства П.л. (тэарэма Эўкліда). Для знаходжання П.л. карыстаюцца рэшатам Эратасфена: з табліцы натуральных лікаў выкрэсліваецца 1, лік 2 — П.л. — пакідаецца, выкрэсліваюцца ўсе цотныя лікі, лік 3 (1-ы з нявыкрасленых) будзе простым, далей выкрэсліваюцца лікі, кратныя 3, і г.д.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)