МЕТАЛІ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
разнавіднасць хімічнай сувязі, якая ўтвараецца пры ўзаемадзеянні электроннага газу (аб’яднаных валентных электронаў металаў) з дадатна зараджанымі іонамі крышт. рашоткі. Характэрна для металаў, іх сплаваў і расплаваў, а таксама большасці металідаў. Вызначае ўласцівасці, характэрныя для металаў: высокія электра- і цеплаправоднасць, пластычнасць.
т. 10, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАТЭРМІ́Я (ад металы + грэч. thermē цяпло),
адна з галін металургіі па вытв-сці чыстых металаў, сплаваў, ферасплаваў, лігатур, металідаў і інш. хім. злучэнняў металаў. Прынцып М. (аднаўленне металаў з іх аксідаў алюмініем і інш. элементамі) адкрыты ў 1865 М.М.Бякетавым.
М. заснавана на аднаўленні аксідаў і інш. злучэнняў металаў элементамі, здольнымі ўтвараць аксіды тэрмадынамічна больш трывалыя, чым аксіды металаў, што аднаўляюцца; адбываецца з вылучэннем цяпла. У якасці аднаўляльнікаў звычайна выкарыстоўваюць магній (магніетэрмія), кальцый (кальцыетэрмія), алюміній (алюмінатэрмія; найб. пашырана ў прам-сці), крэмній (сілікатэрмія), бор (боратэрмія).
На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца з 1965 у БПА. Распрацаваны асновы новага кірунку ў М. — металатэрмічнага метаду стварэння сінт. парашковых асяроддзяў для хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў.
Літ.:
Самсонов Г.В., Перминов В.П. Магниетермия. М., 1971;
Алюминотермия. М., 1978.
Л.Р.Варашнін.
т. 10, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРСЕНА́ТЫ,
солі ортамыш’яковай кіслаты H3AsO4. Арсенаты шчолачных металаў і аміяку раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць растварэннем аксіду мыш’яку (As2O5) у шчолачах. Арсенаты цяжкіх металаў атрымліваюць узаемадзеяннем раствораў іх соляў з арсенатаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды, антысептыкі для прамочвання драўніны, кампаненты люмінафораў, п’еза- і сегнетаэлектрыкі. Водарастваральныя арсенаты — моцныя яды.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,
увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.
т. 9, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~104К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.
Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.
т. 12, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕЛІ́РАВАННЕ (ад франц. coupelle раздзяляльная печ, літар. кубачак),
купеляцыя, ачыстка высакародных металаў ад свінцу і інш. прымесей акісляльнай плаўкай у капелях (кубачках з вогнетрывалых матэрыялаў) або полымных печах. Заснавана на ўласцівасці свінцу і інш. звычайных металаў (у адрозненне ад высакародных) акісляцца кіслародам паветра. Выкарыстоўваецца ў прабірным аналізе (для ўстанаўлення пробы), металургіі (для вылучэння высакародных металаў, якія знаходзяцца ў сплаве са свінцом).
т. 9, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДА́ТЫ,
солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).
Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл. Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКАСЦЬ,
здольнасць металаў і сплаваў паддавацца коўцы і інш. відам апрацоўкі ціскам (валачэнню, пракатцы, прасаванню, штампоўцы). Характарызуецца пластычнасцю і супраціўленнем дэфармацыі. У коўкіх металаў адносна высокая пластычнасць спалучаецца з нізкім супраціўленнем дэфармацыі.
т. 8, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)