самы паўднёвы геагр. пояс Зямлі. Уключае Антарктыду з прылеглымі астравамі і воды акіянаў, якія яе абмываюць. Займае 5% плошчы зямнога шара (амаль палавіна прыпадае на антарктычных пустыняў зону). Мяжу антарктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C, самага цёплага месяца (студз. ці лютага). Характарызуецца адмоўнымі ці нізкімі дадатнымі значэннямі радыяцыйнага балансу, панаваннем антарктычных паветраных масаў, антарктычным кліматам, доўгай палярнай ноччу, халоднымі паверхневымі водамі, перавагай на сушы ландшафтаў зоны арктычных пустыняў, значнай ледавітасцю акіяна. Гл.Антарктыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЯНІ́СТАЯ ЛО́ШЫЦКАЯ,
асенні сорт грушы Беларускага НДІ пладаводства. Атрыманы ад сяўбы насення сорту Добрая Луіза свабоднага апылення. Пашыраны і перспектыўны для вырошчвання ва ўсіх абласцях рэспублікі акрамя Віцебскай.
Дрэва сярэднярослае. крона пірамідальная, даволі густая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Сорт дастаткова зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Плады (да 120 г) зеленавата-жоўтыя з ружова-чырв. румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, масляністая, сакавітая, салодкая з невял. кіслінкай. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦЫ-РЫ́БЫ (Molidae),
сямейства рыб атр. іголкабрухападобных. 3 роды (Masturus, Mola, Ranzania), 4 віды. Жывуць пераважна ў трапічных і субтрапічных водах адкрытага акіяна. Маларухомыя.
Даўж. да 3 м і больш, маса да 1,4 т. Цела высокае, сціснутае з бакоў, без хваста; нагадвае дыск месяца (адсюль назва). Функцыю хваста выконваюць заднія ч. спіннога і анальнага плаўнікоў. Скура тоўстая, эластычная, з касцянымі бугаркамі або пласцінкамі. Зубы злітыя ў пласціны. Кормяцца ракападобнымі, кальмарамі, дробнай рыбай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЁНАЎ (Васіль Паўлавіч) (н. 20.8.1932, Казань),
рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед.ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач.літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́КАМ, Ньюкамб (Newcomb) Сайман (Сімон; 12.3.1835, г. Уоліс, Канада — 11.7.1909), амерыканскі астраном. Чл.Нац.АН ЗША (1869), Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Гарвардскі ун-т (1858). У 1861—77 праф. Марской акадэміі ў Вашынгтоне. Навук. працы па нябеснай механіцы, астраметрыі і навігацыйнай астраноміі. Даследаваў рух Месяца, планет і іх спадарожнікаў, праблемы паходжання астэроідаў. Папулярызатар астр. ведаў.
Тв.:
Рус.пер. — Астрономия для всех. Одесса, 1905.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 400—402.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.
Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.Глушневіч, М.М.Гусеў, Я.Я.Саблер, П.М.Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.
Літ.:
Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́,
поле сілы цяжару, сілавое поле, абумоўленае гравітацыйным прыцяжэннем Зямлі і цэнтрабежнай сілай, выкліканай яе сутачным вярчэннем. Нязначнае ўздзеянне на гравітацыйнае поле Зямлі аказвае таксама прыцяжэнне Месяца, Сонца, планет Сонечнай сістэмы і масы зямной атмасферы. Характарызуецца вытворнымі патэнцыялу сілы цяжару па нармалі (па адвеснай лініі) да геоіда і па каардынатных восях у кожным пункце зямной паверхні. Вытворная патэнцыялу сілы цяжару па нармалі да геоіда вызначае паскарэнне свабоднага падзення, якое вымяраецца ў галах (1 Гал = 1 см/с2). Адрозніваюць гравітацыйнае поле Зямлі: нармальнае, анамальнае і варыяцыі.
Нармальнае гравітацыйнае поле Зямлі абумоўлена прыцягненнем масы аднароднага эліпсоіда, паверхня якога блізкая да геоіда. Вагаецца ад 978 Гал на экватары да 983 Гал на полюсах. Анамальнае гравітацыйнае поле Зямлі выклікана неаднароднасцямі будовы Зямлі, гал.ч. яе верхняй абалонкі — літасферы. На раўнінных месцах знаходзіцца ў межах некалькіх дзесяткаў мілігал, у гарах і на астравах акіянаў анамаліі могуць дасягаць сотняў мілігал. Варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе звязаны з размяшчэннем Месяца адносна Зямлі і Зямлі адносна Сонца, а таксама з тэктона-фіз. працэсамі, што працякаюць на вял. глыбінях у нетрах Зямлі. Месячна-сонечныя перыядычныя варыяцыі гравітацыйнага поля Зямлі ў часе — да 1 мГал, варыяцыі поля тэктанічнага паходжання — 1—2 мГал за год. Гл. таксама Гравіметрыя.