ГО́РАЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1988 у г. Горкі Магілёўскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 484 м²), каля тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Аддзелы: археалагічны, гісторыі краю дасав. перыяду, сав. перыяду, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны, мастацкі. Сярод экспанатаў стараж. кераміка, прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні з археал. помнікаў Горацкага і суседніх раёнаў, карта сял. хваляванняў 1655, матэрыялы пра Горацкі маёнтак, Горы-Горацкія земляробчую школу і інстытут. Шматлікія крыніцы і ўспаміны расказваюць пра падзеі ў Горках у час паўстання 1863—64, пра старшыню першага рэўкома на Чукотцы М.​С.​Мандрыкава, лёсы землякоў, якія ў час калектывізацыі былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. У экспазіцыі, прысвечанай Вял. Айч. вайне, матэрыялы пра дзейнасць Горацкага патрыятычнага падполля, воінаў-землякоў — Герояў Сав. Саюза, пра баявыя дзеянні на тэр. раёна польск. дывізіі імя Т.​Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя—Нёман» і інш. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, адзенне 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства і інш. рамёстваў. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя твораў землякоў-жывапісцаў. Філіялы музея працуюць у вёсках Аўсянка, Копцеўка, Леніна і Маслякі.

У.​М.​Ліўшыц.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз. пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.

На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.​Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.​Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваны т. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛЕФЕЛЬД (Bielefeld),

горад на Пн Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1015. 324,7 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел (чыгунка і шаша каля праходу праз горны масіў Тэўтабургскі Лес). Маш.-буд. (у т. л. с.-г. і тэкст.), тэкст. (ільняная), швейная (у т. л. выраб бялізны), харч., хім.-фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. мастацкі, этнагр., ігральных картаў). Арх. помнікі 13—16 ст.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЕ́СЯ»,

штомесячны грамадска-публіцыстычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын і сям’і. Выходзіць з ліст. 1924 у Мінску на бел. мове. Спачатку называўся «Беларуская работніца і сялянка», у 1931—41 «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 «Работніца і сялянка», з 1995 сучасная назва. Асвятляе пытанні жыцця, працы, грамадскай дзейнасці жанчын Беларусі, папулярызуе пед. і юрыд. веды, дае парады, расказвае пра жыццё блізкага і далёкага замежжа.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.​Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.​Танка, Ф.​Грышкевіча, вытрымкі з прац К.​Маркса, Г.​В.​Пляханава, П.​А.​Гольбаха, Э.​Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з 1960 у Нью-Йорку — Саўт-Рыверы (ЗША) на бел. мове Бел. выдавецкім т-вам. Рэдактар М.​Кавыль. Адстойвае ідэі незалежнасці Беларусі, інфармуе пра найважнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне, пра жыццё бел. эміграцыі. Друкуе ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы пісьменнікаў Беларусі і бел. замежжа, у т. л. Я.​Золака, М.​Кавыля, Л.​Случаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.

Л.​І.​Пранчак.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЭБАРГ, Ётэбарг (Göteborg),

горад на ПдЗ Швецыі, пры ўпадзенні р. Гёта-Эльв у прал. Катэгат. Адм. ц. лена Гётэбарг-Бохус. Засн. ў пач. 17 ст. 437,6 тыс. ж. (1993). Буйнейшы порт краіны. Вузел 5 чыгунак. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля Стакгольма эканам. цэнтр краіны. Цэнтр суднабудавання, аўтамаб. прам-сці (канцэрн «Вольва») і вытв-сці падшыпнікаў. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць. Ун-т. Марскі, мастацкі і інш. музеі. Сабор (1802—15).

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІКЛЕ́ІВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 27.11.1957, в. Задабрычча Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1996). Скончыў БДУ (1980), з 1983 выкладае ў ім. Даследаванні ў галіне тэорыі, філасофіі і лагічнага аналізу мовы, граматыкі, семантыкі, беларусістыкі, паланістыкі, русістыкі. Аўтар манаграфіі «Мова і логіка. Лінгвістычныя праблемы квантыфікацыі» (1998; на ням. мове), артыкулаў «Квантарныя займеннікі і тэкст» (1989), «Мастацкі тэкст і тэорыя магчымых сусветаў» (1992) і інш.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.​П.​Федаровіча, калекцый А.​Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.​Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).

В.​І.​Акуневіч.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял. Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс. экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.​Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп. патрыят. арг-цый у Вял. Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.​Багдановіча, Дом рамёстваў.

В.​М.​Царук.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)