МЕНЬЕ́РА ХВАРО́БА,

хвароба ўнутранага вуха, якая праяўляецца прыступамі галавакружэння і шуму ў вуху, зніжэннем слыху. Апісана франц. урачом П.​Меньерам (1861). Найчасцей пашкоджваецца адно вуха, слых не аднаўляецца. Прыступы суправаджаюцца моташнасцю, ірвотай, парушэннем раўнавагі, зніжэннем артэрыяльнага ціску і т-ры цела. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт. і хірургічнае.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯПА́ТЫЯ (ад мія... + грэч. pathos пакута, хвароба),

група спадчынных хвароб мышцаў, праявамі якіх з’яўляюцца атрафія, мышачная слабасць, зніжэнне мышачнага тонусу, сухажыльных рэфлексаў (да адсутнасці). У аснове развіцця — парушэнне абмену ў мышачных клетках, змены сінтэзу нуклеінавых к-т і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае, лячэбная фіз. культура, масаж, фізіятэрапія.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,

гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯАДЭНІ́Т (ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),

запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПО́МА, ліпабластома, тлушчавік,

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з тлушчавай тканкі. Бывае адзіночная і множная, сустракаецца ў паверхневых мяккіх тканках і ўнутр. органах, найчасцей у падскурнай і забрушыннай тлушчавай клятчатцы. Адрозніваюць вузлавую і дыфузную формы. Можа дасягаць да 10 см і больш у дыяметры. Лячэнне хірургічнае.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМБА́ГА (ад лац. lumbus паясніца),

прастрэл, болевы сіндром (моцны боль, скарачэнне мышцаў, скрыўленне пазваночніка) у паяснічнай вобласці спіны ад раздражненняў нерв. канцоў у звязках пазваночніка. Узнікненню Л. садзейнічаюць траўмы, фіз. перанапружанне, інфекцыі і інш. Найчасцей бывае ў мужчын старэй за 30 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, пры рэцыдывах — курортнае.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІКУЛІ́Т (ад лац. panniculus кавалачак тканкі, акравак + ...іт),

цэлюліт, запаленне падскурнай тлушчавай клятчаткі. Бывае на месцах ін’екцый масленых раствораў і траўмаў, выклікаецца інфекц. хваробамі (напр., брушны тыф), інтаксікацыямі і інш. фактарамі. Пры П. ў падскурнай тлушчавай клятчатцы развіваюцца вузлы, адбываецца атрафія тлушчавай тканкі ў зоне вузла. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКСІ́Т,

пашкоджанне нервовага спляцення, утворанага пярэднімі галінамі спіннамазгавых нерваў. Адрозніваюць П. шыйны, плечавы і паяснічна-крыжавы. Прычыны ўзнікнення: траўмы (у т. л. родавая), пухліны, запаленчыя працэсы пазваночніка, суставаў і інш. Зрэдку бывае пры інфекц. хваробах (напр., ангіне, грыпе). Характарызуецца адчувальнымі, рухальнымі і трафічнымі расстройствамі. Лячэнне комплекснае, пры неабходнасці хірургічнае.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯКО́ТКА,

адчуванне пякучага болю ў страваводзе. Звязана з закідваннем кіслага змесціва страўніка ў стрававод, таксама з парушэннем маторыкі стрававода, страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Бывае пры гастрыце, халецыстыце, язвавай і жоўцекамянёвай хваробах, пасля аперацый на страўніку, пры цяжарнасці, таксама ўзнікае пры непераноснасці некат. харч. прадуктаў. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

т. 13, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНХАЦЭРКО́ЗЫ,

гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.

Да арт. Анхацэркозы: 1 — фрагмент цела анхацэркі; 2 — інвазійная лічынка.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)