асадкавыя горныя пароды, складзеныя з лёгкарастваральных каліевых і каліева-магніевых мінералаў: сільвіну, карналіту, палігаліту і інш. Па марфалогіі саляных пакладаў вылучаюць: пластавыя, лінза-, купала-, штока- і гнездападобныя радовішчы. Колькасць аксіду калію K2O у прамысл. пакладах 12—30%. К.с. — асн. сыравіна, з якой атрымліваюць калійныя ўгнаенні, метал. калій і яго злучэнні. Найб. радовішчы ў Канадзе, Германіі, Расіі, Казахстане, ЗША. На Беларусі К.с. звязаны з саляноснай тоўшчай верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну. Прамысл. запасы (1996) ацэньваюцца ў 6484,9 млн.т сырых солей (1128,7 млн.т аксіду калію) і сканцэнтраваны на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах. Старобінскае радовішча распрацоўвае (запасы каля 800 млн.т аксіду калію) ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЧУ́Н (Юрый Аляксандравіч) (27.12.1931, Мінск — 11.6.1997),
бел. графік, мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маск. паліграф.ін-т (1965). Працаваў гал. мастаком выд-ва «Ураджай» (1964—69), нач. аддзела ў Мін-ве культуры Беларусі (1972—75). З 1977 дырэктар Нац.маст. музея Беларусі. Работы ў станковай («Хвоі», 1965; «Ружовая сядзіба», 1969; «Жнівень», 1980; «Сакавік», 1982, і інш.) і кніжнай графіцы, паліграф. дызайне. Аўтар-складальнік альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,
верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Я.Купалы і інш.
Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)
У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНЫХ І ХРАНІКА́ЛЬНА-ДАКУМЕНТА́ЛЬНЫХ ФІ́ЛЬМАЎ.
Існавала ў 1961—68 у Мінску. Створана на базе сектара кінаперыёдыкі і дакумент. фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з якой аб’ядналася і існавала як яе вытворча-творчае аб’яднанне «Летапіс». Выпускала кінаперыёдыку, дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы. Рэгулярна выходзілі кіначасопісы «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Спартыўны агляд», «Мастацтва Беларусі», асобныя выпускі кіначасопісаў «Навука і тэхніка БССР» і «Сельская гаспадарка Беларусі». Сярод лепшых фільмаў: «Янка Купала» і «Якуб Колас» (1962), «Горад становіцца святлейшым» (1963), «Есць такая зямля» (1964), «Веснавыя галасы» (1965), «Шчырая размова» (1966), «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967), «Першыя ноты» (1968) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫ ЛЕДАВІ́К.
мацерыковы лёд, наземны ледавік у выглядзе суцэльнага ледзянога шчыта (купала). Дасягае магутнасці некалькіх кіламетраў (больш за 4 км у Антарктыдзе) і плошчай у мільёны квадратных кіламетраў. Утвараецца там, дзе снегавая лінія апускаецца да ўзроўню нізін. Напрамак руху і шчытападобная пукатая форма П.л. не залежаць ад характару рэльефу дна. Вобласць жыўлення размешчана ў цэнтр., найб. узвышанай частцы, адкуль лёд расцякаецца да краёў. Расход лёду ажыццяўляецца пераважна за кошт яго сцёку ў шэльфавыя ледавікі і адколвання айсбергаў. П.л. займаюць пл. 14,4. млн.км², з іх 85,3% прыпадае на Антарктыду, 12,1% на Грэнландыю, 2,6% на ледавікі Канадскага Арктычнага архіпелага, Ісландыі, Шпіцбергена і інш. астравоў Арктычнага басейна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,
рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.Купала. «А зязюлька кукавала...»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЛІТАРАТУ́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ І ФЛО́ТУ (БелЛАЧАФ). Існавала з 3.10.1930 да мая 1932. Створана ў складзе ўсесаюзнага Літ. аб’яднання Чырв. Арміі і Флоту. Чл.: А.Александровіч, П.Галавач, А.Звонак, В.Каваль, Я.Колас, Я.Купала, М.Лынькоў, М.Чарот, І.Шапавалаў і інш. Мела секцыі пры вайск. часцях, стварала літ. гурткі, наладжвала літ. вечары. Ставіла задачу выяўляць літ. сілы з радоў арміі, распрацоўваць ваенна-абаронную тэматыку. Выдала альманах «БелЛАЧАФ» (1931). У адпаведнасці з пастановай ЦККП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932) пераўтворана ў камісію абароннай маст. л-ры пры аргкамітэце Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, якая з вер. 1932 выдавала час. «Напагатове».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
літаратурна-мастацкі і навук.-ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў вер. 1920 — студз. 1922 у Мінску на бел. мове. Працягваў традыцыі час.«Рунь». Адлюстроўваў стан бел. грамадскай думкі і маст. л-ры пач. 1920-х г. Друкаваў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, З.Бядулі, М.Чарота, Я.Журбы, Ц.Гартнага і інш. З літ. спадчыны апублікаваў творы А.Гаруна і К.Каганца. Надрукаваў шэраг крытычных, літ.- і мастацтвазнаўчых артыкулаў Я.Лёсіка, М.Піятуховіча, Г.Гарэцкага, Я.Карскага, Бядулі, А.Раманоўскага і інш. Змяшчаў фотарэпрадукцыі краязнаўчага і культ.-гіст. характару. У рэдагаванні часопіса удзельнічаў Я.Купала. Маст. афармленне першых нумароў Я.Драздовіча. Выйшла 9 нумароў, апошні ў каляровай вокладцы (мастак невядомы).