ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА, верш,
асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХО́Д,
абрадавы звычай абыходзіць кожны двор у час каляндарных святаў з віншавальна-велічальнымі, заклінальнымі песнямі і музыкай, добрымі пажаданнямі. Важны элемент у комплексе асн. каляндарных абрадаў усх. славян і інш. народаў (сербаў, румынаў). Найб. яркія абходы — валачобныя (мужчынскія групы) і калядныя (змешаныя; гл. Валачобнікі, Калядаванне). Удзельніцамі бел. і ўкр. куставага абходу (гл. Куст) былі выключна дзяўчаты або жанчыны. Магічнае дзеянне абходу накіравана на засцярогу ад варожых сіл, спрыянне дабрабыту і паспяховае вырашэнне сямейных клопатаў.
т. 1, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖАЛО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 2.7.1934, Баку),
бел. педагог: Д-р пед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Азерб. ін-т фіз. культуры (1957). З 1962 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, з 1995 — прарэктар. Даследуе праблемы тэорыі і методыкі фіз. выхавання, спарт. трэніроўкі, масавай фіз. культуры. Аўтар прац «Фізічная падрыхтоўка школьніка» (1980), «Сёння і кожны дзень» (1983), «Фізічнае выхаванне ў школе» (1988, з Я.М.Ворсіным), «Стадыён у двары» (1991) і інш.
т. 5, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ (у бел. муз. фальклоры),
устойлівы ансамбль з некалькіх творча раўнапраўных спевакоў. Кожны з іх выконвае ў ансамблі пэўную функцыю, якая асэнсоўваецца як асаблівае майстэрства і замацоўваецца ў спец. тэрміналогіі: запявала «заводзіць» песню, тыя, што вядуць асн. напеў ніжняга голасу, — «басуюць», а выканаўца верхняга сольнага голасу «падводкі» «падымае» песню. Пашыраны пераважна ў паўд. раёнах Беларусі.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971. С. 19—28.
З.Я.Мажэйка.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Рухаецца на Пд з м. Бафіна да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі, дзе сустракаецца з цёплым цячэннем Гальфстрым і апускаецца на прамежкавыя глыбіні. Т-ра вады зімой ад 5 °C да -1 °C, летам 2—10 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход мяняецца кожны год ад 3,4 млн. м³/с да 5,4 млн. м³/с. Нясе шматлікія льды і айсбергі, што перашкаджае суднаходству.
т. 9, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.
В.К.Шчэрбін.
т. 3, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́ННЕ, нумарацыя,
сукупнасць прыёмаў абазначэння (запісу) і назвы натуральных лікаў. Сістэмы Л. бываюць пазіцыйныя (найб. пашыраны) і непазіцыйныя. У большасці сістэм Л. лікі абазначаюцца паслядоўнасцю лічбаў.
Найб. дасканалыя пазіцыйныя сістэмы Л. грунтуюцца на прынцыпе, паводле якога адзін і той жа лікавы знак (лічба) мае розныя значэнні ў залежнасці ад месца, дзе ён знаходзіцца. Пэўны лік n адзінак (аснова сістэмы Л.) утвараюць адзінку 2-га разраду, n адзінак 2-га разраду — адзінку 3-га разраду і г.д. Асновай такіх сістэм можа быць любы лік, большы за 1, напр., 2 (двайковая сістэма лічэння), 5, 10 (дзесятковая сістэма лічэння), 12, 20, 40, 60. Першая такая сістэма (шасцідзесятковая вавілонская) узнікла каля 4 тыс. гадоў назад і выкарыстоўваецца пры вымярэнні і запісе вуглоў і часу. Існуюць простыя правілы пераводу лікаў з адной сістэмы Л. ў другую. У непазіцыйных сістэмах Л., якія выкарыстоўваюцца ў мадулярнай арыфметыцы, кожны лічбавы знак мае пастаяннае значэнне незалежна ад свайго месцазнаходжання ў запісе любога ліку. Напр., кожны цэлы лік ад 0 да 104 адназначна выяўляецца сваімі астачамі ад дзялення на 3, 5 і 7. Пры складанні, адыманні і множанні лікаў дастаткова аперыраваць толькі гэтымі астачамі, што значна павялічвае хуткасць вылічэнняў.
В.І.Бернік.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)