ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),
ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн.г. і завяршыўся 0,1 млн.г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),
навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.
Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст.англ. вучоныя Э.Галей, Дж.Хэдлі і рас. вучоны М.В.Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.І.Ваейкаў, ням. А.Тумбальт, У.П.Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.А.Камінскага, Я.С.Рубінштэйн, Л.С.Берга, амер. Г.Ландсберга, Д.Мілера, аўстр. Ф.Штайнгаўзера і інш.
На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.І.Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.В.Валабуевай, М.А.Гольберга, А.І.Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.Х.Шкляра (БДУ), М.А.Гольчанкі (БСГА), М.І.Касцюкевіча (Бел.тэхнал.ун-т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-растудз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЙГАРАДАЎ (Аляксей Іванавіч) (14.11.1881, г. Ноўгарад, Расія — 27.9.1951),
бел. кліматолаг і геафізік. Акад.АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1936), д-рфіз.-матэм.н. (1934), праф. (1949). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1908). З 1919 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1930—39 дырэктар Бел.геафіз. абсерваторыі, адначасова (1932—38) у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1940 у Маскве. Навук. працы па с.-г. метэаралогіі, даследаванні клімату і мікраклімату. Распрацаваў рэкамендацыі па тэрмінах сяўбы і інш.с.-г. работ для Беларусі, зрабіў класіфікацыю кліматаў зямнога шара.
Літ.:
Максимов С.А. А.И.Кайгородов // Метеорология и гидрология. 1951. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМФО́РТНАСЦЬ ЛАНДША́ФТУ,
умоўна-ацэначная мера эколага-біял. і сацыяльна-псіхал. спрыяльнасці ландшафту для жыццядзейнасці людзей. Вызначаецца ступенню адпаведнасці ландшафту патрэбнасцям чалавека ў паўнацэнным адпачынку, набыцці псіхаэмацыянальнай і функцыян. раўнавагі. Аб’ектыўную аснову Кл. складаюць рэальныя фактары прафілакт., аднаўленчага, лячэбнага, эстэт. і інш. ўплыву навакольнага прыроднага асяроддзя на чалавека, абумоўленыя непарыўнай сувяззю паміж імі. Чалавек успрымае Кл. суб’ектыўна. Дастасаванасць ландшафтаў да вырашэння аздараўленчых мэт, іх адпаведнасць аб’ектыўным фактарам улічваецца пры вылучэнні і размяшчэнні зон адпачынку, курортаў. Разнастайныя маляўнічыя ландшафты, лясныя біягеацэнозы Беларусі, асабліва мала змененыя гасп. дзейнасцю, у спалучэнні з асаблівасцямі мясц.клімату вызначаюцца высокай ступенню камфортнасці і каштоўнасці для ландшафтатэрапіі і аздараўленча-прафілакт. работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ ВОД,
1) агульная канцэнтрацыя мінер. рэчываў (солей) у прыродных водах. Выражаецца ў грамах на літр або ў праміле (%₀). Залежыць ад геахім. і геафіз. асаблівасцей тэр. вадазбору, літалагічнага складу ваданосных пластоў, кліматычных умоў і антрапагенных фактараў. З павелічэннем сухасці клімату павышаюцца М.в. і ўдзельная колькасць натрыю, сульфатаў і хларыдаў, памяншаецца ўдзельная колькасць кальцыю і карбанатаў. Паводле М.в. адрозніваюць воды прэсныя (да 1 г/л) і мінералізаваныя (больш за 1 г/л). Гл. таксама Мінеральныя воды.
2) Перавышэнне звычайнай канцэнтрацыі солей у прыродных водах пад уплывам прыродных або антрапагенных прычын (засаленне вод); від хімічнага забруджвання вод (пераважна паверхневых). Як і засаленне глебы, прычыняе гасп. і экалагічную шкоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],
хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.
На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАВЫ́Я ВО́ДЫ,
безнапорныя або слабанапорныя падземныя воды. Звычайна размяшчаюцца ў першым ад паверхні пастаянна існуючым ваданосным гарызонце, які падсцілаецца воданепранікальным слоем. Глыб. залягання, хім. састаў і рэжым залежаць ад геал. будовы, рэльефу, клімату, глебавага і расліннага покрыва мясцовасці. Асн. крыніца жыўлення грунтавых вод — атм. ападкі, а таксама падток падземных вод з напорных ваданосных гарызонтаў у далінах рэк. У лясных, лесастэпавых і стэпавых раёнах пашыраны прэсныя або слабамінералізаваныя, у сухіх стэпах, паўпустынях і пустынях пераважаюць салёныя грунтавыя воды. На Беларусі сярэдняя глыб. залягання грунтавых вод 10—15 м, у паніжэннях (поймы рэк, балоты) да 0,5 м, нярэдка яны змыкаюцца з паверхневымі водамі. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння, у с.-г. вытв-сці, буд-ве і інш.