сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АГРА́РНЫ ТЭХНІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1954 у Мінску як Бел.ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі на базе аддз. механізацыі сельскай гаспадаркі Бел.політэхн. ін-та. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: агульнай агр. і тэхн. падрыхтоўкі; механізацыі сельскай гаспадаркі; электрыфікацыі і аўтаматызацыі сельскай гаспадаркі; гуманітарызацыі; павышэння кваліфікацыі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі; курсы паглыбленага вывучэння замежных моў. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1957, дактарантура з 1992. Пры ун-це 22 н.-д. і 15 вучэбна-навук.-даследчых лабараторый, 2 камп’ютэрныя класы, аддзел размнажальнай тэхнікі, экалагічны цэнтр, цэнтр зберажэння энергарэсурсаў у с.-г. вытв-сці; музей гісторыі ун-та і музей прыроды, фауны і экалогіі.
Будынак Беларускага аграрнага тэхнічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА ПАВІТУ́Х,
спецыяльная мед.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі павітух у 1865—1917 у Магілёве. Падпарадкоўвалася Мін-ву ўнутр. спраў. У 1875 набыла статус цэнтральнай для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. Тэрмін навучання 3—4 гады. Існавалі 2 падрыхтоўчыя і 2 спец.класы. Выкладаліся: Закон Божы, рус. і лац. мовы, арыфметыка, фізіка, анатомія і фізіялогія, малая хірургія, агульная паталогія, фармакалогія і рэцэптура, акушэрства, гінекалогія, гігіена. Прымаліся асобы жаночага полу ад 18 да 25 гадоў, пераважна сял. паходжання, якія падзяляліся на пансіянерак і вольных слухачак. Выпускніцы-пансіянеркі павінны былі адпрацаваць па 1,5 года за кожны год навучання ў якасці сельскіх павітух у губерні, якая іх утрымлівала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў вер. 1907. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі. Выкладаліся рус., польск., ням. і франц. мовы, геагр., прыродазнаўства, гісторыя, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з ун-таў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш. Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навуч.г. мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1915 у сувязі з ваен. дзеяннямі пераведзена ў г. Калуга. У 1917 ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЛА́ДНАСЦЬ,
ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.
Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл.Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ЦЫНСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя навуч. ўстанова бел.нац. меншасці ў Латвіі. Існавала ў 1922—25 у г. Люцын (цяпер г. Лудза). Засн. 1.9.1922 як прыватная гімназія бел.культ.-асв.т-ва«Бацькаўшчына». Мела 4 класы (80—85 вучняў). Са жн. 1923 на ўтрыманні Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі. Дырэктарамі гімназіі ў розны час былі Г.С.Плыгаўка, К.Б.Езавітаў, У.В.Пігулеўскі і інш. У гімназію набіралі вучняў з 30 навакольных пач.бел. школ. Навучэнцы выдавалі літ.час. «Ластаўка», удзельнічалі ў драм. гуртку, збіралі і запісвалі бел. фальклор. Закрыта 12.8.1925 уладамі Латвіі. Частка вучняў вярнулася дадому, некаторыя паступілі ў рас. школы, 34 вучні працягвалі вучобу ў Дзвінскай дзярж.бел. гімназіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел.нац.к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНА́ЦЫЯ (ад лац. nominatio найменне),
утварэнне моўных адзінак, якія рэпрэзентуюць у семантыцы мовы і свядомасці чалавека класы прадметаў, уласцівасцей, дзеянняў, адносін, што маюць месца ў рэчаіснасці; складаны працэс узаемадзеяння мыслення, мовы і рэчаіснасці, у якім адлюстроўваюцца пазнанне свету чалавекам і назапашванне ім інфармацыі ў выглядзе моўных знакаў. Гэтым тэрмінам абазначаюць і вынік працэсу Н. — значымую моўную адзінку. Існуюць Н. першасныя («рука», «белы», «піць») і другасныя («выручыць», «бялюткі», «пітво»). Сярод другасных Н. паводле спосабу называння адрозніваюцца сінтэтычна-словаўтваральныя («рэзаць—рэзчык»), аналітычна-словаспалучальныя («рэзаць» — «той, хто рэжа»), фразеалагічныя («біць бібікі» — гультайнічаць) і метафарычныя («чорная дзірка» — зорка пэўнага фізічнага тыпу). Апошнім часам да Н. адносяць і сказ як найменне (знак) пазамоўнай сітуацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТО́РНА (ням. Waldhorn літар. лясны рог),
медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар.інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец.муз. установах.