момант часу, калі цэнтр Сонца пры бачным руху па нябеснай сферы праходзіць праз самы паўн. пункт (схіленне +23°27) ці праз самы паўд. пункт (схіленне -23°27′) экліптыкі. Адпаведна такія пункты наз. пунктамі летняга (21 ці 22 чэрвеня) і зімовага (21 ці 22 снежня) С.
Паблізу пунктаў С. Сонца рухаецца па экліптыцы амаль паралельна экватару і як бы стаіць некалькі дзён на адной вышыні (адсюль назва). У перыяд летняга С. ва ўсіх пунктах Паўн. паўшар’я Зямлі дзень самы доўгі, а ноч самая кароткая, у перыяд зімовага С. — наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЖ (Spinus, або Carduelis, spinus),
птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Жыве пераважна ў мяшаных драбналіста-яловых лясах.
Даўж. да 13 см, маса да 14 г. Апярэнне самца зеленавата-жоўтае з цёмнымі стракацінамі, на галаве чорная «шапачка» і чорная пляма пад дзюбай. Крылы і хвост чорныя з жоўтымі палоскамі. Брушка белае. Самка шэра-зялёная са стракацінамі. Дзюба канічная, кароткая. Нясе 3—6 яец. Корміцца насеннем елкі, бярозы, вольхі, дзікіх траў, дробнымі насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫХУА́ХУА,
парода дэкаратыўна-пакаёвых сабак. Выведзена ў старажытнасці ў Мексіцы, у мясцовасці Чыўаўа (Chihuahua, адсюль назва). Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.
Канстытуцыя далікатная. Выш. ў карку 17—22 см. Маса 0,9—2,7 кг. Тулава падоўжанае, галава круглая з вострай мордай, вочы пукатыя. Вушы адносна вял., стаячыя або абвіслыя. Масць рыжая розных адценняў, карычневая, белая, чорная і інш. Бываюць даўгашэрсныя (шэрсць доўгая, хвалістая, на вушах махры, на шыі каўнер, на нагах пачассе) і караткашэрсныя (шэрсць кароткая, густая, бліскучая). Патрабавальныя да ўмоў кармлення і ўтрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІСЕ́ВІЧ Стафан (1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),
бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).
Літ.:
Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙБА́К, стэпавы сурок (Marmota bobak),
млекакормячае сям. вавёркавых. Пашыраны ў стэпавай і лесастэпавай паласе Усх. Еўропы і Азіі.
Даўж. цела да 60 см, хваста да 15, маса да 6,5 кг. Поўсць кароткая, мяккая, пясочна-жоўтая са слабымі цёмнымі плямкамі. Лапы кароткія з моцнымі кіпцюрамі. Жыве сем’ямі ў глыбокіх норах, утварае калоніі. Тыповы дзённы грызун, найб. актыўны раніцай і вечарам. На зіму ўпадае ў спячку (да 6 месяцаў), назапасіўшы тлушчу (да 30% ад масы). Нараджае 4—5 дзіцянят. Корміцца дзікай травяністай расліннасцю. Аб’ект промыслу (выкарыстоўваюць шкурку, мяса, тлушч). Ворыва цаліны і паляванне значна зменшылі яго колькасць. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДАкоз.
Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.
Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЙКІ́ (Charadrius),
род птушак сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. 23 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць З. жыве паблізу вадаёмаў, некаторыя — у пустынях і камяністых стэпах. Найб. вядомыя З.: гальштучнік, або зуёк вялікі; малы (Ch. dubius); мангольскі (Ch. mongolus); марскі (Ch. alexandrinus); таўстадзюбы (Ch. leschenaultii). На Беларусі 2 віды З.: гальштучнік, занесены ў Чырв. кнігу, і малы.
Даўж. цела 15—25 см, маса 30—90 г. Галава вял., дзюба прамая, кароткая, слабая, ногі тонкія, крылы доўгія. Верх цела шаравата-пясочны, брушка белае. Гняздо — невял. ямка ў пяску. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і інш. беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл. таксама Біса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ШЧА,
старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.
Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.