ПАЛ (PAL; Phase Alternatíon Line радок з пераменнай фазай),
адна з найб. пашыраных сістэм каляровага тэлебачання. Распрацавана ў Германіі (1963). Адрозніваецца ад сістэмы НТСЦ зменай фазы паднясучай у кожным наступным радку «чырвонага» канала на 180°. Мае зменшаную (у параўнанні з НТСЦ) адчувальнасць да дыферэнцыяльных (фазавых і амплітудных) скажэнняў. Прынята ў 93 краінах Зах. Еўропы, Азіі і Афрыкі і мае 6 версій (1990). Гл. таксама СЕКАМ.
т. 11, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІРАБА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі позняй бронзы (9—8 ст. да н.э.), што жылі на тэр. Стараж. Харэзма (нізоўе р. Амудар’я). Назва ад стаянак у раёне канала Амірабад (Каракалпакія). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыло на паселішчах з 15—20 прамавугольных паўзямлянак. Для іх керамікі характэрна плоскае дно і акруглая форма тулава. На паселішчы Яке-Парсан-2 знойдзены бронзавыя наканечнікі стрэл, сярпы і формы для іх адліўкі.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1954.
Падпісана 19 кастр. ў Каіры. Прадугледжвала вывад англ. войскаў з зоны Суэцкага канала на працягу 20 месяцаў, давала Англіі права 7 гадоў карыстацца Суэцкай базай. Да чэрв. 1956 эвакуацыя англ. войскаў завершана. У сувязі з удзелам Англіі ў кастр.—ліст. 1956 (разам з Францыяй і Ізраілем) у нападзенні на Егіпет яго ўрад 1.1.1957 ануляваў пагадненне, пазбавіўшы тым самым Англію ваен.-стратэг. пазіцый у Егіпце.
т. 1, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛУТА́,
вадасховішча ў Беларусі, у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. За 26 км на Пн ад г. Лунінец, за 3 км на ПнЗ ад в. Велута. Створана ў 1976. Пл. 7,6 км², даўж. 3,4 км, шыр. 2,8 км, сярэдняя глыб. 3,4 м. Аб’ём вады 31 млн. м³. Берагі спадзістыя, пясчаныя, параслі хмызняком. Наліўное, напаўняецца са Стрыжэўскага канала і р. Цна пры дапамозе помпавай станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 4, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ЦЫЯ,
герметызацыя канала ствала пры выстрале для прадухілення прарыву парахавых газаў. Забяспечвае дальнабойнасць і бяспечнасць стральбы. У зброі з патронным зараджаннем абтурацыя дасягаецца выкарыстаннем латуннай гільзы, якая расшыраецца пры выстрале і забяспечвае герметызацыю ствала з боку затвора. У артыл. гарматах з бязгільзавым зараджаннем абтурацыя ажыццяўляецца з дапамогай абтуратара. Прарыву газаў у бок руху снарада перашкаджаюць вядучыя паяскі снарадаў і абалонкі куль, у мінамётах — канаўкі на цыліндрычнай частцы міны.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ БОЙ 1942.
Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.В.Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.
т. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДНЕРЭЛЁЗ,
бактэрыяльны вагіноз, бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 2-і, Бобрыч,
рака ў Беларусі, у Петрыкаўскім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Прыпяці. Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 710 км². Пачаткам ракі лічыцца вусце Азёрнага канала за 2 км на ПнУ ад в. Капцэвічы Петрыкаўскага р-на. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: каналы Міхедава-Грабаўскі (злева) і Азёрны (справа).
Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй пераважна трапецападобная. Пойма невыразная (асушанае балота). Рэчышча каналізаванае на працягу 40,7 км.
т. 3, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км2. Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.
т. 10, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ДЧА,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.
т. 6, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)