Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДАкозаў,
старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.
Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́
(Lascaux),
палеалітычная пячора каля г. Мантыньяк на Пд Францыі (дэпартамент Дардонь). Адкрыта ў 1940. На сценах Л. выяўлены нанесеныя гравіроўкай, манахромнай і паліхромнай размалёўкай выявы дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, горных казлоў, бізонаў і інш. Унікальная выява мужчыны з галавой птушкі, які ляжаў перад забітым ім бізонам. Размалёўкі датуюцца каля 15-га тыс. да н.э.