МАЛІ́НІЯ (Molinia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.

Малінія блакітная.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТЫ́ЛІУМ (Ptilium),

род брыевых імхоў сям. гіпнавых. 1 від. Пашыраны ў хваёвых лясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі П. грабеньчаты (P. crista-castrensis) трапляецца на глебе, гнілой драўніне.

Двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі рыхлыя, жаўтавата- або светла-зялёныя, бліскучыя, маюць парасткі ў выглядзе страусавага пяра. Сцёблы 5—20 см, ляжачыя або ўзыходныя. Сцябловае лісце серпападобна выгнутае, ланцэтнае, звужанае ў шылападобную верхавінку. Каробачка нахіленая або гарызантальная на чырванаватай ножцы. Каўпачок клабукападобны.

Птыліум грабеньчаты.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́МІЦА АСЕ́ННЯЯ,

сорт грушы Краснакуцкай доследнай станцыі садаводства (Украіна). Выведзены скрыжаваннем сартоў Любіміца Клапа і Дэканка зімовая. На Беларусі перспектыўная для вырошчвання ў аматарскім садаводстве ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай і Магілёўскай.

Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Пладаносіць на 6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць сярэдняя. Плады 90—100 г, жаўтавата-зялёныя, з паласатым румянцам на сонечным баку. Мякаць шчыльная, белая, сакавітая, масляністая, віннасалодкага смаку. Захоўваецца да снежня.

М.​Р.​Мялік.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́БРЫУМ (Leucobryum),

род лістасцябловых імхоў сям. ляўкобрыевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных абласцях Усх. паўшар’я. На Беларусі ў сырых хвойных і мяшаных лясах трапляецца Л. шызы (L. glaucum). Садзейнічае забалочванню глебы. Гумусаўтваральнік.

Л. шызы ўтварае шчыльныя, падушкападобныя дзярнінкі выш. да 20 см, у верхняй ч. шыза- або белавата-зялёныя. Сцёблы прамастойныя, вілавата-разгалінаваныя, густааблісцелыя. Лісце з яйцападобнай асновы звужана ў трубчастую верхавінку. Каробачка са спорамі падоўжаная, на ножцы. Ва ўмовах Беларусі размнажаецца вегетатыўна.

Ляўкобрыум шызы.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЛА (Porella),

род пячоначных імхоў сям. парэлавых. Каля 180 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 1 від — П. пласкалістая (P. platyphylla) — занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў цяністых лясах, старых парках і аблесеных ярах на ствалах, на выступаючых з зямлі каранях шыракалістых дрэў.

П. пласкалістая — двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі плоскія, буравата-зялёныя. Сцябло даўж. 3—8 см, жорсткае, двойчы і тройчы перыстаразгалінаванае. Лісце густое, чарапічнае, двухлопасцевае. Каробачка шарападобная, на кароткай ножцы.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Парэла пласкалістая.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТНІК, амарант (Amaranthus),

род пераважна аднагадовых травяністых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 8 заносных і 1 інтрадукаваны від — аксамітнік трохкаляровы (A. tricolor), радзіма — трапічная Азія. Найб. вядомыя аксамітнік сіняваты (A. lividus, нар. назвы зяльборнік), аксамітнік адкінуты (A. retroflexus, нар. назва падбурачнік), аксамітнік жміндападобны (A. blitoides). Многія аксамітнікі — дэкар. расліны. Растуць таксама як пустазелле.

Выш. 10—150 см. Лісце чаргаванае. Кветкі зялёныя або пурпурова-чырвоныя. Плод — каробачка. Насенне дробнае, бліскучае.

Аксамітнік адкінуты.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),

мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.

Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.

Біруза.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛІ́ЦА (Berteroa),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 8 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна трапляецца гарліца шэрая (B. incana). Расце на палях, сухіх лугах, пустках, узгорках, каля дарог, на сметніках і пясчаных мясцінах.

Адна-, двух- і шматгадовыя шаравата-зялёныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у галоўчатых гронках. Плод — авальны стручок; насенне пляскатае, акаймаванае. Лек. (мачагонны, патагонны, вяжучы, заспакаяльны і ранагаючы сродак) і меданосныя расліны; пустазелле.

Гарліца шэрая.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)