ЧАРАНО́К,

частка расліны, якая выкарыстоўваецца пры вегетатыўным размнажэнні. Нарыхтоўваюць Ч. з высакаякасных мацярынскіх раслін. Адрозніваюць Ч. сцябловыя (зімовыя і зялёныя), лісцевыя і каранёвыя. Пры пэўных умовах вырошчвання на сцябловых Ч. утвараюцца карані, на каранёвых — пупышкі, на лісцевых — і пупышкі, і карані. Расліна, што ўтвараецца з Ч., захоўвае якасці і ўласцівасці мацярынскай расліны. Гл. таксама Чаранкаванне.

т. 17, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)