ІГНІТРО́Н [ад лац. ignis агонь + (элек)трон],

кіроўны ртутны вентыль з дапаможным пускавым электродам. Дапаможны электрод дазваляе кіраваць пачаткам запальвання асн. дугі і мяняць сярэдняе значэнне сілы току ад найб. да нуля. Выкарыстоўваецца ў магутных выпрамніках току прамысл. частаты, электрапрыводах, зварачных апаратах, цягавых падстанцыях і інш.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЦЫТО́З,

павышаная звыш нормы колькасць лейкацытаў у перыферычнай крыві. Назіраецца пры некат. інфекцыйных хваробах (інфекцыйны ці бактэрыяльны Л.), таксама ў час цяжарнасці, псіхаэмацыянальных узрушэнняў, пад уздзеяннем моцнага болю і інш. (неінфекцыйны ці стрэсавы Л.). Ацэнка колькасці лейкацытаў і лейкацытарная формула маюць важнае дыягнастычнае значэнне.

Я.​П.​Іваноў.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЫСК,

следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНЫ ЗДАБЫ́ТАК у матэматыцы,

здабытак неабмежаванага ліку сумножнікаў. Калі існуе не роўная 0 мяжа, да якой імкнуцца частковыя здабыткі пры неабмежаваным павелічэнні ліку сумножнікаў, то бесканечны здабытак наз. збежным і яго значэнне роўнае названай мяжы, ва ўсіх астатніх выпадках — разбежным. Упершыню бесканечны здабытак выяўлены пры вылічэнні ліку π.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ПРАХО́Д,

скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНА́Т (ад лац. dominatus панаванне),

неабмежаваная манархія, устаноўленая ў Стараж. Рыме замест прынцыпату ў часы імператара Дыяклетыяна [284—305]. Д. характарызаваўся ўзмацненнем абсалютнай улады імператара, якому надаваліся рысы бажаства. Сенат страціў самаст. паліт. значэнне. Пры двары быў уведзены цырыманіял на ўсх. ўзор (напр., знакі пашаны імператару аказваліся стоячы на каленях).

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,

прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС СІ́ЛЫ,

вектарная велічыня роўная здабытку сярэдняга значэння сілы на прамежак часу яе дзеяння; асн. характарыстыка мех. ўдару. І.с. роўны змене імпульсу цела Δp : < F > Δt = Δp , дзе <F> — сярэдняе значэнне сілы, Δt — прамежак часу дзеяння сілы. Адзінка І.с. у СІ — ньютан∙секунда (Нс).

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСЦЭНІРО́ЎКА (ад лац. in у, на + сцэна),

1) перапрацоўка апавядальнага (празаічнага ці паэтычнага) твора для сцэны, радыё, тэлебачання. Мае форму п’есы з лагічна пабудаваным дзеяннем. Можа мець самаст. маст. значэнне (напр., «Апантаныя» А.​Камю паводле Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы»).

2) Масавае відовішча, якое ўзнаўляе эпізоды гіст. падзей (гл. Масавае дзейства).

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)