ФРЫТРЭ́ДЭРСТВА, фрытрэйдэрства (англ. free trade свабодны гандаль),

эканамічная плынь у Вялікабрытаніі і ў шэрагу інш. краін у 19 ст. Прадстаўнікі Ф. выступалі за свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў гасп. жыццё. Ф. вядома таксама як Манчэстэрская школа, па назве горада, адкуль выйшлі буйнейшыя прадстаўнікі гэтай плыні — Р.​Кобдэн і Дж.​Брайт. Яны заснавалі ў 1833 Лігу барацьбы супраць хлебных законаў і вялі барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У эканам. тэорыі Ф. азначае паняцце свабоднага гандлю.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

1) газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 28.12.1908 (10.1.1909) да 23.4(6.5). 1909 у Гомелі на рус. мове. Друкавала матэрыялы пра гар. навуч. ўстановы, дзіцячыя прытулкі, садзейнічала дабрачыннай дзейнасці, публікавала нататкі пра тэатр. і муз. жыццё Гомеля, вершы, нарысы, карэспандэнцыі мясц. аўтараў, пераклады.

2) Грамадска-паліт. і літ. газета афіцыёзнага кірунку. Выдавалася з 26.2(11.3) да 25.5(7.6). 1914 у Гомелі на рус. мове. Друкавала гасп. справаздачы, агітавала за афіц. спіс кандыдатаў у гар. думу.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР-ТРАГАНТЭ́РЫЙ (Trogontherium cuvieri),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. бабровых атр. грызуноў. 5 відаў. Жылі ў Еўразіі ў канцы пліяцэну, раннім і сярэднім плейстацэне. Вядома 20 месцазнаходжанняў яго рэшткаў, у т. л. на Беларусі ў Баранавіцкім раёне ў адкладах ранняга плейстацэну.

Вонкава нагадваў сучаснага бабра, але амаль удвая большы за яго. Будова і пастаноўка разцоў сведчаць, што гэта рыючы грызун. Верагодна, жыццё яго не было цесна звязана з каляводнымі біятопамі, мог жыць і ў засушлівых раёнах. Рэшткі маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.

Бабёр-трагантэрый.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНАЎ Васіль Паўлавіч (н. 20.8.1932, Казань),

рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач. літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),

1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.

У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).

2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНЫ МУЗЕЙ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ (ЦМУС). Засн. ў Маскве 23.12.1919 як выстаўка-музей «Жыццё Чырвонай Арміі і Флоту». З 1924 — Цэнтр. ваен. музей. Сучаснае памяшканне пабудавана ў 1965. Ваен.-гіст. калекцыі складаюць больш за 750 тыс. экспанатаў

(1999),

у т. л. каля 50 тыс. твораў выяўл. мастацтва, 10 тыс. адзінак зброі і тэхнікі, 30 тыс. баявых сцягоў. У б-цы больш за 100 тыс. тамоў. У 1990-я г. фонды папоўнены прадметамі і дакументамі па гісторыі рас. арміі, войск белага руху, Узбр. сіл Рас. Федэрацыі і інш. Пры музеі дзейнічае Міжрэгіянальная асацыяцыя ваен.-гіст. клубаў. Выдае метадычную літ. ў дапамогу вайск. (флоцкім) музеям. Гл. таксама Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАЎ Фёдар Аляксандравіч (29.2.1920, в. Веркала Архангельскай вобл. — 14.5.1983),

рус. пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар тэтралогіі «Прасліны» (раманы «Браты і сёстры», «Дзве зімы і тры леты», «Шляхі-дарогі», «Дом», 1958—78; за першыя тры Дзярж. прэмія СССР 1975) пра жыццё рус. паўн. вёсак у гады Вял. Айч. вайны і пасля яе; аповесцяў «Бязбацькаўшчына» (1961), «Пелагея» (1969), «Драўляныя коні» (1970), «Алька» (1972), «Мамоніха» (1980), п’есы «Адзін бог для ўсіх» (1962), апавяданняў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1980—82;

Трава-мурава: Повести и рассказы. М., 1983.

Ф.А.Абрамаў.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛАТАЎ Андрэй Цімафеевіч (18.10.1738, в. Дваранінава Тульскай вобл., Расія — 16.10.1833),

рускі аграном, раслінавод і пісьменнік. Яго праца «Пра падзел палёў» (1771) — першы дапаможнік па ўвядзенні севазваротаў і арганізацыі с.-г. тэрыторый. Распрацаваў памалагічную сістэму і апісаў больш за 600 сартоў яблынь і груш. Сфармуляваў асн. палажэнні тэорыі мінер. жыўлення раслін (1780—84). Склаў першы рус. дапаможнік па марфалогіі і сістэматыцы раслін «Дапаможнік пры пазнанні лекавых раслін» (1781). Распрацаваў прынцыпы лесаразвядзення і лесакарыстання. Аўтар літ. твораў, у т. л. аўтабіягр. запіскі «Жыццё і прыгоды А.​Болатава... (1738—1793)».

А.Ц.Болатаў.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО ЦЗЮІ́, Бо Лэцянь,

Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846),

кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕК,

1) тое, што стагоддзе.

2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.

3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н.

4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал. эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)