ВАЛГАГРА́Д,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л. ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст. ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст. чыг., партовы і прамысл. цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял. Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРЫКА́ЛЬНЫЯ,

пласціністыя (Agaricales), парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў. Аб’ядноўвае 12 сям., каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тыс. відаў. Найбольшыя сям.: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя, якія вылучаюць у самаст. парадак (Boletales); сярод найб. вядомых сям.: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), ружовапласціннікавыя (Rhodophyllaceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae). Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шанцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя. Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш. агарыкальных. Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік, падасінавік, падбярозавік, маслякі, зялёнка, падзялёнка, шампіньён, рыжык, вешанка звычайная, грузд, сыраежкі і інш.; ёсць ядавітыя: мухаморы чырвоны, жоўта-зялёны, парфіравы, пантэрны, бледная паганка і інш. віды, апенька несапраўдная серна-жоўтая, пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы земляная, надарваная і Келе, страфарыя Горнемана, лускаўніцы і інш.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 260—271;

Сержанина Г.Н. Шляпочные грибы Белоруссии. Мн., 1984. С. 233—351.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА

(Betula),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (В. pendula), і пушыстая, або белая (В. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (В. carelica), і няясная, або цёмная (В. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (В. humilis) і карлікавая (В. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (В. papyrifera), жоўтая (В. lutea), вязалістая (В. ulmifolia), Эрмана (В. ermanii), японская (В. japonica), блакітная (В. coerulea), туркестанская (В. turkestanica), даурская (В. dahurica), рабрыстая (В. costata) і Шміта, або жалезная (В. schmidtii).

Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.

В.Ф.Пабірушка.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)