НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,

італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.​Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.​Вінчы, Н.​Порпара, Л.​Леа, Н.​Іамелі, Т.​Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.​Б.​Пергалезі, Н.​Пічыні, Дж.​Паізіела, Д.​Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.​Дзена і П.​Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.

Літ.:

Гл. пры арт. Опера.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Матэт (муз. жанр) 7/89; 10/639, 649; 11/95

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.​Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.​Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.​Ельскія, Ф.​Міладоўскі, у 20 ст. А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, Э.​Тырманд і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТАРКА,

мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.​Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.

М.​А.​Лазарук.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДУ́ТА (італьян. veduta),

жанр выяўл. мастацтва або канкрэтны твор, які адлюстроўвае від мясцовасці, пейзаж, часцей архітэктурны. Тэрмін узнік у 17 ст. ў Галандыі, набыў пашырэнне ў 18 ст. ў Венецыі, у 19 ст. — у інш. краінах Еўропы. Сярод майстроў вядуты мастакі Б.​Белота, А.​Каналета, Дж.​Б.​Піранезі і інш.

Да арт. Вядута. А.​Каналета. Буцэнтаўр рыхтуецца адплыць ад мола ў дзень Узнясення. Каля 1740.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ДА (араб.),

паэтычны жанр у л-рах Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі; пераважна панегірычны верш у гонар нейкай выдатнай падзеі або асобы. Паводле формы нагадвае газель, аднак колькасць бейтаў у ёй дасягае 50—70 і больш. Узнікла ў араб. л-ры яшчэ ў даісламскі перыяд, росквіту дасягнула ў 11—12 ст. Найб. вядомыя майстры К. — Рудакі, Унсуры, Хагані Шырвані і інш.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЭ́Т (італьян. duetto ад лац. duo два),

1) ансамбль з двух выканаўцаў.

2) Вакальная п’еса для двух галасоў з інстр. суправаджэннем. Часта сустракаецца ў оперы, араторыі, кантаце; у аперэце — вядучы від вак. ансамбля; існуе і як самаст. жанр камернай вак. музыкі.

3) Інстр. п’еса для двух выканаўцаў, а таксама для двух вядучых інстр. галасоў з суправаджэннем. Д. часта называюць і п’есы для аднаго фп. ў 4 рукі.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-р філал. н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.​Ю.​Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).

Тв.:

Колас на ржышчы: Выбр. Мн., 1980;

Памяць зярнятаў: Выбр. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

М.Арочка.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННЕ,

жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.​Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.​Чачота, «Уставайма, братцы» В.​Каратынскага, «Не цурайся» Ф.​Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.​Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял. Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)