ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчы с.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КТЫЛІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРТГЕ́МПТАНШЫР (Northamptonshire),

жалезарудныя радовішчы ў Вялікабрытаніі (графства Нартгемптаншыр). Асадкавага паходжання. Руды аалітавыя, гётыт-шамазітавыя. Агульныя запасы — больш за 2,1 млрд. т руды (жалеза 30%). Асн. цэнтр — г. Нартгемптан.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАКА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА жалезаруднае,

на Пд Краснаярскага краю Рас. Федэрацыі. Распрацоўваецца з 1867. Кантактнае радовішча (скарны) магнетытавых руд. Разведаныя запасы 160 млн. т з 42,2% жалеза. Цэнтр здабычы — г. Абаза.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧА́ЛЬ,

старажытнаруская назва ружжа і артыл. гарматы канца 14—17 ст.

Знаходзілася на ўзбраенні армій, апалчэнцаў, казакоў і інш. у Расіі, ВКЛ. Выкарыстоўвалася для абароны крэпасцей, пазней у палявым баі. Ручныя П. (ручніцы) былі аднаствольныя і мнагаствольныя (насілі за плячом на рамяні). П.-гарматы падзяляліся на крапасныя, аблогавыя (сценабітныя), палкавыя, палявыя; вырабляліся з жалеза, медзі (бронзы) і чыгуну. Снарады — каменная карцеч, кавалкі жалеза, ядры (маса да 30 кг). Калібр П. — 30—250 мм. Кнотавыя і крамянёвыя П. выкарыстоўваліся да 18 ст.

Пішчалі: 1 — аблогавая на дэкаратыўным лафеце (16 ст.); 2 — «завесная» (насілі за плячом на рэмені) з кнотавым замком (канец 16 ст.).

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФЕНО́Л,

магнітамяккі сплаў жалеза (84%) з алюмініем (16%). Мае высокія магн. пранікальнасць у слабых палях, цвёрдасць, трываласць, зносаўстойлівасць, эл. супраціўленне. З алфенолу вырабляюць стрыжні галовак апаратуры для магн. запісу і ўзнаўлення інфармацыі.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАНЕ́ЛЬ,

сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПАРВА́СЫ,

тэхнічная назва крышталегідратаў сульфатаў некаторых цяжкіх металаў. Найб. пашыраны жалезны К. — FeSO4∙7H2O (гл. Жалеза злучэнні), медны К. — CuSO4∙5H2O (гл. Медзі злучэнні), нікелевы К. — NiSO4∙7H2O, цынкавы К. — ZnSO4∙7H2O.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],

вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3 Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.

У.​Я.​Бардон.

Кальцыт.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),

сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)