БАРАВІ́К (Рыгор Іванавіч) (н. 28.1.1939, в. Сахноўцы Стараканстанцінаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Канд. мастацтвазнаўства. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працаваў у Брэсцкім абл.драм. (з 1966) і Бел.рэсп. юнага гледача (з 1971, у 1974—78 гал. рэжысёр) тэатрах, з 1985 у маладзёжным т-ры Беларусі. З 1993 у Бел. ун-це культуры. Пастаноўкі Баравіка адметныя сучаснасцю гучання, спалучэннем псіхалагізму з яркай відовішчнасцю: «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова (1967), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «Чатыры кроплі» В.Розава (1975), «Чайка» А.Чэхава (1977), «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» паводле С.Алексіевіч (1986), «Непаразуменне» А.Камю (1989), «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1993), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1995). Выступае ў перыяд. друку па праблемах т-ва і бел.драматургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́Р ((Vilar) Жан) (25.3.1912, г. Сет, Францыя — 28.5.1971),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучань Ш.Дзюлена. З 1932 працаваў у розных парыжскіх т-рах. Ініцыятар і кіраўнік фестываляў драм. мастацтва ў Авіньёне. У 1951—63 дырэктар, акцёр і рэжысёр Нац.нар.т-ра (Парыж). Ставіў пераважна класічныя творы сусв.драматургіі. Асветніцкі па накіраванасці, разлічаны на шырокага дэмакр. гледача т-р Вілара спалучаў традыцыі стараж. вулічнага т-ра з наватарскімі плынямі 20 ст. Сярод пастановак: «Рычард II» У.Шэкспіра (1947, і гал. роля), «Сід» П.Карнеля, «Дон Жуан» Мальера (1954, і гал. роля), «Федра» Ж.Расіна (1957), «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта (1960, і гал. роля), «Справа Опенгеймера» (1965, і аўтар п’есы). Яго творчасць значна паўплывала на сцэн. мастацтва Францыі і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КСЕР ((Axer) Эрвін) (н. 1.1.1917, Вена),
польскі рэжысёр. Скончыў Ін-ттэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац.т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац.драматургіі: «Картачны домік» Э.Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.Лютоўскага, «Танга» С.Мрожака, «Кардыян» Ю.Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Тры сястры» А.Чэхава, «Мухі» Ж.П.Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДУХО́ЎНАЕ ПРЫЧА́СЦЕ СВЯТЫ́Х БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,
польска-бел. школьная драма эпохі барока. Аўтар невядомы. Уваходзіць у рукапісны зб. канца 17 ст.«Аршанскі кодэкс». Паст. ў Полацку і, магчыма, у Оршы да 1693. У аснове сюжэта падзеі 11 ст. ў Полацку і Кіеве (феад. міжусобіцы, пашырэнне хрысціянства). Рэчаіснасць і вобразы гал. герояў святых Барыса і Глеба пададзены ўмоўна. Твор уключае антыпралог, пралог і 4 інтэрмедыі. У інтэрмедыях адлюстравана жыццё бел. грамадства канца 17 ст. Дзейныя асобы драмы селянін («хлоп»), гарбар, салдат, яўрэй, хлопцы-парабкі, якія гавораць па-беларуску, прадстаўлены людзьмі абмежаванымі. Мяркуючы па змесце, аўтар — католік-езуіт, прыхільнік ідэалогіі пануючых класаў. Твор апубл. І.Ляванскім у «Старапольскай драматургіі» (Варшава, 1963. Т. 6).
Літ.:
Мальдзіс АІ. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 175—192.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК ((Gołąbek) Юзаф) (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Георгій Данілавіч) (26.2.1929, в. Куцень Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1994),
бел. крытык, публіцыст, кінадраматург. Скончыў Кудымкарскі настаўніцкі ін-т (Пермская вобл., 1947), Бел.тэатр.ін-т (1951). У 1947—74 працаваў у Бел. т-ры оперы і балета, Рус.драм. т-ры Беларусі, у рэсп. газетах, час. «Неман», Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар кн. «Сучаснікі ў грыме і без грыму» (1963), зб. артыкулаў «Дыялог праз рампу» (1967), брашур па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, сцэнарыяў дакумент., навук.-папулярных кіна- і тэлефільмаў («Беларуская сюіта», 1966; «Купалаўцы», 1970; «Іван Шамякін», 1979; «Паклон мой народу за песні» і «Янка Купала», 1982; «Старажытныя паркі», 1989, і інш.).
Тв.:
Аўтографы Андрэя Макаёнка. Мн., 1992;
Карані міфаў Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел.драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКАЯ РЕЧЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 3(16)1 да 2(15)11.1906 у Мінску штодзённа на рус. мове. Выдавец — Мінскі губ.к-т апекі нар. цвярозасці. Падтрымлівала палітыку ўрада ў справе паліт. стабілізацыі дзяржавы і абароне інтарэсаў Расіі. Друкавала пастановы ўрада і губернатара П.Р.Курлова, апраўдвала курлоўскі расстрэл 1905 у Мінску, крытыкавала «яўрэйска-польскі блок» і кадэтаў за паліт. і культ.-нац. патрабаванні. Адмаўляла права народаў Расіі на самавызначэнне, атаясамлівала нацыю з дзяржавай, даказвала несумяшчальнасць адчужэння прыватнай уласнасці і ваяўнічага бязбожжа з дэмакратыяй, правасвядомасцю і гуманізмам. Адмоўна ставілася да творчасці М.Горкага і драматургіі Л.Андрэева. Не атрымала шырокай падтрымкі ў рас. грамадстве. Пераемніцай яе стала газ.«Минское слово».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКСА́НАЎ (Мікалай Кір’якавіч) (12.4.1878, г.п. Дзергачы Саратаўскай вобл., Расія — 10.2.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1931). Засл. дз. нав. Расіі (1957). Скончыў Юр’еўскі (г. Тарту, Эстонія) ун-т (1902). Праф. Саратаўскага (з 1917), Маскоўскага (з 1921), пазней Ленінградскага ун-таў. Асн. працы па гісторыі рус. л-ры, фальклоры, крыніцазнаўстве, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства, драматургіі і т-ры, пра творчасць А.Грыбаедава, А.Пушкіна, І.Ганчарова, І.Тургенева, М.Горкага. У 1923 вылучыў у якасці асобнай дысцыпліны вывучэнне творчай гісторыі твораў л-ры («Творчая гісторыя «Гора ад розуму», 1928). Ініцыятар літ. краязнаўства (кн. «Абласныя культурныя гнёзды», 1928). Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія выданні твораў рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Роман Гончарова «Обрыв» в свете социальной истории. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус.драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв.драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.