«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТА» ў Латвіі,

культурна-асветнае таварыства бел. інтэлігенцыі ў 1924—36. Асн. мэты: гуртаванне бел. меншасці ў Латвіі, далучэнне яе да лат. і адначасова развіццё бел. культуры. Мела аддзелы ў Дзвінску, Лібаве, Люцыне. Па ініцыятыве «Беларускай хаты» створаны прыватная бел. школа, дзярж. бел. 2-гадовыя настаўніцкія курсы з інтэрнатам, 2-я гар. 6-класная бел. школа, прыватная дадатковая вячэрняя школа для дарослых, драм. студыя «Таварыства беларускага тэатра» ў Рызе, бел. дзіцячы сад у Дзвінску, б-кі і гурткі.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАК (Віктар Віктаравіч) (н. 6.3.1944, в Манастырышчава Чарнігаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Каўнаскі мед. ін-т (1966). З 1975 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1989 заг. кафедры). Гал. дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Беларусі. Навук. працы па патафізіялогіі штучнага кровазвароту і па пытаннях інтэнсіўнай тэрапіі запаленча-гнойных захворванняў у дзяцей.

Тв.:

Справочник по педиатрии. Мн., 1979 (у сааўт.);

Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),

адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.

С.​У.​Жумар.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛМЕДПРЭПАРА́ТЫ»,

адкрытае акц. т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц. т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек. формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́К (Фердынанд Міхайлавіч) (н. 27.3.1940, в. Шалькаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. н. (1988), праф. (1990). Засл. дз. аховы здароўя Беларусі (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1968). З 1969 працуе ў ім (у 1987—89 прарэктар), адначасова ў 1973—87 гал. дзіцячы псіхіятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па біял. асновах псіхічных расстройстваў, праблемах дзіцячай псіхіятрыі, псіхічных наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Практическое пособие по основам психосоматической медицины и психотерапии. Мн., 1996 (у сааўт).

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ШКІН (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1903, в. Аляксандраўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1977),

расійскі архітэктар. Скончыў Харкаўскі буд. ін-т (1930). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1947—77; праф. 1966). З 1934 удзельнічаў у праектаванні станцый метрапалітэна ў Маскве («Крапоткінская», 1935, з арх. Я.​Ліхтэнбергам; Дзярж. прэмія СССР 1941; «Аўтазаводская», 1940—43; Дзярж. прэмія СССР 1946, і інш.). Аўтар праектаў чыг. вакзалаў у Сімферопалі (1951), Сочы (1952) і інш., вышыннага будынка на Лермантаўскай пл. (1947—53, з Б.​Мезенцавым; Дзярж. прэмія СССР 1949) і універмага «Дзіцячы свет» (1953—57) у Маскве.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЖНІ́ЛКІ,

кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.​Д.​Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,

бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.​Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар. жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Л.​Калюгі, К.​Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ КАСТРЫ́ЧНІК» Засн. ў 1923 у Віцебску на базе саматужных майстэрняў. З 1938 — ф-ка «Чырвоны Кастрычнік». У час Вял. Айч. вайны была эвакуіравана ў г. Кунгур (Пермская вобл. Рас. Федэрацыі). Аднаўленне пачалося ў Віцебску з 1944. У пасляваен. гады рэканструявана і расшырана, у 1988 дзейнічала 13 патокаў з закончаным вытв. цыклам магутнасцю 7 млн. пар абутку за год. З 1989 у складзе прадпрыемства «Белвест». З 1994 ф-ка пераўтворана ў акц. т-ва «Чырвоны Кастрычнік». Магутнасць 3,5 млн. пар абутку за год. Асн. прадукцыя (1996): жаночы і дзіцячы абутак.

т. 4, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)