ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.І.Ліс (асвета), Т.І.Чарняўская (архітэктура), Дз.У.Стэльмах (тэатр. жыццё), В.П.Пракапцова (муз. жыццё), Л.Дз.Налівайка, М.Л.Цыбульскі (маст. жыццё).

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс. н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл. Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл. Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс. ж., у 1858 — 14 тыс. ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс. ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр. цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр. цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл. Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял. Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл. Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс. чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б, СНК БССР. У 1959 — 168 тыс. ж., у 1979 — 383 тыс. ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.

Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр. з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш. прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл. Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл. Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех. з-д «Рухавік» (гл. Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал. мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл. Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн. руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г.аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст.аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл. Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл. Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл. Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл. Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІ с.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.

Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн. правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав. нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн. тэхн. чыг. вучылішча (гл. Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл. Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед. ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял. Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн. Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл. Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч. г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец. навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л. мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж. ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл. Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл. буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл. драм. т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял. Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш. Літ.-маст. час. «Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял. Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.

Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.

Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ. «Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл. літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.

Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.

У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл. маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл. маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл. арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.

Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар. тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус. тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел. тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл. рус. драм. т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз. драм. калектывы, нар. т-ры.

Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л. муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж. муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец. муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж. муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел. нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел. нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел. дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш. муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз. т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;

Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.

В.М.Лебедзева, А.А.Макушнікаў (гісторыя), М.І.Ліс, А.Ф.Самусік (асвета і культура), М.А.Найшулер, С.Ф.Самбук (архітэктура), Т.А.Меляшкевіч (друк), Т.Ф.Літвінава, Л.Дз.Налівайка (маст. жыццё), У.В.Мальцаў (тэатр. жыццё).

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЮС

(Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),

горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс. ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг. л-ра, законы ВКЛ, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл. Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел. рэв. грамады (гл. Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ. «Наша доля», «Наша ніва», пазней — час. «Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва «Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел. паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ. «Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел. паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял. Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв. Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел. паліт. арг-цыяБел. нац. к-т; выдавалася газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс. чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел. культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.

З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-ва бел. культуры (1987), клуб аматараў бел. нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-ва бел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).

Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв. віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-т літ. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар. т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм. т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л. ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л. этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус. драм., моладзі, лялечны.

З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл. Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж. бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.

Літ.:

Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.

Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).

т. 4, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТА,

распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл. Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр. ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл. Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр. ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у тым ліку 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс. чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец. пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч. л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).

Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г. БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;

О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.

С.В.Снапкоўская.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДНА,

горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. За 300 км на З ад Мінска. Вузел чыгунак на Вільню, Масты, Беласток, аўтадарога на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт. 303,6 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у канцы 10 ст. на т.зв. Замкавай гары пры ўпадзенні р. Горадня (Гараднічанка) у Нёман на ятвяжскай тэр. як умацаваны пункт і цэнтр паўн.-зах. каланізацыі дрыгавічоў і валынян. Упершыню Гродна (Горадзен, Гародня, Горадня) упамінаецца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127. Да сярэдзіны 16 ст. вядома ў крыніцах як Горадзен (Городень). Сярод гісторыкаў 19 ст. існавалі розныя меркаванні аб месцы знаходжання летапіснага Гродна. Слушнае абгрунтаванне тоеснасці Горадзена з сучасным Гродна даў Я.Ф.Арлоўскі ў 1893. У 12—13 ст. існавала ўдзельнае Гродзенскае княства. З сярэдзіны 13 ст. ў складзе ВКЛ. Цярпела ад нападаў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, якім у 1300—26 паспяхова процістаяў кашталян гродзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З 1376 уладанне кн. Вітаўта, у 1390 было арэнай феад. вайны паміж ім і польскім каралём Ягайлам. Гродзенская харугва ўдзельнічала у Грунвальдскай бітве 1410. У 1391 горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1444 поўнае, у 1496 дапоўненае спец. прывілеем). З 15 ст. праводзіліся кірмашы. З 1413 у складзе Трокскага ваяв., з сярэдзіны 16 ст. цэнтр Гродзенскага павета. З 1540 мела пячатку з гербам на ўзор люблінскага (казёл на задніх нагах абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява ў блакітным полі аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень св.Губерта), які пераскоквае цераз агароджу. Паводле інвентара 1560 у Гродна было каля 4 тыс. ж., 716 дамоў, 33 вуліцы, 3 рынкі, замак, велікакняжацкі (каралеўскі) дом, 9 цэркваў, 2 касцёлы, сінагога, ратуша, звярынец. У 1576—86 — рэзідэнцыя караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца 18 ст. Гродна — велікакняжацкі горад. У 1589—1796 цэнтр Гродзенскай эканоміі. Напярэдадні Брэсцкай уніі 1596 у Гродна дзейнічалі 7 правасл. Цэркваў, 3 касцёлы, у 1-й пал. 17 ст.Гродзенскі езуіцкі калегіум, ордэны бернардзінцаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, 9 касцёлаў, 2 уніяцкія манастыры. З 1678 месца правядзення заканадаўчых генеральных сеймаў (кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай з гэтага часу праходзіў у Гродна). У 17—18 ст. значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай. У 1793—95 цэнтр Гродзенскага ваяводства. У час паўстання 1794 у жн.кастр. тут дзейнічала Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ — выканаўчы орган паўстанцаў на тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З 1795 у Рас. імперыі, 1796 цэнтр павета, з 1802 — Гродзенскай губерні. У час вайны 1812 у чэрв.снеж. акупіраваны напалеонаўскім войскам. У час паўстання 1830—31 аб’яўлены на ваен. становішчы. У 1862 праз горад пракладзена першая у Беларусі чыгунка — участак лініі С.-Пецярбург — Варшава. Напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 у Гродна і губерні дзейнічала Гродзенская рэв.-дэмакр. арг-цыя. У 1897 у Гродна 46,7 тыс. ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі Гродзенскае педагагічнае таварыства, Гродзенскае таварыства сельскай гаспадаркі, Гродзенскае таварыства ўрачоў, Гродзенскі гурток беларускай моладзі і інш., дзейнічалі рэв. арг-цыі: Гродзенскі рэв. гурток, Гродзенская рабочая арг-цыя, арг-цыі РСДРП, Бунда, ППС і інш. У рэвалюцыю 1905—07 у Гродна адбыліся ў сак.крас. 1905 выступленні салідарнасці рабочых з палітвязнямі, у крас.жн. 1905 забастоўкі на прамысл. прадпрыемствах, у кастр.снеж. 1905 выступленні салдат гарнізона, паліт. стачкі і інш. З 1915 акупіравана герм. войскам. 19.11.1918 у Гродна створана Бел. рада, у снеж. 1918 сюды пераехаў урад БНР на чале з А.Луцкевічам, пачалося фарміраванне бел. войска. Культ.-асв. дзейнасць праводзіла Грамада Беларускай моладзі ў Гродне. У студз.крас. 1919 дзейнічаў Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў. 27.4.1919 герм. войскі пакінулі горад, і ён перайшоў пад уладу Польшчы. Пасля заняцця Гродна 19.7.1920 Чырв. Арміяй (3-і конны корпус Г.Гая) устаноўлена сав. ўлада (да кастр. 1920). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр павета Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. ў горадзе дзейнічалі паліт., грамадскія і культ.-асв. бел. арг-цыі: ТБШ, БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. Адбываліся антыўрадавыя дэманстрацыі, мітынгі, забастоўкі, у т. л. Гродзенскія выступленні працоўных 1936. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Гродзенскага раёна Беластоцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з 24.7.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі і пад назвай Garten (Гартэн) непасрэдна ўключана ў склад Германіі. Разбурана на 43%, у Гродна і раёне загублена 51 438 чал. Дзейнічала Гродзенскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 16—24.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944 і Вільнюскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 цэнтр Гродзенскай вобласці. У 1970 — 132,5 тыс. жыхароў.

Гаспадарка. Прамысл. аблічча стаў набываць у 1-й пал. 19 ст. У 1840-я г. ў Гродна было больш як 40 прадпрыемстваў, у т. л. цагельныя, фланелевыя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя і інш. Штогод праводзіўся кірмаш. Важнае значэнне мелі водны шлях па р. Нёман, які звязаў Гродна з рознымі рынкамі, і пракладзеная праз горад чыгунка. У 1861 засн. Гродзенская тытунёвая фабрыка. З 1876 у горадзе працуе водаправод. У 1884 узніклі ліцейна-мех. майстэрні (гл. Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў). Крэдытна-фін. паслугі аказвалі аддзяленні Дзярж. і Віленскага камерцыйных банкаў, Т-ва ўзаемнага крэдыту, банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. ў Гродна было больш за 70 прамысл. прадпрыемстваў (больш за 2 тыс. рабочых); колькасць гандл. устаноў павялічылася з 252 у 1861 да 748 у 1900. Працавалі 4 друкарні. У 1914 у Гродна 99 прадпрыемстваў (2287 рабочых). У выніку 1-й Сусв. і грамадз. войнаў, ням. і польскай акупацыі, знаходжання Гродна ў складзе Польшчы прам-сць заняпала. У 1940 у Гродна дзейнічалі 33 прадпрыемствы, у т. л. 2 тытунёвыя ф-кі, веласіпедны з-д, Гродзенская абутковая фабрыка «Нёман», Гродзенскі шклозавод, 3 лесазаводы, 2 гарбарныя, цагельна-кафляны з-ды, швейная, абутковая ф-кі і інш., на якіх працавала 3,5 тыс. чал. У гады 2-й сусв. вайны амаль уся прам-сць Гродна была разбурана. У 1945 працавала 7 прадпрыемстваў. За пасляваенныя гады ў Гродна створаны новыя галіны прам-сці — тэкст., харч.; хутка нарошчвалася вытв-сць лёгкай, шкляной, будматэрыялаў прам-сці.

Сучаснае Гродна — адзін з вядучых прамысл. цэнтраў Беларусі. У 1996 у горадзе 109 прадпрыемстваў, з іх 31 дзяржаўнае. Найб. развіты лёгкая (Гродзенскае вытворчае тонкасуконнае аб’яднанне, Гродзенскае вытворчае прадзільна-нітачнае аб’яднанне, ф-кі швейных спарт. вырабаў «Дынама», пальчаткавых вырабаў, дзіцячых цацак і галантарэі), хім. (Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно»), харч. (кансервавы з-д і інш.), маш.-буд. і металаапр. (гродзенскі завод «Радыёпрылада», з-д тэхнал. аснасткі, гродзенскі завод «Белтапаз», Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Гродзенскі завод карданных валоў) прам-сць, прадпрыемствы электраэнергетыкі, дрэваапр., гарбарнай, буд. матэрыялаў (з-ды зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый, домабудаўнічы, вапны і сілікатных вырабаў, Гродзенскі камбінат будматэрыялаў) прам-сці.

Асвета і культура. Паводле археал. даследаванняў, пісьменнасць у Гродзенскім княстве існавала ў 12 ст. Школы былі пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, дзе па царк. кнігах вучыліся дзеці маёмных бацькоў. У 13 ст. пісьменнасць пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. школы ствараліся і ў буйных маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. З 1591 у Гродна існавалі брацкія школы, з 1625 — Гродзенскі езуіцкі калегіум. У 1774—76 дзейнічаў Гродзенскі кадэцкі корпус. У 1770—80-я г. адчынены школы: мед. (гл. Гродзенская медыцынская акадэмія), вет., чарчэння і малявання, бухгалтэрыі і рахункаводства, каморніцкая, будаўнічая. У 1773 на базе езуіцкага калегіума засн. ваяводская школа, з 1783 акруговае вучылішча, пераўтворана ў 1797 у дамініканскае (з 1825 гімназія). У 1834 яна рэарганізавана ў губернскую свецкую гімназію. У 1860 адчынена жаночая Марыінская гімназія (гл. Гродзенскія гімназіі). У 2-й пал. 19 ст. створаны Аляксандраўскае рамеснае 3-класнае, 2 мужч. і 2 жан. павятовыя прыходскія, 2 евангелічна-лютэранскія прыходскія вучылішчы, у 1852 — прыватнае яўр. вучылішча (у 1906 рэарганізавана ў 4-класную прагімназію). У 1907 створана Гродзенскае рэальнае вучылішча. У 1907—14 існавала Гродзенскае педагагічнае таварыства, у 1912—20 у Гродна працавала Гродзенская цэнтральная беларуская вучыцельская рада, у 1920—21 — Беларуская школьная рада. У 1920—39 у Гродна 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. У 1930-я г. польскія ўлады закрылі ў Гродна ўсе бел. школы; пасля аб’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) яны зноў пачалі працаваць. У 1940 засн. Гродзенскі настаўніцкі інстытут, рэарганізаваны ў 1944 у пед. ін-т, на базе якога ў 1978 створаны Гродзенскі універсітэт. У гады Вял. Айч. вайны большасць школ і культ.-асв. устаноў разбурана. 1.7.1945 у Гродна 9 агульнаадук. школ, пед. ін-т, чыг. і фізкультурнае вучылішчы, 2 мед. школы, 3 дзіцячыя дамы, 6 дзіцячых ясляў. У 1951 засн. Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, у 1956 — Гродзенскі політэхнічны тэхнікум, у 1958 — Гродзенскі медыцынскі інстытут. У 1996/97 навуч. г. ў Гродна 92 дашкольныя ўстановы (каля 20 тыс. дзяцей), у т. л. цэнтр развіцця дзіцяці, 79 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), санаторны сад (для дзяцей з захворваннямі лёгкіх), сад для дзяцей з парушэннямі зроку, сад для дзяцей з парушэннямі слыху. 39 агульнаадук. школ (каля 48 тыс. вучняў), у т. л. 1 ліцэй, 3 школы з ліцэйскімі класамі, школа-гімназія, школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, дапаможная школа (для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця) і інш. Акрамя таго ў Гродна ёсць школа з польскай мовай навучання, санаторная школа «Нёман», 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (па 6 дзяцей у кожным), 10 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (9 з іх школы алімпійскага рэзерву), 2 школьныя вучэбна-вытв. камбінаты, 5 цэнтраў, у т. л. 2 дзіцяча-падлеткавыя, тэхн. творчасці моладзі, сац.-псіхал. дапамогі моладзі, падлеткам і дзецям-інвалідам, цэнтр прафарыентацыі моладзі, абл. Палац дзіцяча-юнацкай творчасці, 18 клубаў для работы з дзецьмі. У 10 праф.-тэхн. вучылішчах займалася больш за 6 тыс. навучэнцаў. Дзейнічаюць 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 5 тыс. студэнтаў), у т. л. Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, Гродзенскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум», палітэхнікум, тэхн. каледж, вучылішчы: пед., мед., мастацтваў, муз., алімпійскага рэзерву. У Гродна 3 дзярж. ВНУун-т, мед., с.-г. ін-ты, Гродзенскі філіял недзярж. ін-та сучасных ведаў, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У Гродна 14 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, 2 мяшанага тыпу, польскай л-ры, Гродзенская абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі гісторыка-археалагічны запаведнік, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Архітэктура. У 12 ст. на беразе Нёмана пабудаваны Гродзенскі княжацкі церам, на мысе — абарончая Каменная сцяна; у цэнтры замка (гл. Гродзенскі Стары замак) узведзена Гродзенская Ніжняя царква, на яе руінах ў 14 ст.Гродзенская Верхняя царква. У 12 ст. пабудаваны таксама Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, у канцы 12 ст. — Васкрасенская і т.зв. Малая цэрквы. У выніку ў 12 ст. тут склалася самабытная Гродзенская школа дойлідства. У 15 ст. цэнтр горада змясціўся з дзядзінца на рыначную плошчу, дзе былі дамы заможных гараджан і гандляроў. У 1494 на ёй пабудавана драўляная ратуша, закладзены Гродзенскі фарны касцёл. Своеасаблівае аблічча горада ў 17—18 ст. утваралі касцёлы і праваслаўныя храмы, пабудаваныя пераважна ў стылі барока (гл. Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Гродзенскі кляштар францысканцаў, Гродзенскі манастыр базыльянак, Гродзенскі кляштар дамініканцаў). У 2-й пал. 18 ст. будаваліся палацы, ствараліся сядзібна-паркавыя ансамблі (Гродзенскі Новы замак, сядзібы ў прадмесці Аўгустава, «Панямонь», Станіславоўская сядзіба). З заснаваннем у Гродна і яго ваколіцах гродзенскім старостам А.Тызенгаўзам каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада, у яго паўн.-ўсх. частцы забудоўвалася прадмесце Гарадніца. У 2-й пал. 18 — 19 ст. ствараліся жылыя і адм. будынкі ў стылі класіцызму: кантрольная палата (1750), Гродзенскі дом Агінскага, ратуша з гандл. радамі (1807, усе не захаваліся), Гродзенскі дом віцэ-губернатара, будынак мужчынскай гімназіі (1735) і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ўзведзены будынкі розных арх. стыляў: эклектыкі — жылы дом купца Мураўёва (1914; цяпер б-ка імя Карскага), Гродзенскага акруговага суда будынак; у стылі мадэрн — Гродзенскага пазямельна-сялянскага банка будынак, жылыя дамы па вуліцах Ажэшкі, Замкавай; у псеўдарус. стылі — Гродзенская Пакроўская царква. Існавалі таксама збудаванні прамысл. архітэктуры — вежа пажарнага дэпо, Гродзенскія воданапорныя вежы і будынак піваварнага з-да (1877). Сучасны горад развіваецца ў паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. напрамках, вядзецца масавае буд-ва жылых раёнаў (Паўночна-заходні, Паўднёва-заходні, Прынёманскі, Усходні). Сярод сучасных адм. і грамадскіх будынкаў: Дом тэхнікі (арх. В.Бажко, У.Праабражэнскі), гасцініцы «Беларусь» (арх. Л.Вільчко, «Гродна» і «Турыст» (арх. У.Лытаў, І.Абухаў), Гродзенскі абласны драматычны тэатр, гал. корпус медінстытута (арх. Вільчко, У.Давыдзёнак), Ін-т біяхіміі АН Беларусі (І.Мазнічка), аэравакзал (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч і інш.).

У Гродна брацкія магілы: сав. воінаў і партызан; сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму; чырвонаармейцаў; сав. ваеннапалонных; магілы польскіх воінаў. Помнікі: Э.Ажэшка, Вітаўту Вялікаму, Я.Купалу, В.Д.Сакалоўскаму, А.Тызенгаўзу, В.Урублеўскаму, у гонар 850-годдзя горада і інш.

Літаратурнае жыццё. У 15—16 ст. у Гродна ствараліся рукапісныя кнігі («Трыёдзь», 1466; Евангеллі), пашыраліся афарызмы і казанні К.Бекеша, які тут жыў. У 16—17 ст. развівалася дзелавое пісьменства на бел. мове — від тагачаснай публіцыстычнай л-ры, распаўсюджваліся ў рукапісах бел. літ. песні, польскамоўная барочная паэзія. З 2-й пал. 17 ст. ствараліся школьныя драмы (У.Нарэвіч, К.Гаршвіла, В.Нармунт, М.Сіповіч, С.Макоўскі, Ф.Ідвель), інтэрмедыі (Я.Пылінскі; гл. Школьны тэатр); у калегіумах працавалі філосафы-публіцысты і перакладчыкі А.Кярсніцкі, І.Сцірпейка, Ф.Андрушкевіч, І.Ляхніцкі, Я.Зноска, Ю.Мышкоўскі, М.Дамашэвіч, Б.Мажэйка і інш. У 18 ст. з Гродна звязана творчасць польскіх паэтаў С.Трамбецкага і Я.Ясінскага, байкапісца С.Кубліцкага. У Гродзенскай друкарні выдаваліся кнігі паэта Ф.Карпінскага, польскія пераклады Вальтэра, Мальера. У Гродна нарадзіліся славісты Я.Замыслоўскі і І.Казлоўскі, публіцыст А.Жышкевіч, паэт Л.Найдус, вучыўся паэт І.Легатовіч, працаваў публіцыст і літ.-знавец Я.Фалькоўскі, жылі паэт-рамантык Т.Зан, пісьменніца і перакладчыца В.Касцялкоўская-Зындрам, бывалі паэты Ю.Нямцэвіч, В.Каратынскі (1862). У 1861 К.Каліноўскі і В.Урублеўскі стварылі тут рэв.-дэмакр. арг-цыю, у якую ўваходзіў паэт Ф.Ражанскі. У 1869—1910 у Гродна жыла Э.Ажэшка, стварыла тут свае найб. значныя творы. Да яе прыязджалі М.Канапніцая, У.Рэймант, Я.Карловіч, часта бываў Ф.Багушэвіч. Этнограф і фалькларыст Е.Раманаў, які працаваў у Гродна ў 1890-я г., апублікаваў у «Гродненских губернских ведомостях» (1894, №71) адну з першых рэцэнзій на зб. Багушэвіча «Дудка беларуская». У 1867—73 тут працаваў М.А.Дзмітрыеў. У Гродна ў 1892—96 праходзіла дзяцінства М.Багдановіча. Яго бацька А.Я.Багдановіч друкаваўся ў гродзенскай прэсе, маці дэбютавала як празаік. У 1896 у Гродна выдадзена паэма «Тарас на Парнасе». У канцы 19 — пач. 20 ст. выйшлі літ.-знаўчыя работы мясц. аўтараў А.Турчыновіча і І.Астравумава, кнігі гісторыка і краязнаўца Я.Арлоўскага. Працавалі т-вы літ.-муз. (1883—1904), пед. (1907—14, мела гісторыка-філал. секцыю) і аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14). У Гродна нарадзіліся бел. і лат. пісьменнік і перакладчык У.Пігулеўскі, польскі філолаг М.Аляхновіч; у гар. гімназіях вучыліся пісьменніца З.Верас, філолаг К.Пушкарэвіч, публіцыст А.Бергман (нарадзілася ў Гродна). У 1918—20 тут у гімназіі выкладаў С.Рак-Міхайлоўскі. У 1909—14 працаваў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які выдаў літ. альманах «Колас беларускай нівы» (1913). У 1919—21 пад кіраўніцтвам П.Мядзёлкі драм. гурток Грамады бел. моладзі перакладаў для сваіх пастановак п’есы рус. аўтараў, прапагандаваў бел. паэзію. У 1920—30-я г. дзейнічала польскае т-ва сяброў л-ры і мастацтва імя Э.Ажэшкі. З Гродна звязана творчая дзейнасць Л.Родзевіча, польскай пісьменніцы З.Налкоўскай, у 1930-я г. — Б.Тарашкевіча, П.Пестрака, І.Дварчаніна, В.Таўлая, у 1930—33 тут жыў бел. паэт С.Крывец. У пасляваен. час у горадзе жылі пісьменнікі М.Васілёк, А.Міронаў, А.Астрэйка, З.Бандарына (нарадзілася ў Гродна), М.Дуброўскі, В.Тарас, А.Цяжкі, А.Макаёнак (напісаў тут свае першыя гумарэскі і п’есы). У Гродзенскім пед. ін-це вучыліся пісьменнікі А.Карпюк, М.Грынчык, У.Дадзіёмаў, П.Макаль, Ф.Янкоўскі, Г.Юрчанка, Д.Бічэль-Загнетава, філолагі П.Сцяцко і І.Лепешаў. З Гродна звязана творчае станаўленне пісьменнікаў П.Місько, В.Блакіта, В.Іпатавай. У 1947—49 і 1955—78 у Гродна жыў і працаваў В.Быкаў. Тут адбыўся яго літ. дэбют (1949), напісаны многія аповесці пра Вял. Айч. вайну, якія прынеслі аўтару сусв. вядомасць. У 1960-я г. ў горадзе штогод праходзіў абл. літ. семінар. У 1960—70-я г. Гродна наведалі дэлегацыі рус., літ., узб., арм. і тадж. пісьменнікаў, у 1980-я г.рус., літ., эст., у 1988 — польскіх. З 1946 дзейнічае аддзяленне (з 1964 абласное) Саюза бел. пісьменнікаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У канцы 18 ст. дзейнічала Гродзенская друкарня (каралеўская), якая акрамя разнастайнай кніжнай, інфармацыйна-юрыд. і рэкламнай прадукцыі друкавала перыядычныя выданні: «Gazeta Grodzieńska» («Газэта Гродзеньска», 1776—83, першая на тэр. сучаснай Беларусі), «Wiadomości Grodzieńskie» («Вядомосьці Гродзеньске», «Гродзенскія ведамасці», 1792), «Kurier Litewski» («Кур’ер Літэвскі», «Літоўскі веснік», 1796—97), штогоднік «Kalendarz Gospodarski...» («Гаспадарчы каляндар...», 1776—1800). У пач. 19 ст. ў Гродна з’явіліся прыватныя друкарні (у сярэдзіне 1860-х г. іх было 5, у 1915—10). У 1820—1915 дзейнічала Гродзенская губернская друкарня, якая акрамя матэрыялаў урадавых і губ. органаў друкавала час. «Ondyna druskienickich źródeł» («Андына», 1844—46), даведнікі-штогоднікі «Памятная кніжка Гродзенскай губерні» (1857—1915) і «Агляд Гродзенскай губерні» (1880—1914); газеты «Гродненские губернские ведомости» (1838—1915), «Торговый вестник Западного края» (1822) і інш. У 1905—06 група рэвалюцыйна настроеных навучэнцаў выдавала час. «Школа», Гродзенская ваен.-рэв. арг-цыя РСДРПгаз. «Солдатская воля» (1906). Выдаваліся газеты ліберальна-дэмакр. кірунку «Гродненские отголоски» (1905) і «Голос Гродны» (1906), «Гродненская копейка» (1912), «Гродненское эхо» (1914). У пач. 1910-х г. выдаваліся газ. «Наше утро» (1912—15), «Северо-Западная жизнь» (1912—13), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—14; з 1992), «Педагогическое дело» (1911—14), альманах «Колас беларускай нівы» (1913). З вер. 1915 да 1919, калі горад быў акупіраваны герм. войскамі, выходзілі польскія і ням. газеты «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), «Grodnoer Zeitung» («Гродзенская газета»), «Zeitung des Grodnoer Soldatenrates» («Газета Гродзенскага салдацкага Савета»). У 1919 у час акупацыі горада польскімі войскамі выходзілі газеты рознай паліт. арыентацыі: «Набат», «Зорка», «Беларусь», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ», «Родны край», «Dziennik Grodzieński» («Гродзенскі дзённік», замест закрытай уладамі газ. «Echo», «Рэха»); гандлёвы час. «Голас Гродны». У 1920-я г. выдаваліся штодзённыя газ. «Беларускае слова» (1920—21), «Echo Grodzieńskie» («Гродзенскае рэха», 1920), «Беларускі шлях» (1922), «Сялянская гутарка» (1923), газеты-аднадзёнкі «Выстрал» і «Гудок» (1924). У 1927 бел. т-ва «Аб’яднанне» выдавала штодзённую газ. «Беларуская доля». У 1930—32 выходзіў штотыднёвы грамадска-літ. і с.-г. час. «Беларуская думка». Найб. радыкальнай у 1920—30-я г. была штотыднёвая газ. «Postęp» («Прагрэс»), якая вяла барацьбу за сац. справядлівасць і дэмакратыю. Большасць газет гэтага часу — афіц. выданні, якія былі рупарам урадавых колаў: «Dziennik kresowy» («Газета ўскраіны»), «Przegląd Kresowy» («Ускраінны агляд»), «Nowe źycie» («Новае жыццё») і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна ў 1939—41 выходзіла грамадска-паліт. газ. «Свабодная Беларусь» (на бел. і рус. мовах). У 1944 падпольна друкавалася антыфаш. выданне «За Советскую Родину».

Выдаюцца газеты «Гродзенская праўда» (з 1939, абласная, мяняла назвы), «Сельская навіна» (з 1939, раённая, мяняла назвы), «Glos znad Niemna» («Глос з-над Немна», «Голас з-над Нёмана», з 1989), «Молодёжный курьер» (з 1991) і інш., з 1994 выходзіць час. «Свіцязь». Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў (з 1958). Радыёвяшчанне з 1944. Абл. студыя тэлебачання з 1968.

Мастацкае жыццё. Гродна здаўна было цэнтрам ювелірнага, ткацкага, ганчарнага і інш. рамёстваў. Гродзенскія майстры на высокім узроўні выконвалі дэкар. аздабленне сваіх вырабаў ужо ў канцы 11—12 ст. З 14 ст. выраблялі гродзенскую кафлю; у 16—17 ст. Гродна — буйны цэнтр кавальства і маст. ліцця, у 18 ст. — вытв-сці маст. вырабаў. На гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах атрымалі развіццё маст. промыслы: Гродзенскае шкло, Гродзенскае ткацтва, Гродзенскія дываны, Гродзенскія паясы. Замалёўкі Гродна 16 ст. пакінулі мастакі Г.Адэльгаўзер, М.Цюнт. У 17 ст. тут працавалі жывапісцы Ф.Лякштыцкі, Г.Хаецкі. Мясц. майстры зрабілі разны шматфігурны алтар у касцёле Гродзенскага кляштара езуітаў, аздобілі яго інтэр’ер скульптурай, фрэскамі, арх. пластыкай. Маст.-дэкар. аздабленне інтэр’ераў касцёла Гродзенскага кляштара бернардзінцаў належыць мастакам А.Грушэцкаму і Ф.Міхалкевічу. Пры ўдзеле мясц. мастакоў і рамеснікаў аздоблены інтэр’ер касцёла Гродзенскага кляштара францысканцаў, залы Гродзенскага Новага замка. У тэхніцы сграфіта выкананы дэкар. фрыз касцёла Гродзенскага кляштара брыгітак. У канцы 19 ст. мастак В.Гразноў зрабіў замалёўкі фрэсак, якімі быў упрыгожаны алтар Гродзенскай Барысаглебскай царквы. У 1946 у Гродна створаны маст. майстэрні (з 1971 абл. арг-цыя Бел. саюза мастакоў). З 1967 дзейнічае Выставачная зала, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы па прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтваў. У Гродна адбыліся персанальныя выстаўкі бел. мастакоў В.Галубкінай, А.Гаршкавоза, У.Голуба, А.Захарава, А.Коха, А.Кузняцова, Г.Мазурава, У.Мурахвера, Л.Мягковай, Л.Налівайкі, М.Плужніка, І.Пушкова, К.Пятрова, В.Савіцкага, А.Салятыцкага, У.Сушкевіча, У.Церабуна, В.Шчарбакова і інш. Сярод тэматычных выставак: «Зямля і людзі», да 850-годдзя Гродна (1978), «Малююць дзеці», мастакоў шклозавода «Нёман», «Песня пра зубра» (усе 1983), «Нёманскі край» (1990), «Творчасць маладых» (1993), «Акварэлі мастакоў Ліды» (1996) і інш.

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё звязаны з дзейнасцю Гродзенскага школьнага тэатра (16 ст.). У 1780-я г. ў Гродна пабудавана памяшканне т-ра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ім выступалі пастаянныя і вандроўныя польскія трупы. У рэпертуары былі камічныя оперы, камедыі, творы замежных («Паштальён з Ланжумо» А.Адана, «Фра-Д’ябала» Ф.Абера, «Папялушка» Н.Ізуара, «Тарцюф» Мальера, «Гамлет» і «Макбет» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» і «Разбойнікі» Ф.Шылера, «Эмілія Галоці» Г.Э.Лесінга) і польскіх («Апошняя варшаўская латарэя» С.Манюшкі, «Вяртанне пасла» Ю.Нямцэвіча, «Генрых VI на паляванні» і «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага, «Помста» і «Муж і жонка» А.Фрэдры) аўтараў. Працаваў Гродзенскі тэатр Дэшнер. З пач. 19 ст. пашыраны аматарскі т-р. У 1883 арганізавана Літ.-муз. т-ва (узначальваў К.Дабравольскі), якое наладжвала канцэрты і драм. спектаклі, літ. чытанні і муз. вечары. З 2-й пал. 19 ст. вядучае месца ў тэатр. жыцці горада належала рус. тэатр. калектывам; працавалі антрэпрызы П.Паўлава, В.Дарашэнкі, А.Даніловіча, Л.Нікольскага, М.Агарова; т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам А.Шчарбакова (у складзе трупы П.Арленеў), Н.Арбеніна (у складзе трупы В.Стрэльская, К.Варламаў, М.Ходатаў), П.Ленскага, Г.Фядотавай, М.Савінай і інш. У рэпертуары т-раў пераважалі вадэвілі, камедыі, меладрамы, п’есы А.Астроўскага, А.К.Талстога, Л.Талстога, А.Сухаво-Кабыліна, А.Чэхава. У 1907—14 дзейнічала Гродзенскае т-ва аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза». 19.2.1910 адбыўся першы спектакль на бел. мове «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага ў пастаноўцы Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Бел. вечарыны (са спектаклямі, маст. чытаннем, спевамі) наладжвалі ў Гродна і навакольных вёсках і мястэчках удзельнікі гэтага гуртка ў 1910—13, а ў 1919—21 — Гродзенскага драм. гуртка Грамады бел. моладзі. Тэатр. жыццё горада з 1860-х г. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1926—29 у Гродна (і Вільні) працаваў польскі т-р Ю.Астэрвы «Рэдута». У 1920—30-я г. дзейнічаў мясц. польскі т-р, у 1934—38 — польскі т-р імя Э.Ажэшкі. У 1940—41 у Гродна працавалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР пад кіраўніцтвам А.Венгеркі і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР пад кіраўніцтвам У.Ярэмы. У 1945—47 у Гродна знаходзіўся рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны драматычны рускі тэатр Беларусі). З 1947 цэнтрам тэатр. жыцця стаў Гродзенскі абласны драматычны рускі тэатр. У 1980 створаны Гродзенскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць самадз. калектывы. У горадзе гастраліруюць т-ры з Беларусі і інш. краін. Праходзілі фестывалі: 3-і рэсп. т-раў лялек (1968), аматараў т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1988), 2-і Бел. тэатральны (1989).

Музычнае жыццё. Найб. раннія звесткі пра муз. культуру Гродна адносяць да 12 ст., часу, якім датуюцца археал. знаходкі на тэр. горада: калок ад струннага муз. інструмента і фрагмент звона, а таксама ўпамінанне пра «трубы гарадзенскія» ў «Слове пра паход Ігараў». У 1543 у Гродна засн. адзін са старэйшых арк. калектываў на тэр. Беларусі, т.зв. «Літоўская капэла». З канца 16 ст. цэнтрам муз. культуры стала правасл. брацтва. Музыка займала значнае месца ў спектаклях школьнага т-ра пры езуіцкім калегіуме (1650—1754). Зберагліся праграмы спектакляў, з якіх відаць, што пастаноўкі 1720-х г. уключалі інстр., вак. (сольныя і харавыя) і танц. нумары. У 1730 існавала «касцельная музыка», якая абслугоўвала богаслужэнні і свецкія мерапрыемствы. У 1730—90-я г. значнае месца ў муз. жыцці горада займалі інстр. і вак.-інстр. капэлы, у т. л. Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Гродзенская капэла Тызенгаўза і інш. Асабліва вылучаліся выглядам і рэзкім гучаннем янычарскія капэлы, у т. л. капэла янычарскай харугвы ВКЛ (1768) і інш. У 18 ст. разам з аркестравым развівалася і сольнае выканальніцтва. Тут працаваў арганіст, арганны і фартэпіянны майстар Ю.Рудзінскі, выступалі спявачкі і піяністкі-аматаркі У.Тарноўская, Грабоўская і інш. Вял. аматарам музыкі быў А.Тызенгаўз (напісаў месу і, магчыма, кантату, меў вял. калекцыю струнных муз. інструментаў). У 1795 у Гродна выступаў рагавы аркестр, да гэтага часу належаць і найб. раннія звесткі пра існаванне на Беларусі балалайкі і гармоніка. У 19 ст. цэнтрамі муз. жыцця былі муз. навуч. ўстановы — пансіён Фінжана і ўзорны пансіён; у 1840-я г. аркестрам гімназіі кіраваў І.Дабравольскі. Тут пачынала кар’еру Т.Юзафовіч-Бароўская, працаваў І.Глінскі. У 1883 у Гродна створана літ.-муз. т-ва, гастраліравалі рус. і інш. буйныя музыканты (В.Давыдава, Есіпава, С.Рахманінаў і інш.). Значнае ажыўленне ў муз. жыцці выклікалі пастаноўкі муз.-сцэн. твораў С.Манюшкі: у 1841 пастаўлены вадэвіль «Апошняя варшаўская латарэя» Ф.Корвін-Мілеўскага на муз. Манюшкі, у 1856, 1861 і ў 1870-я г. ішла яго опера «Галька». У 1905 у Гродна існавалі 3 «хары духавой музыкі» (аркестры пажарнікаў і 2 ваенныя). У 1907—14 працавала аматарскае т-ва муз. і драм. мастацтва «Муза». Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у Гродна пабывала брыгада бел. кампазітараў у складзе М.Аладава, С.Палонскага, П.Падкавырава, Дз.Лукаса. Яна праводзіла тут сходы, рэгістрацыю муз. работнікаў, садзейнічала стварэнню. муз. школы, канцэртнага і духавога аркестраў, арганізацыі муз. аддзела. У 1939 у Гродна засн. пед. вучылішча з дысцыплінай муз. выхаванне (з 1956 муз.-пед., у 1966 створана муз. аддзяленне, у 1969 на яго аснове адкрыта муз. вучылішча). Кафедра музыкі і спеваў існавала ў пед. ін-це (да 1978). З 1944 тут працаваў бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы, рэарганізаваны ў 1950 у Дзярж. хор БССР (з 1952 у Мінску; гл. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь). Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці з 1975 займалася гастрольна-канцэртнае аддзяленне Бел. філармоніі, у 1987 створана Гродзенская абласная філармонія, у 1992 — «Гродзенская капэла». У 1997 у Гродна працуюць: муз. і муз.-пед. вучылішчы, 2 муз. школы. Развіта муз. самадзейнасць; больш як 20 муз. і харэагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных.

Літ.:

Кудряшев В.И. Гродно. М., 1960;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобл. Мн., 1986;

Гродно: Энцикл. справ. Мн., 1989;

Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. Мн., 1996.

А.П.Госцеў (гісторыя), В.В.Швед (гаспадарка), М.І.Ліс (асвета і культура), А.М.Пяткевіч (літ. жыццё), Т.А.Меляшкевіч (друк), Л.Дз.Налівайка (маст. жыццё), Дз.У.Стэльмах (тэатр. жыццё).

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км2, нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне»усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т.л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едииом советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.П.Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТВІЯ

(Latvija),

Латвійская Рэспубліка (Latvijas Republika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Эстоніяй, на У з Рас. Федэрацыяй, на Пд з Літвой і Рэспублікай Беларусь, на 3 абмываецца водамі Балтыйскага м. і Рыжскага заліва. Пл. 64,6 тыс. км2. Нас. 2,5 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — латышская. Сталіца — г. Рыга. Падзяляецца на 26 раёнаў. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (16 лістапада).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1922, адноўленая і змадыфікаваная 6.7.1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 2 гады і 3 м-цы. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сейму (100 дэпутатаў), які выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Тэр. Л. размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны, каля паўд.ўсх. берагоў Балтыйскага м. Берагі слаба парэзаныя, з пясчанымі дзюнамі выш. да 15—20 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца прыморская нізіна, якая ў бас. р. Ліелупе пераходзіць у Сярэднелатвійскую нізіну. У цэнтр. ч. размешчана Відземскае ўзв. з найвыш. пунктам рэспублікі г. Гайзінькалнс (выш. да 311 м), на ПдУ — Латгальскае ўзв. (выш. да 289 м). Паміж імі — Усх.-Латвійская нізіна. На ПнУ — Алуксненскае ўзв. (выш. да 271 м), на 3 — Курземскае ўзв. (выш. да 184 м). На фарміраванне рэльефу вял. ўплыў зрабіла дзейнасць ледавікоў. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад 400—600 да 1800 м (граніты, гнейсы), які перакрываюць дэвонскія, месцамі трыясавыя і юрскія пароды, а таксама чацвярцічныя адклады. Карысныя выкапні: торф (каля 6 тыс. радовішчаў, запасы — каля 530 млн. т), вапнякі, гіпсавы камень, даламіты, пяскі, гліны, нафта. Мінер. крыніцы і лячэбныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Зіма мяккая, частыя адлігі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя т-ра студз. ад -2,6 °C у Ліепаі да -6,6 °C у Даўгаўпілсе, ліп. адпаведна 16,8 °C і 17,6 °C. Ападкаў ад 550 да 850 мм за год. Рачная сетка вельмі разгалінаваная. У Л. каля 12,4 тыс. рэчак, з іх 94% даўж. менш за 10 км, 17 рэк — больш за 100 км. Гал. рэкі: Даўгава (Зах. Дзвіна), Вента, Ліелупе. Азёры займаюць 1,71% тэрыторыі; буйныя: Лубанас, Рэзнас, Буртніеку, Усмас. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, на ПдЗ — дзярнова-карбанатныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Пад лесам каля 46% тэрыторыі, пашыраны пераважна хваёвыя (асабліва на ўзбярэжжы Балтыйскага м.), з лісцевых — бярозавыя, альховыя, асінавыя лясы, на ПдЗ — дубравы. Каля 10% тэрыторыі займаюць балоты і забалочаныя землі. У фауне 60 відаў млекакормячых (заяц, вавёрка, барсук, лось, буры мядзведзь, рысь, воўк і інш.), 308 відаў птушак (глушэц, цецярук, курапатка, рабчык), 29 відаў марскіх (салака, кілька, ласось, камбала) і 28 прэснаводных (сіг, вугор, шчупак, судак) рыб, 7 відаў паўзуноў. Запаведнікі: Грыні, Марыцсала, Тэйчы, Слітэрэ, Крусткалны. Нац. парк Гаўя.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — латышы (55,3%, 1997). Жывуць рускія (32,5%), беларусы (4%), украінцы (2,9%), палякі (2,2%), літоўцы (1,3%) і інш. Пасля выхаду Л. са складу СССР назіраўся адток насельніцтва з краіны, асабліва рускамоўнага. Сальда міграцыі насельніцтва і натуральны прырост адмоўныя. Асн. колькасць вернікаў — хрысціяне (пратэстанты, праваслаўныя, католікі). Сярэдняя шчыльн. 39 чал. на 1 км2. Гар. насельніцтва складае 69%. Найб. гарады (1997, тыс. чал.): Рыга (815,9), Даўгаўпілс (117,5), Ліепая (97,3), Елгава (71), Юрмала (59), Вентспілс (46,6).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (9—4-е тыс. да н.э., верагодна, фіна-угорскія плямёны). У 2-м тыс. да н.э. тут з’явіліся продкі балтаў, якія жылі ва ўмацаваных паселішчах — гарадзішчах (іх у Л. выяўлена каля 400), займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У пач. 1-га тыс. н.э. ўтварыліся плямёны земгалаў, куршаў, латгалаў, селаў, ліваў. На тэр. Латгале знаходзіўся залежны ад Полацкага княства г. Герцыке. Сярод інш. стараж.-лат. гарадоў былі Талава (залежала ад Пскова), Лудза (засн. ў 1177), Саласпілс (засн. ў 1186). З пач. 2-га тыс. ў Л. пачало пранікаць хрысціянства, у т.л. ў выніку каланізацыі лат. зямель ням. крыжакамі на чале з епіскапамі, якія заснавалі ордэн мечаносцаў. У 13 ст. лівы, латгалы і інш. лат. плямёны разам з продкамі літоўцаў і славянамі супраціўляліся ням. экспансіі (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 стагоддзях), аднак да канца 13 ст. былі падпарадкаваны, а землі Л. ўвайшлі ў склад Лівоніі. Ням. панаванне да 17 ст. запаволіла працэс кансалідацыі латышоў у народнасць. У выніку міжусобіц і знешніх фактараў да сярэдзіны 16 ст. дробныя лівонскія дзяржавы спынілі існаванне, а тэр. Л. была падзелена паміж ВКЛ і Даніяй (1560—62). У 1583 Данія перадала Рэчы Паспалітай сваю частку Курляндыі. У ходзе Лівонскай вайны 1558—83 і вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 землі Л. значна спустошаны. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 паўн.-зах. частка Л. разам з Рыгай уключана ў склад Швецыі (гл. Задзвінасае герцагства), усходняя (Латгале) засталася ў Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 Рыгу занялі рус. войскі (1710). Да канца 18 ст. ўся тэр. Л. апынулася ў складзе Рас. імперыі (у 1721 Відземе, у 1772 Латгале, у 1795 Курляндскае герцагства). У 19 — пач. 20 ст. эканам. развіццю Л. садзейнічалі буд-ва чыгунак і выкарыстанне для транзітных і інш. патрэб мясц. партоў (Вентспілс, Рыга, Ліепая); у прам-сці пераважалі машынабудаванне, вытв-сць электратэхн. абсталявання і гумавых вырабаў. Павялічылася колькасць рабочых і іх арг-цый; у 1904 засн. Лат. с.-д. рабочая партыя. Працоўныя Л. ўдзельнічалі ў рас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну значная частка Л. акупіравана герм. войскамі; у 1915 у складзе дзеючай рас. арміі створаны часці латышскіх стралкоў.

У канцы 1-й сусв. вайны лат. сацыял-дэмакраты і нац. партыі склікалі ў Рызе Нац. савет, які абвясціў Л. незалежнай парламенцкай і дэмакр. рэспублікай (18.11.1918). Першым прэм’ер-міністрам Л. быў Х.Ульманіс, урад якога прызналі краіны Антанты і інш. дзяржавы (22.12.1918 фармальна i СНК РСФСР). 13—15.1.1919 1-ы з’езд Саветаў у Рызе абвясціў Л. сав. рэспублікай, што прывяло да сутыкнення паміж 2 лат. рэспублікамі (урад Сав. Л. самараспусціўся ў студз. 1920). Адбыліся таксама ўзбр. канфлікты Л. з Літвой і Польшчай. У канцы 1919 з Л. выведзены герм. войскі. 11.8.1920 у Рызе падпісаны лат.-сав. мірны дагавор. Тэр. Л. (разам з Латгале, дзе жылі і беларусы) склала 65,8 тыс. км2, насельніцтва — 1,6 млн. чал. Урад Ульманіса правёў агр. рэформу (паводле закону ад 17.9.1920), садзейнічаў стварэнню школ для нац. меншасцей (складалі каля 25% насельніцтва краіны), у т.л. для беларусаў. У чэрв. 1920 прынята часовая, у лют. 1922 канчаткова зацверджана канстытуцыя Л. 30.6.1930 падпісана канвенцыя аб лат.-літ. мяжы. Да 1934 найб. уплывовымі паліт. сіламі краіны былі С.-д. рабочая партыя і Лат. сял. саюз. У эканоміцы Л.2/3 яе экспарту прыпадала на Вялікабрытанію і Германію. 16.5.1934 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, у выніку якога ў краіне ўстаноўлена дыктатура Ульманіса (з мая 1936 прэзідэнт Л.). У пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй i СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 Л. 5.10.1939 заключыла пакт з СССР, які прадугледжваў размяшчэнне на яе тэрыторыі сав. баз і войск (апошнія 18—20.6.1940 уведзены ў Л.). У гэтых умовах у краіне адбыліся змена ўрада і дзярж. ладу, а Л. 5.8.1940 увайшла ў склад СССР як 15-я саюзная рэспубліка. У чэрв.ліп. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. Рыга стала цэнтрам рэйхскамісарыята «Остланд». На тэр. Л. дзейнічалі каля 20 тыс. сав. партызан, частка латышоў супрацоўнічала з акупац. ўладамі. У выніку Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да мая 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. У 1947 лат. прам-сць дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана сельская гаспадарка; праводзіліся інш. сац.-эканам. мерапрыемствы на ўзор СССР. Сярод інш. сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту (у т.л. жывёлагадоўлі), асабліва ў 1970-я г. У час «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваліся нац. сілы, у т.л. Нар. фронт (узнік у 1988). Пасля перамогі Нар. фронту (выступаў за дэнансацыю пакта Рыбентропа—Молатава як не адпаведнага нормам міжнар. права) на выбарах 18.3.1990 лат. парламент 4.5.1990 абвясціў аднаўленне суверэннай рэспублікі Л. на аснове канстытуцыі 1922. 9 9.1991 незалежнасць Л. прызнаў СССР. З 1993 прэзідэнт краіны — Г.Ульманіс. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў для рэфармавання лат. гаспадаркі. Л. аддае значную ўвагу ўмацаванню і развіццю добрасуседскіх адносін з Рэспублікай Беларусь і інш. дзяржавамі. У 1999 прэзідэнтам Л. выбрана В.Віке-Фрэйберге. Л.чл. ААН (з 1991)’, Еўрап. саюза (з 1995), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя «Саймніекс» («Гаспадар»), Нар. рух Латвіі, Партыя адзінства Л., Рух за нац. незалежнасць Л., Сял. саюз, Партыя нар. згоды, Сацыяліст. партыя, Рус. абшчына Л., Балта-слав. т-ва культ. развіцця і супрацоўніцтва, Саюз свабодных прафсаюзаў Л. і інш.

Гаспадарка. Л.індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 складаў 5024 млн. дол. ЗША, 2017 дол. на душу насельніцтва. На долю прам-сці прыпадала 28% ВУП, на сельскую і лясную гаспадарку — 8%, на сферу паслуг — 51%. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., дрэваапр., лёгкая, харч., Вытв-сць фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Паліўнаэнергет. комплекс Л. грунтуецца на прывазным паліве (нафтапрадукты, вугаль, прыродны газ). 3 мясц. відаў паліва выкарыстоўваюцца торф, дровы і адходы дрэваапр. прам-сці. Торфапрадпрыемствы «Седа», «Стружаны» і інш. Вытв-сць электраэнергіі 3,1 млрд. кВт · гадз (1996). Працуюць Рыжская, Кегумская, Плявіньская ГЭС, Рыжскія ЦЭЦ-1 і ЦЭЦ-2, Ліепайская ЦЭЦ. Каля 40% электраэнергіі імпартуецца ў асноўным з Эстоніі і Літвы. Металургія прадстаўлена з-дам у г. Ліепая. Вытв-сць пракату 300 тыс. т (1996), металалом паступае з Літвы і Эстоніі. У машынабудаванні вылучаюцца электратэхн. (вытв-сць абсталявання для пасаж. вагонаў і трамваяў, прылад, пральных машын, цэнтрыфуг, электралямпаў), радыёэлектронная і сродкаў сувязі («ВЭФ»), трансп. (трамвайныя вагоны і электрацягнікі) галіны прам-сці, сканцэнтраваныя пераважна ў Рызе. Прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. тэхнікі (Рыга, Елгава, Рэзекне), мікрааўтобусаў (Елгава), электраінструментаў, прывадных ланцугоў (Даўгаўпілс), вентылятараў (Вентспілс), тэлефонаў (Айзкраўкле). Вытв-сць (1996) радыёпрыёмнікаў — 9,6 тыс. шт., аўтобусаў — 1,2 тыс. штук. Хім. прам-сць у Даўгаўпілсе (вытв-сць валокнаў), Валміеры (шкловалакно), Олайне (пластмасы), Рызе (фарбы, лакі, фармацэўтычныя прэпараты), Вентспілсе (мінер. ўгнаенні). Вытв-сць сінт. фарбаў і лакаў у 1996—16,7 тыс. т. Развіта парфумерна-касметычная вытв-сць (Рыга). Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць традыцыйна займае важнае месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўку драўніны вядуць 24 леспрамгасы. Выпуск піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, запалак, лодак, паперы, кардону, цэлюлозы ў гарадах Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая, Вентспілс, Юрмала, Валміера, Кулдыга і інш. Вытв-сць піламатэрыялаў — 1,2 млн. м3, паперы і кардону — 8,6 тыс. т (1996). Прам-сць буд. матэрыялаў працуе на мясц. сыравіне. Наладжана вытв-сць цэглы, чарапіцы, дрэнажных труб, керамзіту, цэменту (0,3 млн. т, 1996), шыферу, жалезабетонных вырабаў, лінолеуму, драўляных будынкаў, шкла і фарфору. Лёгкая прам-сць арыентуецца на высокакваліфікаваныя кадры і выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі. Гал. галіна — тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая, ільняная); асн. яе цэнтры: Рыга, Елгава, Віляка, Мазсалаца і інш. Развіты трыкат. (Валка, Огрэ, Юрмала), швейная (Рыга, Елгава, Екабпілс), гарбарна-абутковая (Рыга, Ліепая, Даўгаўпілс), скургалантарэйная (Ліепая) галіны. Вытв-сць (1996) тканін — 0,9 млн. м2, абутку — 0,8 млн. пар. Харч. прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Важныя галіны — мясная, масласыраробная, рыбная, кансервавая, цукр., мукамольная, кандытарская, піваварная. Шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Вытв-сць (1996, тыс. т) масла — 7,5, мукі — 107,5, цукРУ — 94,6. Маст. промыслы (апрацоўка скуры, бурштыну, разьба па дрэве, вышыўка). Асн. кірункі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля і птушкагадоўля (71% таварнай с.-г. прадукцыі, 1996). Гадуюць (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу (537), свіней беконнага кірунку (553), авечак (72), коней (27). Развіта зверагадоўля (нутрыя, пясец, ліс). Пчалярства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2,6 млн. га (1996), у т.л. ворныя землі 1,7 млн. га. Пад збожжавымі культурамі каля 45%, тэхн. — 2%, кармавымі — 46% усёй пасяўной плошчы. Вырошчваюць ячмень (179 тыс. т, 1996), пшаніцу (150 тыс. т), жыта, авёс, лён-даўгунец, цукр. буракі, травы. Бульбаводства і агародніцтва. Развіта кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—149,7 тыс. т. Геагр. становішча Л. спрыяльнае для буд-ва трансп. магістраляў. Даўж. чыгунак 2,4 тыс. км, у т.л. 11% электрыфікавана. Даўж. аўтадарог 51 тыс. км, у т.л. 56% з цвёрдым пакрыццём. Развіты марскі транспарт. Найб. парты: Вентспілс (экспарт нафты), Рыга, Ліепая. Рачное суднаходства ў нізоўях рэк Ліелупе, Вента, Даўгава. Авіятранспарт забяспечвае знешнія сувязі. Аэрапорты: Рыга, Даўгаўпілс, Ліепая. Газаправоды Дашава—Рыга, Таржок—Пскоў—Рыга; нафта- і прадуктаправод Полацк—Вентспілс. Экспарт (2,5 млрд. дол. ЗША, 1996): драўніна, тэкстыль, харч. прадукты, маш.-буд. прадукцыя. Імпарт (3,5 млрд. дол. ЗША, 1996): энерганосьбіты, машыны і электраабсталяванне, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя, Германія, Вялікабрытанія, Швецыя, Літва, Фінляндыя. Беларусь экспартуе ў Л. калійныя і азотныя ўгнаенні, нафтапрадукты; набывае рыбу, трыкатаж, шпалы, лек. сродкі. Курорты: Юрмала, Ліепая, Кемеры, Балдане і інш. Грашовая адзінка — лат.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі або сілы абароны краіны, ВПС, BMC), ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі і берагавая ахова) і нар. апалчэння (мабілізацыйны рэзерв). Агульная колькасць (1996) больш за 25 тыс. чал., у т.л. 17,5 тыс. апалчэнцаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 7 тыс. чал., 13 бронетранспарцёраў, 24 гарматы, якія буксіруюцца, 28 мінамётаў. У ВПС каля 200 чал., 4 самалёты, 7 верталётаў. У BMC каля 1 тыс. чал., у т.л. 220 чал. у берагавой абароне, 4 караблі, 14 катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 61,3, жанчын 73,4 гады. Смяротнасць — 15 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 83 чал., урачамі — 1 на 291 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (1997). Мед. страхаванне.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец., прафес. і акад. вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 9-гадовая базавая (4 гады навучання ў пач. школе і 5 гадоў у няпоўнай сярэдняй) і поўная сярэдняя (3 гады навучання пасля базавай школы, 10—12 кл.). Валоданне дзярж. (лат.) мовай абавязковае ва ўсіх навуч. установах, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Л. Сістэма прафес. падрыхтоўкі ўключае прафес. базавую школу для навучэнцаў, што не маюць базавай адукацыі (2 гады навучання), прафес. сярэднюю школу (3 гады), прафес. гімназію (4 гады навучання, дае права паступлення ў ВНУ). Сярэднюю спец. адукацыю даюць тэхнікумы і каледжы (4—5 гадоў навучання пасля базавай школы і 2—3 гады на базе поўнай сярэдняй). Прафесійная вышэйшая адукацыя (4 гады навучання) забяспечвае веды для прафес. дзейнасці, акадэмічная — заснавана на фундаментальнай або прыкладной навуцы з абавязковым кампанентам даследавання ў навуч. праграме. Акадэмічная вышэйшая адукацыя мае 2 ступені: бакалаўра (3—4,5 года навучання) і магістра (дадаткова 2 гады). Ступень магістра дае права на атрыманне ступені доктара (3—4 гады навучання). Буйнейшыя ВНУ: Латвійскі ун-т (з 1940), Рыжскі тэхн. ун-т (з 1896, да 1990 політэхн. ін-т), Рыжскі авіяц. ун-т (з 1960), Рыжскі ун-т імя Страдыня, Латв. марская акадэмія, Латв. акадэмія мастацтваў, Лат. акадэмія культуры, Латв. кансерваторыя, Міжнар. турыстычны ін-т — усе ў Рызе; Латв. с.-г. акадэмія ў Елгаве, Латв. евангелічная лютэранская хрысц. акадэмія ў Юрмале. Буйнейшыя б-кі: Латв. Нац. і Латв. акадэмічная ў Рызе. Музеі: Латв. музей гісторыі Рыгі, Латв. музей прыроды, Дом Я.Райніса і Аспазіі, Музей акупацыі, Дзярж. маст. музей, маст. музеі — «Арсенал», замежных краін, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, латв. культуры; Мемар. музей Густава Шкілтэра — усе ў Рызе; мемар. ансамбль ахвярам фаш. тэрору ў Саласпілсе і інш. Навук. даследаванні праводзяць ін-ты Латв. АН (з 1946), н.-д. ўстановы галіновых міністэрстваў і ведамстваў, ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне Найбольшы тыраж маюць грамадска-паліт. газеты «Lauku avize» («Сельская газета», з 1988, на лат. мове, 2 разы на тыдзень), штодзённая газ. «Dziena» («Дзень»), «Rigas balss» («Голас Рыгі», абедзве на лат. і рус. мовах), «Панорама Латвии», штотыднёвая газ. Нар. фронту «Atmoda» («Абуджэнне») і інш. Радыё з 1925 (на лат., рус., швед., англ. і ням. мовах). Тэлебачанне з 1954. Радыё і тэлебачаннем кіруе Камітэт па справах радыё і тэлебачання. Інфарм. агенцтвы: Латв. незалежнае тэлегр. агенцтва ЛЕТТА (створана ў 1989 на базе інфарм. агенцтва Латінфарм.), Baltic News Service (Балтыйская служба навін, з 1990).

Літаратура. Развіццё ўласна лат. л-ры пачалося ў сярэдзіне 19 ст. і было цесна звязана з нац.-вызв. рухам. Яна апіраецца на багатыя традыцыі песеннага фальклору, што ўпершыню зафіксавана ў выданні «Латышскія дайны» (т. 1—6, 1894—1915; збіральнік і складальнік К.Баран). Першыя кнігі на лат. мове, пераважна духоўнага зместу, датуюцца 16 ст. Кнігі свецкага характару пачалі выдавацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік нац. паэзіі — Ю.Алунан (зб. вершаў «Песенькі», 1856). Антыфеад. характар мела творчасць прадстаўнікоў т.зв. рамантызму Аўсекліса і А.Пумпура. Значным дасягненнем лат. прозы з’явіліся рэаліст. раман братоў Каўдзітаў «Часы каморнікаў» (1879) і апавяданні Апсішу Екаба пра жыццё лат. вёскі. У 1870—80-я г. зарадзілася нац. драматургія. Яе развіццё цесна звязана з дзейнасцю заснавальніка лат. т-ра і аўтара п’ес для яго А.Алунана. Новы этап развіцця лат. л-ры ў 1890-я г. звязаны з рухам прагрэс. інтэлігенцыі «Новая плынь» (рэв. вершы Э.Вейдэнбаўма, вершы і п’есы Аспазіі). Пачаў сваю дзейнасць як публіцыст Я.Райніс. У л-ру прыйшлі навеліст Р.Блаўман, паэт-рамантык Я.Порук, пісьменнікі Э.Бірзніек-Упіт, Г.Брыгадэрэ, В.Плуданіс, Я.Яўнсудрабіньш і інш. Гал. змест іх твораў — жыццё, сац. перамены ў горадзе і вёсцы ў пач. 20 ст. Уплыў падзей рэвалюцыі 1905—07 выявіўся ў рэаліст., глыбінна-філас. творчасці Райніса. Развівалася л-ра крытычнага рэалізму (аповесці і раманы А.Упіта). У 1920—30-я г. асобныя прадстаўнікі лат. л-ры жылі, працавалі за межамі Л., у т.л. ў Сав. Саюзе: Судрабу Эджус, Э.Эферт-Клусайс, А.Кадзікіс-Грозны, Р.Пельшэ, В.Кнорын, П.Даўге і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Л. Плённа працавалі Л. Лайцэн, Я.Грот, В.Лаціс, Я.Судрабкалн, Упіт, Э.Адамсан, Я.Плаўдыс, А.Чак і інш. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў гіст. этапы жыцця краіны, розныя сац. слаі грамадства. У жанрава і тэматычна разнастайнай л-ры развіваліся паэзія, навела і раман, сатыр. камедыя і гіст. драма. У гады 2-й сусв. вайны гал. літ. жанрамі былі паэзія (В.Лукс, Судрабкалн, А.Грыгуліс, Ю.Ванаг, Ф.Рокпелніс) і апавяданне (Г.Саксэ, Лаціс); у жанры філас. эсе выступілі З.Марыня і К.Раўдыве. Пасляваен. пакаленне пісьменнікаў (у паэзіі — Лукс; Грот, Чак, А.Баладыс, С.Калдупе, у прозе — Лаціс, Саксэ, Г.Бродэле, Д.Зігмантэ, З.Скуінь і інш.) імкнулася да больш глыбокага адлюстравання рэчаіснасці, да раскрыцця ўнутр. свету сучаснікаў. Стылёва разнастайная пасляваен. паэзія (І.Аўзіньш, В.Бэлшэвіца, І.Зіеданіс, М.Чаклайс, А.Веян, А.Скалбе, О.Вацыеціс, А.Элксне і інш.) вызначаецца шырынёй ахопу падзей, філасафічнасцю (грамадз. і інтымная лірыка М.Кемпе). Л-ра 1970—80-х г. адметная тэматычнай актуальнасцю, эпічнасцю, маштабнасцю, паглыбленым пранікненнем у духоўны свет героя, спалучэннем глыбока індывідуальнага светаадчування пісьменніка і героя (А.Бэлс, А.Калве, Я.Маўліньш, Р.Эзера, Скуінь, В.Югане, А.Ханбергс, А.Якубанс, М.Зарыньш). Гал. асаблівасць прозы 1990-х г. — гістарызм, дамінуе мемуарная л-ра. Актыўна развіваецца драматургія (Х.Гулбіс, П.Петэрсан, П.Путніньш, Л.Стумбрэ, М.Бірзэ, Скуінь).

Бел.-лат. літ. сувязі развіваюцца з 1920-х г. У 1926 Райніс наведаў Беларусь, дзе адбыліся яго сустрэчы з Я.Купалам, Я.Коласам і інш. пісьменнікамі, знаёмства з бел. культурай. Бел.-лат. сувязі актывізаваліся ў 1950-я г. Гэтаму спрыялі дэкады л-ры і мастацтва, асабістыя кантакты пісьменнікаў, іх перакладчыцкая дзейнасць. На лат. мове выдадзены анталогіі паэзіі («Беларуская сасна», 1960; «Хлеб-соль», 1974), прозы («Дом пад сонцам», 1960), асобныя кнігі лірыкі Я.Купалы, Р.Барадуліна, П.Броўкі, П.Панчанкі, М.Танка, раманы «Глыбокая плынь» (1953) і «Сэрца на далоні» (1966) І.Шамякіна, «Людзі на балоце» (1966) і «Подых навальніцы» (1969) І.Мележа, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1968), «Трэцяе пакаленне» К.Чорнага (1971), зб. апавяданняў «Чазенія» У.Караткевіча (1976), кн. «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» М.Гарэцкага (1978), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «На ростанях» Я.Коласа (1982), шэраг аповесцей Я.Коласа, В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Шамякіна, В.Казько, А.Масарэнкі, п’есы «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1953), «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1960), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962) і інш. Для дзяцей на лат. мове выйшлі паэт. творы: «Хлопчык і лётчык» Я.Купалы, «Залатыя рукі» Э.Агняцвет, «Чытанка-маляванка» В.Віткі, аповесці «ТВТ» Я.Маўра, «Міколка-паравоз» М.Лынькова, «Таямнічы надпіс» В.Зуба, кнігі бел. нар. казак (1960, 1977). На лат. мову бел. паэзію перакладалі Ю.Ванаг, А.Веян, Вацыеціс, В.Ліўземніек, Я.Плотніек, Судрабкалн, Е.Стулпан і інш., прозу — Ванаг, Т.Руліс і інш. На бел. мове выдадзены анталогіі лат. паэзіі («Ветрык, вей!», 1959; «Латышская савецкая паэзія», т. 1—2, 1984), прозы («Латышскія апавяданні», 1956; «Сучасныя латышскія апавяданні», 1978), кнігі вершаў, апавяданняў, казак «Песня Даўгавы» (1986), лат. нар. песень «Дайны» (1987), зборнікі паэзіі Я.Райніса, Судрабкална, Бэлшэвіцы, кн. «Выбранае» (1993, вершы, літ.-крытычныя артыкулы, п’есы) Райніса, асобныя раманы Лайцэна, Лаціса, Б.Саўлітыса, А.Колберга, кнігі прозы Упіта, Грывы, Вілкса, п’есы Райніса, творы для дзяцей Ванага, З.Эргле, В.Бранка, кнігі нар. лат. казак і інш. На бел. мову творы лат. пісьменнікаў перакладалі Агняцвет, Барадулін, Броўка, Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, А.Звонак, І.Калеснік, К.Кірыенка, М.Лужанін, В.Лукша, П.Макаль, С.Панізнік, Панчанка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, В.Сёмуха, М.Танк, У.Шахавец, С.Шушкевіч, Я.Янішчыц, празаічныя творы — А.Жук, Кудравец, А.Марціновіч, П.Місько, Сёмуха, Я.Скрыган. У.Яцко і інш. Лат.-бел. сувязям прысвечаны працы М.Абалы і Дз.Віксны «Гэта сяброўства ведае вечнасць» (1977) і кн. І.Апіне «Беларусы ў Латвіі» (1995).

Архітэктура. У 1-м тыс. да н.э. на тэр. Л. будавалі ўмацаваныя паселішчы родавых абшчын (пілскалны), у 1-м тыс. н.э. — неўмацаваныя паселішчы (крэпасці-сховішчы), абкружаныя валамі з плятнём і частаколам наверсе. Да канца 12 ст. пераважалі пабудовы з дрэва. У канцы 12—15 ст. пераважала буд-ва мураваных абарончых і культавых будынкаў (найб. стараж. з мясц. вапняку) у раманскім стылі. У 13—14 ст. склаліся асн. тыпы рыцарскіх замкаў: вежа-данжон (замкі Турайдскі ў Сігулдзе, пач. 13 ст.; у Ліелстраўпе, сярэдзіна 14 ст.), канвенцкі дом (замкі ў Вентспілсе, 1290; у Рызе, 1330—1515), замак т.зв. нерэгулярнага тыпу, канфігурацыя ўмацаванняў якога імітавала схілы замкавага ўзгорка (замак у Кокнесе, закладзены ў пач. 13 ст.). Часта замкі станавіліся цэнтрамі гарадоў (Валміера, Цэсіс). Храмы ўзводзілі зальныя (царква ў Ікшкіле, 1185—13 ст.), базілікальныя з вежай над фасадам (цэрквы Яня ў Цэсісе, 1283—87; св. Сімяона ў Валміеры, 1283 — пач. 15 ст.). Пераходны стыль раманска-гатычных форм і канструкцый адлюстраваны ў Домскім саборы ў Рызе (1211—70). У 13—16 ст. развівалася гар. буд-ва: ратушы, будынкі гільдый, бюргерскія жылыя дамы з высокімі дахамі і ступеньчатымі франтонамі (Рыга, Цэсіс). Да сталай готыкі належыць царква св. Петэра ў Рызе (13—15 ст.). У познагатычнай архітэктуры часцей выкарыстоўвалі цэглу, ускладнены дэкор франтонаў і скляпенняў (царква св. Яня ў Рызе, канец 15 — пач. 16 ст.). У 2-й пал. 17 ст. сцвярджаюцца формы барока: фасад царквы св. Петэра (1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), т.зв. дом Даненштэрна (1694—98) у Рызе. У перыяд росквіту барока (1700—70-я г.) ствараліся буйныя палацава-паркавыя ансамблі (палацы ў Рундале, 1736—40, 1763—67, і Елгаве, 1738—72; арх. абодвух В.В.Растрэлі), свецкія будынкі (Акадэмія Петрына ў Елгаве, 1773—75, арх. С.Енсен). У канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. панаваў класіцызм: лютэранская царква ў Алуксне (1781—88, арх. К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз у Рызе (1828—30, арх. Ю.Шпацыр), будынак гар. т-ра ў Рызе (1860—63, арх. Л.Бонштэт), палацавыя комплексы ў Казданзе і Дурбе (арх. І.Г.Берліц). У 2-й пал. 19 ст. фарміруецца нац. арх. школа новага часу. На мяжы 19—20 ст. паралельна з эклектызмам (пабудовы Я.Ф.А.Баўманіса) развіваўся нац.-рамант. кірунак, які спалучаў традыцыі нар. лат. дойлідства з элементамі стылю мадэрн (жылыя дамы ў Рызе, 1906—09, арх. Э.Лаўбе і А.Ванаг). Пабудовам 1-й пал. 20 ст. ўласцівы класіцыстычныя тэндэнцыі (актавая зала Латв. ун-та ў Рызе, 1929—38, арх. Э.Шталберг), рысы рацыяналізму з захаваннем стылізатарства ў духу нац. рамантызму (царква ў Алажах, 1927). З сярэдзіны 1950-х г. буд-ва вядзецца пераважна паводле тыпавых праектаў з цэглы ці зборнага жалезабетону. Будынкі жылых кварталаў групуюцца ў гармоніі з наваколлем, з цэнтрамі трансп. і быт. абслугоўвання (жылыя раёны Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль; Пурвунеме, з 1964, арх. С.Алксне, Э.Драндэ ў Рызе, і інш.). Для грамадскіх будынкаў характэрны строгая планіроўка, выразнасць канструкцый (санаторый у Яўнкемеры, 1967, арх. А.Рэйнфельд і інш.), стрыманая па колеры аддзелка інтэр’ераў (летняя канцэртная зала ў Дзінтары, 1959—60, арх. М.Гелзіс і А.Вецсіліс), выкарыстанне на фасадах абліцоўкі з металу і пластыкаў. Найб. значныя збудаванні 1970—90-х г.: Маст. т-р імя Я.Райніса (1976, арх. М.Станя, Х.Кандэр, І.Якабсан), комплекс аэрапорта «Рыга» (1974, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), жылыя раёны Пуруцыемс і Межцыемс (1980—90-я г.) — усе ў Рызе, Дом культуры «Юрас варты» ў Вентспілсе (1977, арх. В.Вавулс, А.Дамброўскі) і інш. У 1945 засн. Саюз архітэктараў Л.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Л. вядомы з 5-га тыс. да н.э. (выявы жывёл на касцяных дзяржаннях кінжалаў). З 4—3-га тыс. да н.э. паходзяць скульпт. гліняныя выявы твару чалавека, фігуркі людзей і жывёл з дрэва, косці, гліны, бурштыну. У 5—8 ст. высокага ўзроўню дасягнула апрацоўка металу (латгальскія дзявочыя вянкі з бронз. спіральных дратоў, аздобленыя прывескамі і бразготкамі). З 13 ст. мастацтва Л. развівалася ў рэчышчы культуры Зах. Еўропы, у асн. ганзейскіх гарадах. Працавалі пераважна замежныя майстры. Рысы раманскага і гатычнага стыляў выявіліся ў скульпт. афармленні капітэляў, калон, надмагілляў, у рэльефах. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. пашырыўся маньерызм, які найб. праявіўся ў дэкар. рэльефах. У перыяд барока (2-я пал. 17—18 ст.) у работах мясц. майстроў пераважала драўляная скульптура з выразнымі рысамі нар. мастацтва. Найб. ярка стылістыка барока ўвасобілася ў творах скульпт. майстэрні сям’і Сёфрэнсаў (алтар царквы Анас у Ліепаі, 1697), італьян. мастакоў Ф.Марціні і К.Дзукі (размалёўкі палаца ў Рундале, 1760-я г.) і інш. Нар. драўляная скульптура прадстаўлена пашыранымі ў Латгаліі ў 17 ст. ўкрыжаваннямі. У пач. 19 ст. ў мастацтве Л. пераважаў класіцызм. Мастакі Л. вучыліся пераважна ў Пецярбургу, дзе ў канцы 1880-х г. стварылі маст. гурток «Rükis» («Працаўнік»). З 2-й пал. 19 ст. пачала фарміравацца нац. маст. школа. Карціны на гіст. тэмы ствараў К.Гун, працавалі пейзажысты Ю.Федэр, А.Э.Алксніс, В.Пурвіт, партрэтыст Я.Розентал, графікі Р.Зарыньш, Э.Брэнцэн, Т.Удэр. У 1-й пал. 20 ст. кірунак развіцця лат. скульптуры вызначыўся ў творчасці Т.Залькалнса. Жывапіс развіваўся ў рэчышчы постімпрэсіянізму (Е.Казак, Я.Гросвалд), сімвалізму (В.Матвей). У 1920—30-я г. жывапісцы імкнуліся да стварэння праз каларыстычныя пошукі рамантычна-абагульненага вобраза свету (пейзажы Пурвіта, К.Убана, нацюрморты і пейзажы Л.Свемпа, вясковыя сцэны К.Міесніека, Г.Эліяса, жанравыя палотны Я.Ліепіньша, партрэты Я.Тылберга, В.Тоне). Працавалі скульпт. К.Зале, К.Земдэга, К.Янсан і інш. Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае (Л.Ліберт, О.Скулме) і дэкар,прыкладное (А.Цыруліс) мастацтва, графіка (Ліепіньш), надмагільная пластыка (комплекс Брацкіх могілак, 1924—36, скульпт. Зале, арх. А.Бірзеніек і інш.; помнік Я.Райнісу, 1934, скульпт. Земдэга, арх. П.Арэнд; помнік Свабоды, 1935, скульпт. Зале, арх. Э.Ш.Талберг — усе ў Рызе). Фармальнымі эксперыментамі вызначалася дзейнасць «Групы рыжскіх мастакоў» (1919—39). У 1919 у Рызе засн. Вышэйшыя маст. майстэрні (з 1920 Латв. АМ). Для мастацтва Л. 1940—70-х г. характэрны разнастайнасць кампазіцыйных вырашэнняў, лапідарнасць буйных форм, актыўнасць колеру і фактуры ў жывапісе, манументальнасць скульптуры. У стварэнні манум. ансамбляў выкарыстоўваліся традыц. для пластыкі Л. выяўл. магчымасці каменю (Мемар. ансамбль памяці ахвяр фаш. тэрору ў Саласпілсе; скульптары Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс, архітэктары Г.Асарыс, А.Закаменны, О.Остэнберг, І.Страўтманіс). У графіцы пашырыўся лінарыт (Г.Кроліс, Д.Рожкалн), дрэварыт (П.Упітыс). Дэкар.-прыкладное мастацтва характарызуецца спалучэннем нар. традыцый і сучасных маст. форм. Найб. развіваліся кераміка, у т.л. буйных дэкар. форм (насценныя кампазіцыі, садовая кераміка), маст. тэкстыль (габелены Э.Вігнерэ, Р.Хеймрата і інш.), вітраж. Працавалі жывапісцы Э.Калніньш, Дж.Скулме, Э.Ілтнер, М.Табака, Л.Мурніск, скульптары Л.Дзегузе, Зарынь, Скарайніс, В.Алберг, А.Гулбіс, графікі І.Хелмут, П.Упітыс, А.Апініс. Мастацтва Л. 1980—90-х г. прадстаўлена творчасцю І.Зарыня, Скулме, В.Мерца, В.Озала, Б.Вегерэ, А.Юр’яне, А.Аўзіня, І.Гейнрыхсана, Э.Калненіека і інш. У нар. мастацтве пашыраны разьба, абточка і выпальванне па дрэве, кераміка, ткацтва і вязанне, апрацоўка металу, дробная драўляная пластыка. У 1951 засн. Саюз мастакоў Л.

Музыка. Лат. муз. фальклор уключае прац., каляндарныя (найб. пашыраны купальскія — ліга-песні), сямейна-абрадавыя, лірычныя, жартоўныя, карагодныя, танц. песні. Пераважае аднагалоссе, у некат. раёнах захавалася бурдоннае 2- і 3-галоссе. Характэрны песні і танцы ў суправаджэнні бразготак. Сярод нар. муз. інструментаў струнна-шчыпковы кокле (тыпу цытры); смычковыя скрыпка, дыга; духавыя стабуле (флейта), таўрэ (труба з дрэва, бяросты і інш.), ажарагс, дукас. З 13 ст. развіваецца каталіцкая, з 16 ст. пратэстанцкая царк. музыка. Было пашырана хатняе музіцыраванне. У 17—18 ст. існавалі прыдворны аркестр у Елгаве (ставіліся оперныя і балетныя спектаклі), аматарскае т-ва Калегіум музікум, Рыжскае муз. т-ва, Рыжскі ням. т-р (ставіў оперныя і драм. спектаклі). Развіццё лат. прафес. музыкі пачалося ў 19 ст. з адкрыццём настаўніцкіх семінарый у Валміеры (1839), Ірлаве (1841), Валцы (1849). Ствараліся лат. пеўчыя т-вы. У 1873 узнікла традыцыя агульналат. пеўчых свят. Вядучым жанрам прафес. музыкі стала хар. песня (Я.Цымзе, К.Баўманіс, Э.Вігнер і інш.). Вял. ўклад у развіццё музыкі Л. зрабілі заснавальнік лат. кантаты і сімф. музыкі А.Юр’ян і Я.Вітал. У 1912 засн. Лат. опера. У пач. 20 ст. створаны першыя ўзоры нац. класікі: оперная дылогія «Агонь і ноч» Яніса Медыньша (1919), опера «Банюта» (1919), кантата «Судны дзень» (1917), сімф., вак., хар. творы А.Калніньша. У 1919 засн. Латв. кансерваторыя. Сярод лепшых опер 1920—30-х г. «Багі і людзі», «Спрыдытыс» Яніса Медыньша, «Вайдэлотэ» («Жрыца») Язэпа Медыньша, «Цудоўная птушка Лаліты», «Гамлет», «У агні» Я.Калніньша. Развівалася сімф. і камерная музыка (Вітал, Яніс і Язэп Медыньшы, А.Абеле, Я.Калніньш, В.Дарзіньш, П.Барысан, Я.Іваноў, А.Скултэ). З канца 1940-х г. рэгулярна праводзяцца Лат. пеўчыя святы. Створаны новыя прафес. муз. арг-цыі і калектывы, канцэртныя залы, у т.л. ў Домскім саборы ў Рызе. Сярод вядучых майстроў лат. музыкі кампазітары Іваноў, Скултэ, М.Зарыньш, А.Жылінскіс, Л.Гарута, Я.Кепітыс, І.Калніньш (оперы «Іграў я, скакаў», «Іфігенія ў Аўлідзе», араторыі, 5 сімфоній), П.Дамбіс (араторыі), Р.Калсан (5 сімфоній, канцэрты для інстр. з аркестрам), Е.Медыньш, П.Васк, Г.Раман, А.Грынуп, П.Плакідыс, Алдоніс, Калніньш, В.Камінскіс, Р.Ермак; у галіне эстр. музыкі працуе Р.Паулс. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Р.Глазуп, А.Янсанс, Э.Тонс, Л.Вігнер, В.Сінайскі, Г.Ардэлоўскіс, харавыя — І.Кокар, Р.Ванаг, Т.Калніньш, Е.Медыньш, Я.Озаліньш, Д.Гайліс, А.Дэркевіца, Я.Думіньш, Х.Медніс, Э.Рачэўскіс; І.Цэпітыс; спевакі М.Вігнерэ-Грынберга, Р.Берзіньш, А.Кактыньш, М.Брэхмане-Штэнгеле, А.Вілюманіс, К.Зарыньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, А.Фрынберг, Э.Пакуль, А.Дашкоў, Р.Фрынберга; піяністы І.Граўбіня, Г.Браўн; арганісты М.Ванадзіньш, П.Сілалніек. У Л. працуюць: Нацыянальная опера Латвіі, Рыжскі т-р аперэты (з 1945), філармонія (з 1941, у яе складзе Дзярж. акад. хор і камерны аркестр, з 1967), Дзярж. акад. сімф. аркестр Латв. радыё (з 1926), хор тэлебачання і радыё (з 1940), Дзярж. ансамбль танца «Дайле», Эстр.сімф. аркестр Дзяржтэлерадыёкампаніі (з 1966), фалькл. ансамблі «Ліўліст» (з 1971), «Скандыніекі» (з 1976). Дзейнічаюць Латв. кансерваторыя (з 1919), муз. вучылішчы, дзіцячыя муз. школы.

Высока развіта самадз. хар. культура. У 1944 створаны Саюз кампазітараў Л. У 1987 у Л. праведзены Дні камернай музыкі Беларусі.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў нар. гульнях, абрадах. У 1205 у Рызе адбылося першае тэатр. прадстаўленне ням. місіянераў на сюжэт са Старога запавету. У сярэдневякоўі былі пашыраны містэрыі, школьныя драмы на ням. і лац. мовах. З 1742 у Рызе выступала пастаянная ням. трупа, у 1782 пабудаваны спец. тэатр. будынак. Першы спектакль на лат. мове пастаўлены ў 1868 («П’яніца Бергуліс» паводле А.Стэндэра). У 1870 А.Алунан заснаваў аматарскі Рыжскі лат. т-р (з 1880-х г. прафесійны). У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. і аматарскія т-ры ў Рызе, Ліепаі, Елгаве, дзе ставіліся п’есы Алунана, Р.Блаўмана, А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Пушкіна, Г.Лесінга, Ф.Шылера, У.Шэкспіра і інш. Сярод прафес. акцёраў: Д.Акментыня, Е.Дубур, А.Міерлаўк, П.Озаліньш, Б.Румніецэ, Ю.Скайдрытэ, А.Фрэйманіс, Р.Янсан і інш. У 1902—05 дзейнічаў Новы лат. т-р, у 1908 засн. Новы рыжскі т-р, у якіх ставіліся п’есы Я.Райніса, А.Упіта, Г.Гаўптмана, Г.Ібсена, Л.Талстога, Г.Хеермана. Развіваліся нац. рэжысура (Т.Амтманіс, Міерлаўк), акцёрскае мастацтва (А.Амтман-Брыедыт, Т.Банга, Г.Жыбалт, Б.Скуеніецэ, Э.Смільгіс, М.Шмітхене). У час 1-й сусв. вайны большасць рэжысёраў і акцёраў эмігрыравала з акупіраванай Л.; лат. т-ры дзейнічалі ў Маскве, Петраградзе, Таліне, Харкаве. У 1919 у Рызе пад кіраўніцтвам Упіта створаны Рабочы т-р Сав. Л. (пазней Нац. т-р, з 1971 Латвійскі т-р драмы імя Упіта), у 1920 — Маст. т-р імя Райніса. У тэатр. мастацтве 1920—30-х г. развіваліся рэаліст. і мадэрнісцкія кірункі. Вял. ўклад у развіццё т-ра Л. зрабілі Амтман-Брыедыт, А.Клінт, Т.Лаціс, Міерлаўк, Я.Осіс, Смільгіс, Э.Фельдманіс, Л.Шпільберг і інш. Пасля 2-й сусв. вайны пашырылі сваю дзейнасць т-ры ў Ліепаі, Валміеры. Ставіліся лат., рус., сусв. класіка, п’есы А.Грыгуліса, В.Лаціса, Х.Гулбіса, Ю.Палевіча і інш. У развіццё т-ра Л. вял. ўклад зрабілі В.Артмане, Э.Баруне, Л.Баўмане, Л.Берзінь, Э.Зіле, Ж.Катлапс, В.Ліне, П.Луціс, Э.Радзіня, К.Себрыс, Л.Фрэймане, Ц.Херцберг, А.Яўнушан і інш.

У 1920—30-я г. ў Рызе, Даўгаўпілсе і інш. гарадах Л. дзейнічалі бел. тэатр. калектывы. У 1927 арганізавана Т-ва бел. т-ра ў Л. У 1928 адкрыліся Рыжскі і Дзвінскі (Даўгаўпілскі) бел. нар. т-ры. Ставіліся п’есы Я.Купалы, У.Галубка, М.Чарота, Л.Родзевіча. У т-рах пастаўлены бел. п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Злавацца не трэба» Зуба, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.Макаёнка, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Не верце цішыні» І.Шамякіна, «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава.

Кіно. Кінавытворчасць у Л. пачалася каля 1910: хранікальныя, дакумент., відавыя фільмы (рэпартажы аператара Э.Тысэ пра г. Ліепая, і інш.). Першы ігравы фільм — «Дзе праўда?» (1913). У 1920—30-я г. здымаліся пераважна камерцыйныя фільмы. Лепшая стужка гэтага перыяду — «Сын рыбака» паводле рамана В.Лаціса (1939, рэж. В.Лапеніек). У 1940 у Рызе створаны студыі маст. і дакумент. фільмаў (у 1948 аб’яднаны ў Рыжскую кінастудыю). Пасля 2-й сусв. вайны развіццё лат. кіно было звязана з дзейнасцю ленінградскіх і маскоўскіх рэжысёраў і аператараў. У канцы 1940 — пач. 1960-х г. экранізаваліся творы Лаціса «Перамога» («Вяртанне з перамогай», 1948, рэж. А.Іваноў), «Да новага берага» (1955, рэж. Л.Лукаў), «Сын рыбака» (1957, рэж. В.Круміньш), «Бура» («На парозе буры», 1961, рэж. Круміньш, Р.Калніньш), створаны гіст.-біягр. фільм «Райніс» (1949, рэж. Ю.Райзман), рамант. драма «Меч і ружа» (1960, рэж. Л.Лейманіс), фільмы ваен. тэматыкі («Рыта», 1958, рэж. А.Нерэтніецэ, і інш.). З 1960-х г. фільмы сталі больш разнастайнымі паводле тэматыкі і жанраў. Імкненнем асэнсаваць сваю гісторыю, яе драм. моманты праз лёсы канкрэтных людзей вызначаюцца стужкі «Я ўсё памятаю, Рычард!» (1967, рэж. Калніньш), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1968, рэж. А.Брэнч), «Змова паслоў» (1966, рэж. М.Розанцаў). У 1966 на Рыжскай кінастудыі створана група лялечных фільмаў. У 1970—80-я г. фільмы надзённай тэматыкі стваралі Я.Стрэйч («Мой сябра чалавек несур’ёзны», 1976; «Лімузін колеру белай ночы», 1981), Дз.Рытэнберг («Гэтыя небяспечныя дзверы на балкон», 1977), Г.Цылінскіс і В.Брасла («Саната над возерам», 1976) і інш. Экранізавалася нац. класіка («У ценю смерці» паводле Р.Блаўмана, 1971, «Вей, ветрык» паводле Я.Райніса, 1974, абодва рэж. Г.Піесіс); здымаліся прыгодніцкія стужкі («Слугі д’ябла», 1970, рэж. А.Лейманіс), дэтэктывы («Быць лішнім», 1977, рэж. Брэнч); пашырыўся выпуск тэлефільмаў («Майстра», 1976, рэж. Стрэйч; «Смерць пад ветразем», 1977, рэж. Нерэтніецэ). У 1981 зняты першы шматсерыйны тэлефільм «Доўгая дарога ў дзюнах» (рэж. Брэнч). Высокім майстэрствам вызначаліся дакумент. фільмы «Валміерскія дзяўчаты» (1970, рэж. І.Селецкіс), «След душы» (1972), «Забароненая зона» (1975, абодва рэж. Г.Франк), «Жанчына, якую чакаюць» (1978), «Пашырэнне свету» (1980, абодва рэж. Селецкіс), «Вышэйшы суд» (рэж. Франк), «Ці лёгка быць маладым» (рэж. Ю.Подніек) і інш. Сярод дзеячаў лат. кіно: рэжысёры Круміньш, О.Дункер, акцёры В.Артмане, Х.Ліепіньш, К.Себрыс, Э.Павулс, М.Мартынсоне, Г.Якаўлеў, А.Кайрыша, Л.Озаліня і інш.

Беларусы ў Латвіі. Продкі беларусаў (палачане) кантактавалі з продкамі латышоў з 8—9 ст. Яны гандлявалі ўздоўж Зах. Дзвіны (Даўгавы) на шляху «з варагаў у грэкі», збіралі даніну з ліваў і інш. стараж.-лат. плямён (гэтыя падзеі апісаны ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага), сяліліся ў Падзвінні, мелі тут свае фарпосты (Герцыке, Кукенойс). Буйным цэнтрам гандлю была Рыга, што засведчана яе дагаворам з Полацкам 1210 і інш. пагадненнямі. У часы існавання Ганзы купцы-крывічы пабудавалі ў Рызе Крэўскі двор. З 1453 вядома царква св. Мікалая ў Рызе, з 16 ст. — слабада бел. плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілса (з 1670 мела магдэбургскае права). Некалькі правасл. бел. цэркваў узніклі ў Л. ў 18—19 ст. Перасяленню беларусаў у Л. (частка іх асела ў партовых гарадах) садзейнічала адмена прыгоннага права ў 1861. З Л. паходзілі, тут вучыліся або працавалі ў 19 — пач. 20 ст. бел. грамадскія і культ. дзеячы, пісьменнікі, мастакі, у т.л. Х.Ц.Буйніцкі, В.Б.Вальтар, Н.Б.Ватацы, К.Б.Езавітаў, К.Каганец, У.М.Кудрэвіч, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Я.Маўр. Паводле перапісу 1897, у Л. жылі 79523 беларусы. У Рызе Ластоўскі, Э.Будзька і інш. чыталі лекцыі на бел. мове для бел. нац. інтэлігенцыі і настаўнікаў, выступалі перад рабочымі з Беларусі. У 1920 у Рызе знаходзіўся ўрад БНР на чале з Ластоўскім, у 1920—21 — Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі (кіраўнік Езавітаў, консул У.В.Пігулеўскі), якая мела ўласнае выдавецтва. У 1920—30-я г. ў Л. дзейнічалі культ.-асв. т-ры «Бацькаўшчына» і «Беларуская хата», Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, Люцынская дзяржаўная беларуская гімназія, Дзвінская (Даўгаўпілская) бел. дзярж. гімназія, Бел. выдавецтва і інш. бел. арг-цыі і ўстановы. Бел. дыяспару ў Л. падтрымліваў лат. паэт і дэпутат сейма Я.Райніс. У час ням.-фаш. акупацыі Л. (1941—44) працавалі бел. пач. школы ў Дзвінскім, Люцынскім і Рэжыцкім паветах, 3 шасцікласныя бел. школы ў Рызе, гімназія ў Індры; у Рызе выдаваўся час. «Новы шлях». Пасля 1945 адбылася апошняя хваля перасялення беларусаў у Л., колькасць якіх у краіне павялічылася з 61,9 тыс. ў 1959 да амаль 120 тыс. чал. у 1989. Найб. кампактна беларусы жывуць у Рызе (у 1995 каля 70 тыс. чал.) і Даўгаўпілсе (больш за 10 тыс. чал.). У 1990 у Л. святкавалася 500-годдзе з дня нараджэння Ф.Скарыны. У Рызе дзейнічаюць Латв. т-ва бел. культуры «Сьвітанак» (з 1988), Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» (з 1991), бел. сярэдняя школа; абедзве арг-цыі і школу ўзначальвае мастак В.Целеш, у Даўгаўпілсе — бел. культ.-асв. аб’яднанне «Уздым» (з 1993), бел. нядзельная школа, т-ва культуры «Латвія—Беларусь» (з 1996) і інш. У Даўгаўпілсе і Рызе з 1996 ёсць таксама суполкі Міжнар. фонду Я.Купалы.

Літ.:

Витолс Д.,Янкевиц Я. Экономическая и социальная география Латвийской Республики: Пер. с латыш. Рига, 1994;

От Лифляндии — к Латвии. Прибалтика русскими глазами. Т. 1. М., 1993;

Очерки экономической истории Латвии, 1860—1900. Рига, 1972;

Латвия на грани эпох. Рига, 1990;

Штейнберг В.А. Латвия во внешнеполитическом противоборстве Советской России и держав Запада, 1917—1920. Рига, 1979;

Крупников П.Я. Полвека истории Латвии глазами немцев (конец XIX в. — 1945 г.). Рига, 1989;

История Латвийской ССР. 2 изд. Рига, 1971;

Тугай У.В., Галавач А.В. Дзе песні 3 Даўгавы гучалі. Мн., 1992;

История латышской литературы. Т. 1—2. Рига, 1971;

Архитекгура Советской Латвии. М., 1973;

Kolbergs A. Rigas grāmamd: Rigas vesture vecplisēta. Rīga, 1998;

Циелава C. Искусство Латвии. Л., 1979;

Latviešu padomju gleznieiba. Riga, 1985;

Starptautiska Mākslas Asociācija. Rīga, 1996;

Витолинь Я. Латышская народная песня. М., 1969;

Вериня С.Ф. Музыкальный театр Латвии и зарождение латышской национальной оперы. Л., 1973;

Грюнфельд Н.Э. История латышской музыки. М., 1978;

Бриеде-Булавинова В.В. Оперное творчество латышских композиторов. Л., 1979;

Карклиньш Л.А. Латышская симфоническая музыка. Л., 1981;

Кундзинь К.Э. Латышский театр: Очерк истории. М., 1963;

Фролова Г. Кино Латвии. М., 1981.

П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), М.Э.Абала (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), Г.У.Шур (кіно), С.С.Панізнік (беларусы ў Латвіі).

Герб і сцяг Латвіі.
Да арт. Латвія. Краявід на Відземскім узвышшы.
Да арт. Латвія. На ўзбярэжжы Рыжскага заліва.
Да арт. Латвія. Вулачка ў г. Вентспілс.
Да арт. Латвія. Рыга ў сярэдзіне 17 ст.
Да арт. Латвія. Помнік латышскім стралкам у Рызе.
Да арт. Латвія. Вежа-данжон Турайдскага замка ў Сігулдзе. Пач. 13 ст.
Да арт. Латвія. Скульптура ў інтэр’еры Домскага сабора.
Да арт. Латвія. Акадэмія Петрына ў Елгаве. 1773—75.
Да арт. Латвія. Домскі сабор у Рызе. 13 ст.
Да арт. Латвія. Замак у Цэсісе. 13—16 ст.
Да арт. Латвія. Лютэранская царква ў Алуксне. 1781—88.
Да арт. Латвія. В.Пурвіт. Сакавіцкі вечар (Зімовы пейзаж). Каля 1901.
Да арт. Латвія. Дж.Скулме. Хлеб на дарогу. 1967.
Да арт. Латвія. Помнік Свабоды ў Рызе. 1935.
Да арт. Латвія. П.Упітыс. Дубы каля Гаўі. З серыі «Гаўя». 1956—57.
Да арт. Латвія. К.Зале. Джузэпе Гарыбальдзі. 1918.
Да арт. Латвія. Э.Вігнерэ. Святочны салют. Габелен. 1975.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НГРЫЯ

(Magyarország),

Венгерская Рэспубліка (Maguar Köztársaság), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, Славеніяй, Харватыяй, на Пд і ПдУ з Югаславіяй і Румыніяй, на У з Украінай, на Пн з Славакіяй. Падзяляецца на 38 медзьё (раёнаў) і сталічную акругу. Пл. 93 тыс. км², нас. 10 324 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Будапешт. Дзярж. мова — венгерская. Нац. свята — гадавіна Венг. паўстання 1956 (23 кастр.).

Дзяржаўны лад. Венгрыя — парламенцкая рэспубліка. На чале дзяржавы прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея, якая складаецца з 386 чл., выбраных тэрмінам на 4 гады. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Венгрыя — пераважна раўнінная краіна, займае б.ч. Сярэднедунайскай (Венгерскай) раўніны. Вылучаюцца яе асобныя часткі: на У ад Дуная плоская нізіна Альфёльд, на З узгорыстая раўніна Дунантуль з асобнымі невысокімі кражамі (масівы Бакань, Вертэш, Мечэк і інш.). На ПнЗ нізіна Кішальфёльд, абмежаваная на З адгор’ямі Альпаў (выш. да 500—800 м). На Пн адгор’і Карпат з карставай пячорай Агтэлек і ланцуг сярэдневышынных вулканічных масіваў, у т. л. Матра з найвышэйшым пунктам краіны — г. Кекеш (1015 м). Карысныя выкапні: значныя запасы баксітаў, ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, прыроднага газу і нафты, жал. руды, марганцу, мінер. водаў. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і ўмерана кароткай зімой. Сярэдняя т-ра ліп. 20—22 °C, студз. ад -2 да -4 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 900 мм на ПдЗ да 450 мм у цэнтры і на У. Бываюць засухі, асабліва на У краіны. Рэкі належаць да бас. Дуная, даўж. яго ў межах Венгрыі 410 км. Гал. прытокі — Ціса, Раба і Драва. Найб. возера — Балатан. Натуральная лясная, лесастэпавая і стэпавая расліннасць моцна зменена чалавекам. Каля 75% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і занята нас. пунктамі, прамысл. прадпрыемствамі, шляхамі зносін; пад лесам 18,3%.

Насельніцтва. Каля 90% складаюць венгры, жывуць таксама цыганы (4%), немцы (2,6%), сербы (2%), славакі, румыны і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (67,5%), ёсць кальвіністы (20%), лютэране (5%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 111 чал. на 1 км², крыху больш на Пн, менш на Пд. У гарадах жыве 64% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Будапешт — 1996, Дэбрэцэн — 218, Мішкальц — 190, Сегед — 179, Печ — 172, Дзьёр — 131, Ньірэдзьхаза — 116, Секешфехервар — 110, Кечкемет — 106.

Гісторыя. Тэр. сучаснай Венгрыі заселена чалавекам у палеаліце. У старажытнасці тут жылі скіфы, ілірыйцы, кельты, якія ў канцы 1 ст. да н.э.пач. 2 ст. н.э. трапілі пад уладу рымлян (была ўтворана прав. Панонія). У 1-й пал. 1-га тыс. ў Венгрыі з’явіліся стараж. германцы, гуны, авары, готы, з 6 ст. і славяне; яе тэр. ў 7 ст. ўваходзіла ў склад дзяржавы Сама, пазней — у Вялікамараўскую дзяржаву і Блатэнскае княства. У 896 тут з’явіліся венгры (іх прарадзіма — Прыуралле). Адсюль яны рабілі набегі на землі суседніх народаў. Пасля разгрому каля Аўгсбурга (955) набегі венграў спыніліся і яны перайшлі да земляробства. У час праўлення князя Геза (970—997) і яго сына Іштвана І Святога (997—1038; з 1000 кароль) арганізацыйна аформілася венг. дзяржава. У сярэдзіне 13 — пач. 14 ст. яна была раздробленая, яе развіццё затрымалі манг. нашэсце 1240—41 і працяглыя міжусобіцы. Пазней абарону краіны ад тур. заваявання арганізаваў трансільванскі ваявода Я.Хуньядзі (правіцель Венгрыі ў 1446—52). Яго сын Мацьяш Хуньядзі (кароль з 1458) цэнтралізаваў дзяржаву, аднак пасля яго смерці міжусобіцы аднавіліся. Пасля задушэння Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514 былі канчаткова запрыгонены венг. сяляне. Пасля паражэння венграў ад туркаў у Мохацкай бітве 1526 пачаўся распад Венг. каралеўства. Да 1541 паўн. і зах. землі Венгрыі захапілі Габсбургі, паўд. і цэнтральныя — туркі-асманы, на У краіны ўтварылася залежнае ад Асманскай імперыі Трансільванскае княства (у 1571—76 правіў князь Стафан Баторый). У 1686 аўстр. і венг. войскі вызвалілі Венгрыю ад туркаў, аднак уся тэр. краіны ў 1699 трапіла пад уладу Габсбургаў. Іх каланізатарская палітыка выклікала выступленні венграў (у т. л. Ракацы Ферэнца II рух 1703—11), якія былі задушаны. У 1820—30-я г. актывізавалася венг. дваранская апазіцыя. З яе ў 1840-я г. вылучылася левае крыло на чале з Л.Кошутам, узнікла арг-цыя «Маладая Венгрыя» (кіраўнік паэт Ш.Пецёфі). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі скасавана прыгонніцтва, створаны К-т абароны радзімы на чале з Кошутам і рэв. нар. армія (пазней нанесла шэраг паражэнняў аўстр. войскам). У крас. 1849 парламент у г. Дэбрэцэн абвясціў поўную незалежнасць краіны ад Аўстрыі, вярх. правіцелем дзяржавы выбраны Кошут. Пасля заключэння Габсбургамі саюза з Расіяй супраць венг. паўстанцаў аўстр. і рас. войскі сумеснымі намаганнямі прымусілі венграў капітуляваць (жн. 1849). Аўстр. тэрор не спыніў венг. вызв. рух, і Габсбургі пайшлі на кампраміс з венграмі: у 1867 створана дуалістычная дзяржава Аўстра-Венгрыя, у якой аўстр. імператар стаў адначасова венг. каралём. Венгрыя атрымала свой парламент і ўрад, аднак яе залежнасць ад Аўстрыі захавалася (Вена мела вырашальны голас пры прыняцці агульнадзярж. рашэнняў). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. паскорылася эканам. развіццё Венгрыі, заснаваны шэраг паліт. партый, у т. л. С.-д партыя Венгрыі (СДПВ; 1890). У 1-й сусв. вайне Аўстра-Венгрыя была ў саюзе з Германіяй. У канцы вайны кіраўнік апазіцыйнай «партыі незалежнасці» граф М.Карайі выступіў за разрыў з Германіяй, за заключэнне сепаратнага міру з краінамі Антанты, дэмакратызацыю і незалежнасць Венгрыі ў яе «гістарычных межах». Па яго ініцыятыве створаны Нац. савет, у які ўвайшлі і сацыял-дэмакраты. Абнародаваны ім 26.10.1918 маніфест прадугледжваў абвяшчэнне раўнапраўя нацый у рамках цэласнай і непадзельнай Венгрыі, увядзенне агульнадэмакр. свабод і інш. Аднак венг. кароль Карл IV Габсбург (ён жа імператар Аўстрыі Карл І) адмаўляўся ад правядзення рэформ. У ноч на 31.10.1918 адначасова з Аўстрыяй у Венгрыі распачата рэвалюцыя, у ходзе якой створаны саветы. Карайі з удзелам сацыял-дэмакратаў сфарміраваў урад, праграма якога паўтарала Маніфест 26 кастрычніка. 13.11.1918 падпісана перамір’е з Антантай. 16.11.1918 Нац. савет абвясціў Венгрыю рэспублікай. У пач. 1919 ва ўмовах блакады Вегрыі краінамі-пераможцамі, эканам. заняпаду, палярызацыі класаў і слаёў венг. грамадства ўрад пайшоў у адстаўку. Лідэры СДПВ, якім было прапанавана сфарміраваць новы ўрад, пайшлі на саюз з Камуніст. партыяй Венгрыі (КПВ): 24.3.1919 створана аб’яднаная Сацыяліст. партыя Венгрыі (СПВ) і абвешчана Венг. Сав. Рэспубліка. Яе ўрад — рэв. ўрадавы савет — узначаліў правы сацыял-дэмакрат Ш.Гарбай, наркомам замежных спраў стаў камуніст Б.Кун. Рэв. ўрад стварыў Чырв. Армію, праводзіў нацыяналізацыю прадпрыемстваў і інш. 1.8.1919 пад націскам франц., чэшскіх і рум. войск слабая Венг. Сав. Рэспубліка пала. Значную частку Венгрыю акупіравалі рум. войскі. Пазней у Будапешт уступіў афіцэрскі корпус на чале з контр-адміралам М.Хорці, які быў прызначаны галоўнакамандуючым, а ў 1920 абвешчаны рэгентам (у 1921 б. кароль выгнаны з краіны). Трыянонскі мірны дагавор 1920, прадыктаваны краіне дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-й сусв. вайне, меў вынікам страту ​2/3 тэр. Венгрыі, скарачэнне яе насельніцтва і выклікаў незадаволенасць венг. грамадства. Імкненне дамагчыся яго перагляду прывяло аўтарытарны рэжым Хорці да пошуку саюзу з гітлераўскай Германіяй. Вынікам гэтага збліжэння сталі Венскія арбітражы 1938 і 1940, паводле якіх Венгрыя атрымала тэр. прырашчэнні. У 1939 Венгрыя выйшла з Лігі нацый. У крас. 1941 венг. войскі разам з ням. фашыстамі ўдзельнічалі ў нападзе на Югаславію (гл. Балканская кампанія 1941). 27.6.1941 Венгрыя ўступіла ў вайну супраць СССР. У студз. 1943 на Доне ў ходзе сав. контрнаступлення амаль поўнасцю знішчана 2-я венг. армія. У 1944 Хорці намагаўся заключыць перамір’е з СССР і шукаў кантакты з Вялікабрытаніяй і ЗША. 19.3.1944 Венгрыю акупіравалі ням.-фаш. войскі, якія пазней скінулі Хорці і прывялі да ўлады мясц. фашыстаў (гл. Нілашысты) на чале з Ф.Салашы. На вызваленай сав. войскамі тэр. Венгрыі 2.12.1944 у г. Сегед створаны антыфаш. Венг. нац. фронт незалежнасці, у які ўвайшлі камуністы, сацыял-дэмакраты, нац.-сял. партыя, партыя дробных сельскіх гаспадароў, бурж.-дэмакр. партыя і свабодныя прафсаюзы. Дэлегаты гэтых партый сталі дэпутатамі Часовага нац. сходу (пасяджэнні адкрыліся 21 снеж. ў г. Дэбрэцэн). Сфарміраваны ім Часовы ўрад Венгрыі абвясціў вайну Германіі, заключыў у Маскве перамір’е з СССР і яго саюзнікамі, распусціў і забараніў паліт. і ваен. арг-цыі фашыстаў. Найб. важнае мерапрыемства ўрада — зямельная рэформа (канфіскаваны землі кіраўнікоў фаш. арг-цый і ваенных злачынцаў, нацыяналізаваны буйныя маёнткі, створаны зямельны фонд, б.ч. якога размеркавана сярод 640 тыс. беззямельных і малазямельных сялян). Тэр. Венгрыі канчаткова вызвалена часцямі Чырв. Арміі да 4.4.1945 (у ходзе вызвалення загінула 140 тыс. сав. воінаў). 1.2.1946 Венгрыя абвешчана рэспублікай. Паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 адноўлены граніцы Венгрыі па стану на 1.1.1938. З 1947 на тэр. Венгрыі размяшчаліся сав. войскі (выведзены ў 1991).

Пасля перамогі на выбарах 1947 у Дзярж. сход (парламент) левых сіл і аб’яднання ў чэрв. 1948 камуністаў і сацыял-дэмакратаў у адзіную Венг. партыю працоўных (ВПП) у краіне праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Яна атрымала назву Венг. Нар. Рэспубліка (1949). Пасля выцяснення астатніх партый (іх дзейнасць спынілася пасля выбараў 1949) пачаліся рэпрэсіі і ў самой ВПП. Летам 1953 пасля перагавораў з сав. кіраўніцтвам ЦК ВПП адмежаваўся ад палітыкі кіраўніцтва на чале з М.Ракашы. Па прамым указанні сав. кіраўніцтва венг. ўрад узначаліў І.Надзь, які абвясціў «новы курс»: адмова ад фарсіраванай індустрыялізацыі і прымусовай калектывізацыі, арыентацыя на ўздым жыццёвага ўзроўню працоўных, большы ўлік нац. асаблівасцей і інш. Аднак Ракашы, які застаўся 1-м сакратаром ЦК ВПП, абмежаваўся паўмерамі і дамогся зняцця Надзя з пасады прэм’ер-міністра і выключэння яго з партыі (1955). Пахаванне 6.10.1956 у Будапешце Л.Райка і іншых камуністаў — ахвяр рэпрэсій з боку ракашыстаў — скалыхнула грамадскасць. 23.10.1956 мірная 20-тысячная студэнцкая дэманстрацыя ў венг. сталіцы пад лозунгамі паляпшэння сацыялізму, раўнапраўных дружалюбных адносін з СССР, салідарнасці з польскім абнаўленнем, вяртання ва ўрад Надзя і інш. перарасла ў беспарадкі (штурм і захоп будынка Венг. радыё). Увод ноччу 24 кастр. па просьбе венг. ўрада А.Хегедзюша сав. механізаваных часцей у Будапешт надаў падзеям нац.-вызв. характар. Узбр. паўстанцы (15—20 тыс.) стварылі ў горадзе сетку вузлоў супраціўлення, вялі баі з сав. падраздзяленнямі. Адзін з найб. трагічных момантаў — расстрэл паўстанцамі супрацоўнікаў дзярж. бяспекі, якія абаранялі будынак Будапешцкага гаркома партыі. 29—30.10.1956 сав. войскі (больш за 3 дывізіі) выведзены з Будапешта. 1 ліст. ўрад Надзя (вярнуўся ва ўрад 24 кастр.) заявіў аб выхадзе Венгрыі з Варшаўскага дагавора 1955, абвясціў краіну «нейтральнай» і звярнуўся ў ААН з просьбай аб абароне. Антыкамуніст. і антысав. акцыі адбываліся і ў правінцыі. 3.11.1956 пасля перагавораў аб вывадзе войск СССР з тэр. Венгрыі паміж сав. і венг. ваен. дэлегацыямі апошняя арыштавана супрацоўнікамі сав. КДБ (перагаворы адбываліся каля Будапешта ў размяшчэнні сав. вайск. часцей). Ноччу 4 ліст. група венг. паліт. кіраўнікоў на чале з Я.Кадарам арганізавала ў г. Сольнак рэв. рабоча-сял. ўрад, які звярнуўся за падтрымкай да СССР. У Будапешт былі ўведзены сав. войскі, якія да 10 ліст. ў асноўным ліквідавалі паўстанне. Новае кіраўніцтва стварыла Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю (ВСРП) і садзейнічала кансалідацыі грамадства, у т. л. эканам. захадамі (напр., пры калектывізацыі вёскі ў 1958—61 улічваўся прынцып добраахвотнасці, захоўвалася ўласнасць сялян на зямлю). У сярэдзіне 1960-х г. пачата эканам. рэформа з элементамі рыначных адносін. Аднак яе паступовае згортванне ў 1970-я г., памяншэнне знешняга гандлю, рост знешняга доўгу пры імкненні захаваць дасягнуты ўзровень жыцця насельніцтва пагоршылі сац.-эканам. становішча. У 2-й пал. 1980-х г. паскорыліся дэмакр. пераўтварэнні. Пасля Усевенг. канферэнцыі ВСРП (май 1988) новае парт. кіраўніцтва на чале з К.Гросам узяло курс на стварэнне рыначнай сістэмы дэмакр. сацыялізму і прававой дзяржавы. Паводле заканад. актаў 1989 устаноўлены Дзень рэспублікі (23 кастр.), прынята сучасная назва дзяржавы, уведзены канстытуцыйны суд і пасада прэзідэнта, зафіксаваны паліт. плюралізм, раўнапраўе грамадскай і прыватнай уласнасці і інш. У канцы 1989 на базе ВСРП утварыліся Венг. сацыяліст. партыя (ВСП) і абноўленая ВСРП. У сак.крас. 1990 адбыліся свабодныя шматпарт. выбары, на якіх перамог Венг. дэмакр. форум (ВДФ). Урад на чале з І.Анталам праводзіў радыкальны рыначны курс, які суправаджаўся спадам вытв-сці і сац. цяжкасцямі. На выбарах у маі 1994 перамагла ВСП, якая выступала за паступовасць рэформ пры захаванні сац. гарантый. Урад Дз.Хорна прадоўжыў рыначныя пераўтварэнні, аддаючы значную ўвагу сац. абароне насельніцтва (зніжэнне беспрацоўя, спыненне інфляцыі і інш.), і скарэкціраваў знешнепаліт. курс. Да сярэдзіны 1990-х г. спынены спад вытв-сці, зменшыўся знешні доўг, павялічыліся памеры знешняга гандлю і даходы насельніцтва. Венгрыя — чл. ААН (з 1995) (з 1955), Савета Еўропы (з 1990), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, «Вішаградскай групы». Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Венг. сацыяліст. партыя, Венг. дэмакр. форум, Венг. сацыяліст. рабочая партыя, Незалежная партыя дробных гаспадароў, Саюз маладых дэмакратаў, Саюз свабодных дэмакратаў, Хрысц.-дэмакр. нар. партыя; Канферэнцыя венг. прафсаюзаў, Незалежныя прафсаюзы, Венг. савет саюзаў моладзі і інш.

Гаспадарка. Венгрыя — развітая індустр.-агр. краіна. Доля прамысловасці ў нац. даходзе — 47%, сельскай гаспадаркі — 18%. З 5,4 млн. чал. працаздольнага насельніцтва (1993) у прам-сці занята 29,7%, буд-ве 7, сельскай гаспадарцы 16,1, абслуговых галінах 44,8%. На сусв. рынку Венгрыя вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання (пераважна аўтобусаў, дэталей і вузлоў да іх, партальных і плывучых кранаў, сродкаў сувязі, мед. апаратуры), хім. прам-сці (у т. л. фармацэўтычных прэпаратаў, сродкаў аховы раслін), с.-г. і харч. Прадуктаў. У паліўна-энергет. рэсурсах пераважае буры вугаль і лігніты (штогадовая здабыча каля 25 млн. т; у раёне гарадоў Татабанья, Дораг, Шальгатар’ян, Дзьёндзьёш, Озд, Мішкальц), каменны вугаль (каля 2—3 млн. т штогод) здабываюць у гарах Мечэк каля г. Печ. Здабываюць таксама (млн. т, 1991) нафту (1,9), баксіты (2,4), прыродны газ (каля 7 млрд. м³), марганец, поліметалы, буд. матэрыялы. Большая ч. нафты і газу імпартуецца пераважна з Расіі. Вытв-сць электраэнергіі 29,7 млрд. КВт·гадз (1991) пераважна на ЦЭС. АЭС у г. Пакш. У апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая і харч. прам-сць, каляровая металургія. Чорная металургія (выплаўка сталі ў 1991 — 1,9 млн. т) працуе ў асн. на імпартнай сыравіне; яе цэнтры — Будапешт, Мішкальц, Озд, Дунаўйвараш, Шальгатар’ян. У каляровай металургіі гал. ролю адыгрывае вытв-сць гліназёму і алюмінію (Альмашфюзіцё, Айка, Варпалата, Секешфехервар). У машынабудаванні вылучаюцца неметалаёмкія галіны: электратэхніка, электронная прам-сць, прыладабудаванне, а таксама выпуск разнастайных рухавікоў, дызельных паяздоў, цеплавозаў, грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Буйнейшы ў Еўропе вытворца аўтобусаў — з-д «Ікарус» у Будапешце і філіял у Секешфехервары. Развіта станкабудаванне, вытв-сць шарыкападшыпнікаў, абсталявання для лёгкай і харч. прам-сці, сродкаў сувязі, вымяральных прылад, выліч. тэхнікі, мед. абсталявання і прылад, с.-г. машын. Асн. цэнтры машынабудавання — Будапешт (больш за 50% прадукцыі галіны), Секешфехервар, Мішкальц, Эстэргам, Дзьёр, Дэбрэцэн. Выпушчана (1991): 4,7 тыс. аўтобусаў, 308 тыс. тэлевізараў, 435 тыс. халадзільнікаў. У хім. прам-сці (каля 15% валавой прамысл. прадукцыі) важнае месца займае вытв-сць мінер. угнаенняў, сродкаў аховы раслін, прадуктаў арган. сінтэзу, фармацэўтычных прэпаратаў (прадпрыемствы «Хінаін» і «Гедэон Рыхтэр»), гумавых вырабаў, лакаў і фарб. Вытв-сць азотных угнаенняў (Казінцбарцыка), фосфарных (Сольнак). З-ды па вытв-сці сернай (Будапешт і Сольнак) і азотнай (Печ) кіслот. Развіта нафтаперапр. прам-сць (з-ды ў Будапешце, Альмашфюзіцё, Печы, Сазхаламбаце); прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла і інш.). У харч. прам-сці найб. развіты вінаробства, вытв-сць кансерваў з агародніны і мяса, вэнджаных каўбас, цукр., мукамольная, малочная, масларобчая і алейная, тытунёвая, маргарынавая і інш. галіны. З галін лёгкай прам-сці найб. развітыя тэкст. (пераважна баваўняная), швейная, гарбарна-абутковая, трыкатажная. Гал. цэнтр лёгкай прам-сці — Будапешт (каля 60% прадукцыі галіны). Атрымана (млн. т, 1991): мінер. угнаенняў 0,3, штучных смол і пластмас 0,6, цэменту 3; тканін 272 млн. м², абутку 19,8 млн. пар, цукру 490 тыс. т.

У структуры сельскай гаспадаркі доля раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна аднолькавая. Збожжавыя і зернебабовыя культуры займаюць каля ​2/3 ворнай зямлі, тэхнічныя — 13%, агародніна — 3, кармавыя — 19%. Каля 150 тыс. га с.-г. зямель арашаецца. Пасевы пшаніцы і кукурузы пашыраны раўнамерна. Цукр. буракі найб. вырошчваюць на ПнЗ і ПдУ. У міжрэччы Цісы і Дуная, на паўд. схілах горных масіваў развіты садоўніцтва і вінаградарства. Збор (млн. т, 1991): збожжавых 12,6, бульбы 1,2, цукр. буракоў 4,7, садавіны 1,5. Пашыраны таксама бахчаводства, агародніцтва, вырошчванне сланечніку, рысу, тытуню, канапель. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля свіней і птушкі. Пагалоўе (млн. галоў, 1991): буйн. раг. жывёлы 2, свіней 8, авечак 2,5, птушкі 58,6. Рыбалоўства на рэках і воз. Балатан.

Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 130,2 тыс. км, у т. л. 29,9 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. чыгунак 7765 км. Рачны транспарт абслугоўвае пераважна знешнеэканам. сувязі. Даўж. водных шляхоў (р. Дунай, яго прытокі, шэраг каналаў) 1622 км. Нафтаправодаў 1204 км, газаправодаў 4387 км. 92 аэрапорты і аэрадромы. Гал. транспартны вузел — Будапешт. Экспарт (10,9 млрд. дол. ЗША, 1992): сыравіна, паўфабрыкаты, хімікаты, машыны, тавары лёгкай і харч. прам-сці і інш. Імпарт (11,7 млрд. дол. ЗША, 1992): паліва і энергарэсурсы, сыравіна, хімікаты, машыны і інш. Большая ч. знешнегандл. абароту прыпадае на краіны Зах. і Усх. Еўропы. Беларусь экспартуе ў Венгрыю трактары, калійныя ўгнаенні, некаторыя хімікаты, драўнінна-валакністыя пліты і фанеру, шыны і інш., набывае ў Венгрыі медыкаменты, гербіцыды, тканіны, збожжа, віно, алей і інш. Венгрыю штогод наведвае каля 20—22 млн. замежных турыстаў. Грашовая адзінка — форынт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС, налічваюць 77 тыс. чал.; ёсць эксперым. брыгада войск тэр. абароны (створана ў 1992). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На 1.1.1995 у сухап. войсках 56,5 тыс. чал. (80% агульнай колькасці ўзбр. сіл); арганізацыйна ўключаюць камандаванне, 4 ваен. акругі, 17 брыгад (3 танк., 9 механізаваных, 3 артыл., процітанк. артыл. і зенітная артыл.), войскі падтрымкі (полк баявых верталётаў і трансп. авіяц. брыгада), падраздзяленні баявога і тылавога забеспячэння, часці і ўстановы цэнтр. падпарадкавання. Маюць на ўзбраенні 1190 танкаў, 500 баявых машын пяхоты, каля 1200 бронетранспарцёраў, 991 гармату палявой і 160 гармат зенітнай артылерыі, 218 мінамётаў, 39 баявых верталётаў і інш. У ВПС 22 тыс. чал. (1993), 10 баявых эскадрылляў, 171 баявы і вучэбна-баявы самалёт.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 67, у жанчын 76 гадоў. Смяротнасць 13 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 100 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 262 чалавекі. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 13 на 1 тыс. нованароджаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венгрыі паводле закону 1985 уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, асн. 8-гадовую школу (абавязковае навучанне дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў), агульнаадук. гімназіі (4 гады навучання), 3—4-гадовыя сярэднія прафшколы, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю ў Венгрыі дае 8-гадовая школа і на яе аснове гімназія або сярэдняя прафшкола. У 1988/89 навуч. г. ў Венгрыі працавала больш за 3,5 тыс. 8-гадовых школ (1,3 млн. вучняў). Агульную сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (праграма арыентавана на гуманіт. падрыхтоўку і наступны працяг адукацыі ва ун-це), а таксама сярэднія прафшколы і сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы. У 1989/90 навуч. г. налічвалася больш за 250 гімназій. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты універсітэцкага тыпу, галіновыя ін-ты і вышэйшыя вучылішчы. Буйнейшыя ВНУ: Будапешцкі універсітэт (з 1635), мед. ін-т універсітэцкага тыпу (з 1769), эканам. ін-т (з 1948), тэхн. ун-т (з 1782); ун-т у Сегедзе (з 1872). Буйнейшыя б-кі: Дзярж. б-ка, Будапешцкага ун-та, Венг. АН, гар. б-ка Будапешта. Музеі: Нац. музей гісторыі і прыродазнаўчых навук (з 1802), Нац. музей выяўл. мастацтваў (з 1896), Музей прыкладнога мастацтва (з 1872), Нац. галерэя (усе ў Будапешце) і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Венг. АН (з 1825), ун-тах і ін-тах, галіновых НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты «Magyar Hirlap» («Венгерская газета», з 1968), «Nèpszabadsád» («Народная свабода», з 1942). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1958. Праграмы радыё і тэлебачання трансліруюцца па сетках наземнага, кабельнага і спадарожнікавага вяшчання. Больш за 55% тэлевіз. абанентаў прымаюць праграмы са спадарожнікаў з дапамогай індывідуальных (25%) і калектыўных (30% у сетках кабельнага тэлебачання) прыёмных установак. Са спадарожніка ЕЎТЭЛСАТ 11—Ф3 па сістэме ПАЛ перадаецца праграма тэлебачання Дзіна ТВ на венг. мове адначасова з праграмай Тэлетэкст. З больш як 40 інш. спадарожнікаў магчымы прыём праграм інш. краін. Дзейнічае Венгерскае тэлеграфнае агенцтва (МТІ).

Літаратура. Першыя пісьмовыя помнікі (жыціі, пропаведзі, тлумачэнні Бібліі, літургічныя гімны) створаны на лац. мове ў 11—12 ст. Галоўнымі творамі сярэдневяковай л-ры былі хронікі. У 13—14 ст. развівалася рэліг. л-ра на венг. мове, што было звязана з дзейнасцю жабрацкіх манаскіх ордэнаў і гусіцкім рухам; у 1430-я г. гусіцкія прапаведнікі Тамаш і Балінт пераклалі на венг. мову Біблію. З сярэдзіны 15 ст. пашыраліся ідэі Адраджэння; пачынальнікамі гуманістычнай л-ры, свабоднай ад тэалагічных догмаў і насычанай зямнымі перажываннямі, былі Я.Вітэз (эпісталярныя і аратарскія творы) і Я.Паноніус (лац. вершы). Фарміраванне ўласна венг. л-ры на венг. мове пачалося з канца 15 ст., асабліва ў эпоху Рэфармацыі (байкі і памфлеты Г.Хельтаі, паэзія вандроўнага песняра Ш.Тынадзі, пропаведзі П.Борнемісы). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая проза ў выглядзе т.зв. забаўляльных гісторый — апрацовак стараж.-венг. паданняў, часткова ант., італьян. і паўд.-слав. сюжэтаў («Гісторыя аб Аргірушу»), Буйнейшым паэтам венг. Адраджэння быў Б.Балаж. У 17 ст. ў венг. л-ры ўсталяваўся стыль барока, які адлюстроўваў контррэфармацыйна-феад. і вызв., антытур. і антыгабсбургскія памкненні. Пачынальнікам барока і духоўным правадыром контррэфармацыі быў езуіт і багаслоў-палеміст П.Пазмань, найб. вядомымі пісьменнікамі — М.Зрыньі і І.Дзьёндзьёшы. Познагуманіст. традыцыі (у спалучэнні з цікавасцю да пурытанізму і рацыяналістычнай філасофіі Дэкарта) працягвалі існаваць толькі ў Трансільваніі (Я.Апацаі-Чэрэ). Вызваленчыя антыгабсбургскія паўстанні канца 17 — пач. 18 ст. спрыялі росквіту вуснай паэзіі паўстанцаў. Была пашыранай і мемуарная л-ра. Л-ры эпохі Асветніцтва (апошняя чвэрць 18 — пач. 19 ст.) былі ўласцівыя асветніцкая форма класіцызму, шырокае выкарыстанне нац.-гіст. і дэмакр. тэматыкі, барацьба за т.зв. аднаўленне венг. мовы (творы і пераклады Дз.Бешэньеі, вершы Я.Бачаньі). Пасля задушэння ў 1795 рэсп. змовы правадніком ідэй Асветніцтва стаў літ.-грамадскі рух «абнаўляльнікаў мовы», які ўзначаліў Ф.Казінцы. У паэзіі М.Фазекаша, драмах І.Катаны выразней загучалі вольналюбівыя матывы, з’явіліся прыкметы рэалізму. Росквіт рамантызму (драмы К.Кішфалудзі, паэзія М.Вёрэшмарці і Я.Араня) у венг. л-ры суправаджаўся развіццём рэалізму (проза І.Этвеша, М.Іошыка). У паэзіі трыбуна рэвалюцыі 1848—49 Ш.Пецёфі рамант. і рэаліст. элементы дасягнулі вяршыні, былі закладзены асновы сучаснай венг. літ. мовы. Л-ра 2-й пал. 19 ст. жывілася ў асноўным праблематыкай новай бурж. эпохі (паэты І.Мадач, Я.Вайда, Арань; празаікі М.Іокаі, К.Міксат). Развіццё і аднаўленне венг. л-ры на пач. 20 ст. звязана з творчасцю паэтаў Э.Адзі, М.Бабіча і Д.Косталаньі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1919 частка венг. пісьменнікаў апынулася ў эміграцыі (А.Габар, Балаж, Б.Ілеш, А.Гідаш, М.Залка). У 1920—30-я г. выступалі т.зв. пісьменнікі-народнікі: П.Верэш, П.Саба, Л.Немет, Дз.Іеш, І.Дарваш і інш. Да авангардызму імкнуліся Л.Касак, Т.Дэры. Пасля 2-й сусв. вайны І.Добазі, Л.Надзь, М.Саба, Ш.Веэрэш і інш. развівалі традыцыі крытычнага рэалізму. Да літ. авангарду 1970-х г. належаць П.Эстэрхазі і Д.Тандары; прадстаўнікі сюррэалізму 1980-х г. — Л.Надзь, Ш.Чоары, Дз.Петры і Л.Краснахоркаі. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб-кі «Венгерскія апавяданні» (1957), «Сучасная венгерская паэзія» (1977), творы Пецёфі, Гідаша, Дарваша, Залкі і інш. На венг. мову перакладаліся асобныя творы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Адамовіча, В.Быкава, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, П.Глебкі, К.Крапівы, А.Кулакоўскага, А.Куляшова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, П.Прыходзькі, М.Танка, В.Таўлая. Т.Хадкевіча, І.Шамякіна.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Венгрыі захаваліся неалітычная кераміка і скульптура, помнікі мастацтва скіфаў і кельтаў, рэшткі рым. пасяленняў, ювелірныя вырабы гунаў і авараў, сляды пасяленняў стараж. славян. З 9 ст. вядома маст. апрацоўка металу. Да 10—11 ст. адносяцца «ніжнія храмы» ў гарадах Фельдэбрэ і Ціхань, да 11 — пач. 13 ст. — раманскія базілікі (у Яку, Печы, Жамбеку), раннегатычная палацавая капэла ў Эстэргаме. У выяўл. мастацтве 11 ст. відавочны ўплыў Візантыі. У канцы 13—15 ст. будуюцца гатычныя цэрквы (у Шопране, Пешце і інш.) і замкі (Дыяшдзьёр, Вішэград). Станковы жывапіс канца 14 — пач. 15 ст. блізкі да сярэднееўрапейскага, у скульптуры вылучаюцца бронзавыя статуі братоў М. і Дз.Колажвары. Росквіту мастацтва Венгрыя дасягнула ў 2-й пал. 15 ст. пры каралю Мацьяшу Хуньядзі (Корвіне). Творчасць італьян. архітэктараў і мастакоў, якія працавалі ў Венгрыі, садзейнічала пашырэнню культуры Адраджэння. У гарадах Буда і Вішэград створаны каралеўскія рэзідэнцыі. Свецкі дух быў уласцівы і царк. будынкам (капэла Бакаца з ордэрным дэкорам пры саборы ў Эстэргаме, 1506—07). У жывапісе захаваліся сувязі з познагатыч. традыцыямі (работы майстра «М.S.», блізкія дунайскай школе). Высокага ўзроўню дасягнулі мастацтва кнігі (рукапісы з рэнесансавым арнаментам з б-кі Корвіна), ювелірныя вырабы, маёліка. Турэцкае нашэсце (1526) надоўга затрымала развіццё венг. культуры. З канца 17 ст. будуюцца пераважна палацы і цэрквы (палац у Рацкеве, цэрквы ў Пешце, Эгеры, Эстэргаме); у мастацтве замацоўваецца аўстр. ўплыў і стыль барока. У барочным жывапісе вылучаюцца творы аўстрыйца Ф.А.Маўльберча. У архітэктуры і скульптуры 1-й пал. 19 ст. пераважаў класіцызм (рэфарматарскі сабор у Дэбрэцэне, 1803—21, арх. М.Печы; Нац. музей у Пешце, 1837—47, арх. М.Полак; партрэты і статуі скульпт. І.Ферэнцы). Пасля рэвалюцыі 1848 гіст. жывапіс прасякнуты нац.-вызв. ідэямі (палотны В.Мадараса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. вядучым стаў рэаліст. жанравы жывапіс (творы М.Мункачы, Ш.Біхары, І.Рэвеса). У галіне пейзажа вылучаліся блізкія да барбізонскай школы жывапісу работы Л.Паала, Л.Медньянскі, П.Сіньеі-Мершэ. У канцы 19 ст. склаліся характэрныя рысы арх. аблічча Будапешта — шырокія магістралі, будынкі ў духу неаготыкі, неабарока і неарэнесансу (парламент, 1884—1896; оперны т-р, 1875—84, арх. М.Ібль). На мяжы 19—20 ст. з’явіліся збудаванні ў стылі мадэрн (Музей прыкладнога мастацтва ў Будапешце, 1896, арх. Э.Лехнер). У 1900—10-я г. працавалі мастакі групы Надзьбаньі, якія выкарыстоўвалі прыёмы пленэрнага жывапісу (Ш.Холашы, К.Ферэнцы, Я.Торма і інш.), майстры альфёльдскай школы — паслядоўнікі Мункачы (Я.Торняі, І.Коста, І.Надзь і інш.), партрэтысты-жанрысты І.Чок, І.Рыпль-Ронаі, мастакі-авангардысты групы «Восем» (К.Кернштак, Б.Пор, Р.Берэнь). Пасля ўстанаўлення ў Венгрыі рэжыму фаш. дыктатуры многія мастакі працавалі ў эміграцыі (Б.Уітц, Ш.Бортнік, Л.Мохай-Надзь і інш.). Для пасляваеннай архітэктуры характэрныя мэтазгоднасць планіроўкі, спалучэнне простых, ясных аб’ёмаў: Нар. стадыён (1948—53), мост «Эржэбет» (1955—65), гасцініца «Дуна Інтэркантыненталь» (1969) у Будапешце, Палац спорту ў Мішкальцы (1970), т-р у Дзьёры (1978), прамысл. будынкі ў Ньірэдзьхазе і інш., гасцініцы ў Дэбрэцэне, Кечкемеце, Хайдусобасла і інш. Сучасныя збудаванні ўдала спалучаюцца з гіст. ансамблямі. У развіцці выяўл. мастацтва Венгрыі важную ролю адыгралі майстры-рэалісты (група альфёльдскіх мастакоў, жывапісцы І.Сёньі, А.Бернат, скульптары Ф.Медзьешы, Ж.Кішфалудзі-Штробль, П.Пацаі, Ш.Мікуш, Б.Ферэнцы). Створаны манумент Вызвалення на гары Гелерт у Будапешце (1947, Кішфалудзі-Штробль), фрэскі на металург. камбінаце г. Дунаўйвараш (1955, Э.Даманоўскі). У 1960—70-я г. ўзмацнілася цікавасць да абстрактных і ўскладненых экспрэсіўных вырашэнняў (жывапіс Ф.Марціна, Т.Дураі, Ф.Салаі, І.Барчаі, скульптура І.Шомадзьі, А.Макрыса, Т.Вільта, графіка Б.Кондара, А.Вюрца) з рысамі сімвалізму і сюррэалізму (жывапіс Т.Чэрнуша, скульптура І.Варгі, графіка А.Гроша, Дз.Хінца). Сярод майстроў станковай і манум. скульптуры Е.Керэньі, М.Боршаш, І.Кіш, Варга, Шомадзьі, Я.Конёрчык і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве сучасныя формы тактоўна спалучаюцца з нар. традыцыямі (кераміка М.Ковача і І.Гадара, габелены Хінца, работы дызайнера Л.Фінты і інш.).

Музыка. Для нар. музыкі Венгрыі характэрна ўзаемадзеянне стараж.-ўсх. асновы (пентатоніка) і больш позніх уплываў (гемітоніка, мажора-мінор). З 10 ст. вандроўныя спевакі-казачнікі прытрымліваліся традыцыі язычніцкіх эпічных спеваў. У 11 ст., з прыняццем каталіцтва, на тэр. Венгрыі пашырыліся грыгарыянскія спевы. З 13 ст. сярод венг. нар. інструментаў рог, фуруя (род флейты), больш познія — духавыя валынка (дуда), тарагата; струнныя кабза, скрыпка, лютня, цытра, цымбалы. З 15 ст. ў Венгрыі развівалася зах.-еўрап. прыдворная культура (сольныя спевы ў суправаджэнні лютні і скрыпкі, вак.-інстр. капэлы; каралеўская капэла ў Будзе была адна з лепшых у Еўропе). З 16 ст. вядомыя свецкія муз. творы на венг. тэксты (апубл. ў зб. Ш.Тынадзі, 1554, і Б.Бакфарка, 1553, 1565). У 17—18 ст. у рэзідэнцыях аўстра-венг. арыстакратаў ствараліся аркестры (у 1761—90 аркестрам кн. Эстэрхазі кіраваў І.Гайдн). Фарміраванне нац. стылю адбывалася ў рамках стылю вербункаш (канец 18 ст.), развітога ў творчасці скрыпачоў-віртуозаў і кампазітараў Я.Біхары, Я.Лаваты, А.Чэрмака, кіраўнікоў цыганскіх аркестраў і тэатр. труп. Уплыў вербункаша відавочны ў першых венг. операх І.Ружычкі («Уцёкі Белы» і «Кемень Шыман», 1822), А.Бартаі («Аўрэлія», 1837; «Хітрасць», 1839), М.Рожавёльдзі («Шукальнікі скарбу з Вішэграда», 1839), у операх Ф.Эркеля на тэмы нац.-вызв. руху («Ласла Хуньядзі», 1844; «Банк бан», 1852; «Дзьёрдзь Дожа», 1867). Сярод музыкантаў-рамантыкаў 19 ст. віртуозы-скрыпачы Э.Рэменьі, Е.Хубаі, а таксама І.Іоахім і Л.Аўэр (пачалі творчую дзейнасць у Венгрыі). Вяршыня развіцця венг. музыкі 19 ст., асабліва праграмнага сімфанізму, — творчасць Ф.Ліста. На пач. 20 ст. вядомасць набылі аперэты Ф.Легара, І.Кальмана, які ўнёс у аперэту элементы венг. песенна-танц. мелодыкі. Развіццё венг. музыкі 1-й пал. 20 ст. звязана з імёнамі Б.Бартака і З.Кодая. Сярод буйнейшых сучасных кампазітараў П.Кадаша, Дз.Ранкі, А.Сёлёшы, Ш.Балаша, Дз.Лігеці, Ж.Дурка. Сусв. вядомасць набылі балеты Бартака («Драўляны прынц», 1917; «Цудоўны мандарын», 1919), а таксама оперы Ш.Сокалаі («Крывавае вяселле», 1964) і Э.Петравіча («Сей

Тэатр. Вытокі тэатр. культуры ў язычніцкіх абрадах венграў-качэўнікаў. Яе носьбітамі былі скамарохі (ёкулатары), казачнікі (рэгешы). У канцы 17 ст. ўзнік школьны т-р. У 1790 акцёр і тэатр. дзеяч Л.Келемен стварыў прафес. т-р у Пешце. У 1792 браты Феер арганізавалі 2-і венг. т-р у Клужы. У 1-й пал. 19 ст., не вытрымаўшы канкурэнцыі з ням. трупамі, якія мелі дзярж. падтрымку, венг. т-р становіцца вандроўным. Асновы нац. школы мастацтва залажылі акцёры Келемен, Г.Моар, П.Янча, Ж.Сентпетэры, К.Медзьеры, Р.Дэрыне і інш. У 1837 адкрыты «Пешты мадзьяр сінхаз» (з 1840 Нац. т-р). У 2-й пал. 19 ст. створаны Нар. т-р у Будзе (1861), «Непсінхаз» у Пешце (1875), «Вігсінхаз» (1896) і «Мадзьяр сінхаз» (1897) у Будапешце, т-ры ў Мішкальцы, Сегедзе, Печы, Дэбрэцэне, Эгеры і інш. У пач. 20 ст. ствараліся невял. тэатры-студыі. У 1949 т-ры Венгрыі нацыяналізаваны. Узніклі новыя калектывы. Дзейнічаюць тэатры імя І.Мадача, імя К.Кішфалудзі, «Віг», «Талія», маладзёжны імя Ш.Пецёфі і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Т.Маяр, Э.Гелерт, З.Варканьі, Л.Маркуш, Е.Руткаі, М.Тэрэчык. У Будапешце працуюць Ін-т тэатра і кіно, Навукова-даследчы ін-т тэатра.

Кіно. Першыя хранікальныя карціны зняты ў канцы 19 ст., у 1911—13 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. У час рэжыму М.Хорці выпускаліся пераважна агіткі, салонныя драмы, камедыі (фільмы з удзелам Ф.Гааль — «Петэр», «Маленькая мама», 1934). У большасці пасляваенных фільмаў (канец 1940 — 1-я пал. 1950-х г.) — актуальныя праблемы грамадскага жыцця Венгрыі: «Дзесьці ў Еўропе» (1947, рэж. Г.Радваньі), «Пядзя зямлі» (1948, Ф.Бан), «Карусель» (1955, З.Фабры). Сярод фільмаў 1960-х г. «Альба-Рэгія» (1961, рэж. М.Семеш), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965, З.Варканьі), «Зоркі і салдаты» (1967) і «Цішыня і крык» (1968, абодва М.Янча); экранізаваліся творы нац. л-ры. З канца 1960-х г. дзеячы кіно звярнуліся да фільмаў на гіст. тэмы: «Дзесяць тысяч дзён» (1967, Ф.Коша), «Светлыя вятры» (1969), дылогія «Венгерская рапсодыя» і «Allegro barbaro» (1979). Здымаюцца фільмы для дзяцей, анімацыйныя, кінадакументалістыка. Сярод рэжысёраў і акцёраў: Янча, М.Месараш, З.Хусарык, Дз.Кабаш, П.Явар, Е.Руткаі, І.Печы. Кадры рыхтуе Вышэйшая школа т-ра і кіно ў Будапешце (кінафакультэт з 1946). У 1969 заснаваны Саюз работнікаў кіно і тэлебачання Венгрыі.

Літ.:

История Венгрии. Т. 1—3. М., 1971—72;

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991;

Марков Д.С. Венгрия. М., 1990;

Тихомиров А.Н. Искусство Венгрии IX—XX вв. М., 1961;

Кодай З. Венгерская народная музыка: Пер. с венг. Будапешт, 1961;

Сабольчи Б. История венгерской музыки: Пер. с венг. Будапешт, 1964;

Музыка Венгрии. Сб. ст.: [Пер. с венг.] М., 1968.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў, У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЯ

(Deutschland),

Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland), дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс. км². Нас. 81,3 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г. Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г. Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).

Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.

Прырода. На ПнПаўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн. м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗ паўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд. т.), Саарскі (5,5 млрд. т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд. т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд. т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд. т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗ да больш кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °C да 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На З найб. р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс. чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс. чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.

Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс. г. да н.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл. Гальштацкая культура) і латэнская (гл. Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст. да н.э. заселена стараж. германцамі. З 2 ст. да н.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г. н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт. Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст. герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад І [911—919] і Генрых І [919—936]. Пры Атоне І спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн. «Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне І і Атоне II).

З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл. Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст. найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл. Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт. «Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг. Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду І [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў да Трыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн. чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).

У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму І [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаў да Прусіі далучана б. ч. Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял. еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл. Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт. Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона І спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл. Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (​3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г. ням. прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн. чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл. Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г. індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл. Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.

У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам І і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.Бетман-Гольвег і інш). У 1880-я г. пачата стварэнне герм. калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн. км² з насельніцтвам каля 14 млн. чал. (Герм. Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм. Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах. ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.І.Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.

У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл. Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла ​1/8 сваёй тэр., ​1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм. дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн. чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.

Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт. Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц. камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням. прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл. Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл. Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).

У 2-ю сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав. акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл. «Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт. акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах. ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт. Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл. ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.

Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім. прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн. т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн. т (у 1994 — 106 млн. т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд. м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд. м³, імпарт 69,5 млрд. м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд. кВт·гадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн. т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб. прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.

Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн. т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн. т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На З асн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс. км аўтастрад, 44,3 тыс. км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс. км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн. т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн. т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд. дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд. дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.

Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс. чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс. чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс. чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс. чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс. чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес. навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач. прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец. ВНУ адм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец. ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец. ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж. б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр. мед. б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л. Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм. нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш. дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д. арг-цыяТ-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.

Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс. ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац. інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).

Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.

Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб. стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл. Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст. л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням. літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.Г.Клопштака, К.М.Віланда.

Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.Р.Ленц, Г.А.Бюргер і інш. Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.Айхендорфа, В.Мюлера, Л.Уланда, Э.Ф.Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.Вінбарг, К.Гуцкаў, Г.Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2-й пал. 19 ст. найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.Шторма, Т.Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.Швайхель, Ф.Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.Гайм, Г.Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.К.Вайскопф, Ф.Вольф, Э.Э.Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.Боймельбург, Э.Дзвінгер, Г.Грым, Г.Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.Кукгоф, А.Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.

У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.Апіца, Э.Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.Вайнерта, Ф.Фюмана, С.Хермліна, Л.Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2-й пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.Нойгаўс, Дз.Ноль, М.В.Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.Вольф, Фюмана, паэзія Э.Арэнта, драматургія Г.Мюлера, П.Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.Нойч), інтэлігенцыі (Г.Кант), маладога пакалення (Г.Гёрліх, У.Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.Навотны, Р.Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.

У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2-й сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.Вайзенборн, Г.Бэн, Э.Юнгер, Г.Г.Ян), экзістэнцыялізму (Г.Э.Носак, А.Андэрш), рэалізму (В.Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.Лангесер, Г.Казак, С.Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.В.Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.Баўэр, Г.Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.Вайса, Р.Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.Ленца, П.Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.Шпер, Г.Генкель, Ф.К.Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.

На Беларусі ням. л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2-й пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.Э.Распэ, В.Гаўфа, Келермана, А.Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.Альфрэда, М.Кальтофена, Л.Турэка, Брэдэля, Г.Мархвіцы, Э.Глезера, Фейхтвангера, А.Гёртца, Г.І.Гартунга, Рэна, Б.Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.Аменды («Апасіяната», 1983), Т.Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кі апавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.Вольфа, К.Нойкранца, Г.Поля, К.Брэгера, Э.Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.Абуховіч, Я.Барычэўскі, Л.Баршчэўскі, Я.Бялясін, В.Вольскі, Ю.Гаўрук, К.Даўкша, С.Дорскі, А.Дудар, М.Ермалаеў, А.Звонак, А.Зарыцкі, А.Клышка, А.Лойка, М.Навіцкі, У.Папковіч, У.Сакалоўскі, Я.Семяжон, В.Сёмуха, Ю.Таўбін, Х.Шынклер, У. і Г.Чапегі і інш.

Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел. л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням. перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Куляшова, Т.Хадкевіча, М.Паслядовіча, К.Крапівы, Я.Маўра, Я.Брыля, У.Караткевіча, І.Шамякіна, В.Быкава, А.Адамовіча, А.Кудраўца, С.Алексіевіч, А.Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.Рандаў, Г.Грым, Р.Вільнаў, Г.Гербот, Г.Лёфлер, Д.Памерэнке, Л.Рэманэ, Т.Рэшке, К.Гутшміт, Г. і У.Чапегі, Э.Эрб і інш.

Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2-я пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст. Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.Гёгера, М.Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.

У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2-й пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).

У архітэктуры ФРГ 1950 — 70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.М.Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.Стырлінг).

Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.Ян, Г.Бём, Беніш, Унгерс і інш.

Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2-й пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор ў Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв. мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць да быт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.Эльсгаймер. У 2-й пал. 18 ст.пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.Шадаў, К.Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.Графа, А. І В.Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.Гайне, Г.Цыле, Г.Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.Нольдэ, Э.Гекель, Э.Л.Кірхнер, Ф.Марк, К.Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.Пехштайн, К.Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.

Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.Грундыг, М.Лінгнер, О.Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.Цюбке, Б.Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.Ламерт, В.Арнальд, В.Говард, Т.Бальдэн, Г.Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.Э.Мюлер, Л.Грундыг, А.Мор, Г.Т.Рыхтэр і інш.

Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.Дзікс, О.Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.Баўмайстэр, Э.В.Най, Ф.Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.Піне, Г.Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.Фрутрунк, К.Г.Пфалер, В.Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.Бойс, Г.Базеліц, А.Кіфер, М.Люпертц, А.Р.Пенк, З.Польке, Г.Рыхтэр, У.Рукрым, Р.Горн і інш.

Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс. да н. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням. хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.Экарда, Л.Лехнера, Г.Л.Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац. муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.Кайзера, І.Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст. асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.Шайт, І.Я.Фробергер, І.А.Райнкен, І.К.Керль, Г.Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.Г.Вальтэра, Матэзана (гл. Афектаў тэорыя), А.Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням. муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар. муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2-й пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз. т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням. зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.І.Кванц, І.Г.Граўн, І.А.Бенда, Ф.В.Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням. муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац. рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.Лахнера, Ф.Р.Фолькмана, Ф.Гілера, К.Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.Дэн, А.Б.Маркс, Г.Крэчмар, Ф.Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.Мук; спявачка Г.Зонтаг; піяністы Ф.Калькбрэнер, І.Мошалес, К.Шуман; скрыпачы Ф.Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.Бутынга, В.Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.Фогель, Э.Г.Маер, Л.Шпіс, дырыжоры К.Ранкль і Г.Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.Бехер, Б.Брэхт, Э.Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв. нар. операх І.Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.Блахер, К.А.Гартман).

Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.Вагнер-Рэгені, О.Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.Вольгемута, Г.Кохана, Р.Брэдэмаера, Р.Кунада, Ф.Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.Абендрот, Ф.Канвічны, К.Зандэрлінг, К.Мазур, О.Суітнер; оперныя рэжысёры Г.Арнальд, Э.Фішэр, В.Фельзенштайн; спевакі А.Бурмайстэр, М.Клозе, Т.Адам, П.Шраер; арганісты В.Шэтэліх, А.Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л. Ням. дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.Ф.Гендэля, Р.Шумана і інш. Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.С.Баха ў Лейпцыгу, імя Р.Шумана ў Цвікаў, імя К.М.Вебера ў Дрэздэне і інш.).

У музычную культуру ФРГ вял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.Біялас, Г.Генцмер, Э.Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.В.Генцэ, Б.А.Цымерман, Г.Клебе, Дз.Шнебель, В.Кільмаер, А.Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.Кагель, Г.Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.М.Гамель, В.Рым, М.Траян і інш.). Найб. муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.Кемпе, Г.Кнапертсбуш, Г.Росбаўд, Р.Кубелік, П.Андэрс, К.Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.Вагнер, Г.Рэнерт, Г.Р.Зельнер; спевакі Э.Шварцкопф, Х.Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.Борк, А.Шлем, А.Ротэнбергер, Г.Прэй, Л.Поп; піяністы В.Бакгаўз, В.Кемпф; віяланчэліст З.Пальм, трубач А.Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш. Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар. Цэнтр. джаза (1983).

Тэатр. Вытокі ням. т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес. т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар. т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.Нойбер і драматурга І.К.Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.Ф.Шонемана і Г.Г.Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар. муз. т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням. сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням. т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст. ням. т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, акцёры І.Флек і Л.Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар. т-ра (у 1871—91 рэж. Л.Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.Гаазе, А.Зорма, І.Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2-й пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.

У тэатры ГДР вял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра «Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.Зольтэра, А.Ланга, І.Тэншэрта, А.Вейгель, Г.Май, Э.Шаля, К. фон Апена, Г.А.Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.

У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.К.Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.

Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.Мюлер, В.Энгель, Г.Зайдэль, П.Штайн, Р.Чулі; сярод акцёраў — Ю.Лампе, В.Дрольц, В.Баер, Ф.Роас, П. фон дэр Беек, П.Крэмер, К.Нойхойзер, М.Нойман, С.Тома, Ф.Шэвідзі, Б.Брода, К.Герцаг, М.Гільбіг, Л.Гольбург, Г.Шэфер, Г.Э.Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.Буса, Ю.Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.Гайна, М.Кербля, Л.Троле, Штрауса, Г.Ахтэрнбуша, К.Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.

Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.В.Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.В.Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх. ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».

Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай да ўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.Э.Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.В.Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.Вайс, І.Гузнер, Р.Зіман, В.Бек, С.Блайвайс, Г.Дзюба, Э.Шлегель, Г.Шольц, М.Экерман, акцёры А.Бюргер, А.Валер, Э.Дункельман, Г.Вольф, Э.Гешанек, В.Кох-Гоге, А.Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.

У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.Клуге, В.Герцаг, Б.Зінкель, А.Брустэлін, Р.В.Фасбіндэр, У.Эдэль, В.Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.Г.Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.

У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.Дзёры, І.Фільсмаер, О.Валькес, Г.Дзітл, З.Вортман, К.Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.

Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс. чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр. рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2-й сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел. к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел. культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2-я сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс. чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел. цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел. культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел. т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).

На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.

У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел. ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г. бел. навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.

Літ.:

Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;

Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;

Руге В. Германия в 1917—1933 гг. М., 1974;

Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;

Otto K.-Н. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;

Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;

Stern L., Bartmuβ H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;

История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;

История литературы ФРГ. М., 1980;

История литературы ГДР. М., 1982;

Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;

Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;

Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;

Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;

Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;

[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;

Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;

Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.А.Шупляк (гісторыя 1918—45), А.П.Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), В.М.Козел (тэатр), А.С.Ляднёва (беларусы ў Германіі).

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)