спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАБО́Л [ад вела(сіпед) + англ. ball мяч],
спартыўная камандная гульня з мячом на веласіпедах. Гуляюць 2 каманды па 2 чал. Мэта — накіраваць мяч у вароты процілеглай каманды коламі веласіпеда, галавой або тулавам. Гуляюць на адкрытых і закрытых пляцоўках. Найб. пашыраны ў Чэхіі, Славакіі, Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРО́ТНІК»,
бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,
гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.бел.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.
Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл.«Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАБЫ́ЛА»,
«кабылка», «конь», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі асабліва пашырана на Бел. Палессі, дзе захавалася і ў наш час. «К.» майстравалі па-рознаму (напр., да замацаваных на канцах палкі рэшатаў прыладжвалі галаву і хвост з лёну). Накрыты посцілкай выканаўца ў час паказу сядзеў вярхом ва кіі. Паводле складу ўдзельнікаў вядомы малая (уваходзілі «К.» і яе павадыр-«цыган») і вялікая (яшчэ і «дзед», «афіцэр», «барыня», «улан», 10—12 «песельнікаў» і музы́ка). «К.» вадзілі па хатах. Гал. у дзеі было выступленне «цыгана», які ладзіў імправізаваны торг: мяняў або прадаваў «К.». Калі гаспадар не запрашаў у хату, у яго адрас спявалі здзеклівую песню. Гульня вызначалася імправізацыяй, выдумкай, акцёрскім пераўвасабленнем выканаўцаў асн. роляў. Уваходзіла ў паказы нар. тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульняспарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКА́ ЛЕ́ЙДЭНСКІ, Лукас ван Лейдэн (Lucas van Leyden; 1489 або 1494, г. Лейдэн, Нідэрланды — 1533),
нідэрландскі гравёр і жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Х.Якабса (1504—08) і К.Энгелбрэктса. Зазнаў уплывы А.Дзюрэра і М.Раймондзі. У творчасці імкнуўся да спалучэння дакладнасці перадачы фігур і дэталей, псіхал. выразнасці вобразаў і цэласнасці кампазіцыі. У ранні перыяд працаваў як майстар разцовай гравюры на медзі («Магамет і манах Сергій», 1508; «Кароўніца», 1510; «Танец Магдаліны», 1519; «Вергілій у кашы», 1523), пазней звярнуўся да афорта і дрэварыта. У жывапісе ствараў жанравыя сцэны («Гульня ў шахматы», каля 1508—10; «Гульня ў карты», каля 1521), рэліг. кампазіцыі («Св. Антоній», 1511; «Пропаведзь у царкве», 1521; трыпціхі «Страшны суд», 1526—27, «Вылячэнне іерыхонскага сляпога», 1531), партрэты, у т. л. аўтапартрэт (каля 1514).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІ-ФУТБО́Л,
спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.
У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).
На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.