КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ПАЛІМЕ́РЫ,

сінтэтычныя высокамалекулярныя злучэнні, якія маюць атамы крэмнію (Si) у манамерным звяне. Найб. даследаваны і шырока выкарыстоўваюцца ў прам-сці поліарганасілаксаны ці сіліконы.

Поліарганасілаксаны — К.п. агульнай ф-лы [—Si(R,Ŕ′)—O—]n, у якіх асн. ланцуг макрамалекулы складаецца з атамаў Si, што чаргуюцца з атамамі кіслароду, і непасрэдна злучаны з атамамі вугляроду бакавых груп R, R — арган. радыкалаў (напр., метыл CH3-, этыл C2H5-, феніл C6H5-груп), якія абрамляюць асн. ланцуг. Лінейныя і разгалінаваныя К.п. з невысокай малекулярнай масай — вязкія бясколерныя вадкасці (гл. Крэмнійарганічныя вадкасці); высокамалекулярныя лінейныя — эластамеры (гл. Крэмнійарганічныя каўчукі) а сшытыя і разгалінаваныя — цвёрдыя, шклопадобныя, крохкія рэчывы. Вызначаюцца высокай тэрмастойкасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, гідрафобнасцю, устойлівасцю да ўздзеяння кіслот і шчолачаў, фізіял. інертнасцю. Выкарыстоўваюць у якасці сувязнага ў вытв-сці пластмас, напр., шклопластыкаў, прызначаных для работы пры павышаных т-рах.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 8, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (у грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЎГЕНЬ Алег Ігнатавіч (н. 6.10.1962, г. Валожын Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1995). Чл. кар. Бел. акадэміі адукацыі (1997). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1992 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (прарэктар). З 1999 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (прарэктар; з 2000 рэктар). Адначасова з 1991 у БДУ (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па алгебры, методыцы выкладання матэматыкі, праблемах інфарматызацыі адукацыі. Распрацаваў камбінаторныя метады ў тэорыі лінейных груп. Вырашыў праблему Гратэндыка аб праканечных папаўненнях груп. Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Алгебра. 4 выд. Мн., 1997 (у сааўт.);

Методы решения задач по математике: В 2 т. Т. 1. Мн., 2000 (разам з Ан.І.​Таўгенем).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФА ЛІК,

характарыстыка (індэкс) сонечнай актыўнасці. Абазначаецца W. Вызначаецца як W = f+10g, дзе f — агульны лік сонечных плям, g — лік утвораных імі груп, бачных на Сонцы ў дадзены момант часу. Уведзены ў 1848 швейц. астраномам Р.​Вольфам.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,

агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ,

масавае ўзброенае выступленне супраць пануючых класаў у абарону класавых або нац. інтарэсаў. Адрозніваюць: масавае рэв. ўзброенае П. з мэтай заваявання паліт. улады; бунт — стыхійнае, неарганізаванае выступленне мас; путч — выступленне гал. чынам афіцэрскіх груп для ўстанаўлення ваен. дыктатуры, а таксама мяцеж.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),

малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).

Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРТРА́Н (Bertrand) Жазеф Луі Франсуа (11.3.1822, Парыж — 3.4.1900),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1856), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1896, чл.-кар. з 1859). З 1862 праф. Калеж дэ Франс. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі груп. Аўтар падручнікаў па матэматыцы.

т. 3, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІКІСЛО́ТЫ,

карбонавыя кіслоты, у малекулах якіх ёсць карбаксільная (-COOH) і гідраксільная (-OH) групы. Паводле ўзаемнага размяшчэння гэтых груп адрозніваюць α-, β-, γ-, S-A. Адыгрываюць вял. ролю ў біяхім. працэсах раслінных і жывых арганізмаў, напр. лімонная кіслата, малочная кіслата, саліцылавая кіслата, яблычная кіслата.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)