КАПІЛЯ́РНАЯ ВАДА́,

від падземных вод, якія ўтрымліваюцца ў порах горных парод сіламі паверхневага нацяжэння.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАХІ́МІЯ,

раздзел петралогіі, які вывучае размеркаванне хім. элементаў у горных пародах і пародаўтваральных мінералах.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕААКУ́СТЫКА (ад геа... + акустыка),

раздзел прыкладной геафізікі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання акустычных палёў у горных пародах, вадкасцях і газах, што запаўняюць сітавіны і расколіны ці знаходзяцца ў ствалах буравых свідравін. Метады геаакустыкі — акустычная разведка, сейсмічная разведка, глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне, ультрагукавая эхалакацыя, гукавы каратаж і інш. Займаецца даследаваннем будовы і ўласцівасцей зямной кары, пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў, рашэннем тэхналагічных задач пры правядзенні горных і буравых работ.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл. Карст).

2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму горных парод і руд. Падзяляюцца на метамарфічныя (узніклі з горных парод і руд, якія не мелі прамысл. каштоўнасці; напр., радовішчы дахавых сланцаў, кіяніту і сіліманіту па гліністых сланцах, мармуру па вапняках, наждаку па бедных баксітах) і метамарфізаваныя радовішчы (узніклі з раней існуючых радовішчаў карысных выкапняў; напр., метамарфізаваныя радовішчы магнетытавых кварцытаў, графіту, марганцу, золата, урану).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,

вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЯМАРФІ́ЗМ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + грэч. morphe форма),

уласцівасць зерняў мінералаў прымаць пры крышталізацыі толькі ім характэрныя крышталеграфічныя рысы (агранку). Найб. выражаны І. у мінералаў, што крышталізуюцца на пачатковай стадыі фарміравання горных парод з лёгкарухомага асяроддзя (расплаваў, гідратэрмальных раствораў), або ў мінералаў з вельмі высокай крышталізацыйнай уласцівасцю (метакрышталі), якая ўзнікае ў цвёрдым асяроддзі нават на позняй стадыі фарміравання горных парод, асабліва метамарфічных. Ідыяморфныя мінералы: палявыя шпаты, кварц, пірыт і інш.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РСІЯ ў геалогіі,

1) І. тэктанічная — завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі. У гэты перыяд з І. звязаны: пачатак росту горных хрыбтоў, змінанне горных парод у складкі, пранікненне магматычных інтрузій і рэгіянальны метамарфізм.

2) І. рэльефу, перавернуты рэльеф — ператварэнне рэльефу агентамі дэнудацыі з узнікненнем зваротных суадносін паміж геал. структурамі і формамі рэльефу (напр., над антыкліналямі размешчаны рачныя даліны, а над сінкліналямі горныя хрыбты).

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ЦІСК,

збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́Г,

мелкаводны камяністы або скалісты ўчастак у рэчышчы ракі з рэзкім падзеннем узроўню вады і вял. скорасцю цячэння. Утвараецца звычайна ў месцах выхаду цяжка размываемых горных парод або нагрувашчвання валуноў і абломкаў горных парод. П. перашкаджаюць суднаходству і лесасплаву. Ніжэй П. часта будуюць ГЭС (напр., Днепрагэс, Усць-Ілімская ГЭС на р. Ангара). На Беларусі П. трапляюцца на рэках Зах. Дзвіна (Вярхоўскі П. вышэй г. Віцебск), Дняпро (Кабяляцкія П. каля г. Орша).

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)