ГЕ́ЕР (Geyer) Фларыян (каля 1490, г. Гібельштат, Германія — 10.6.1525),

адзін з кіраўнікоў паўстанцаў у Сялянскую вайну 1524—26 у Германіі. Імперскі рыцар. У 1519—23 на вайск. і дыпламат. службе ў магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага. Вясной 1525 узначаліў адзін з рэв. сял. атрадаў у Франконіі (т.зв. «Чорны атрад»), Дамогся пашырэння паўстання на 9 гарадоў. Выступаў за скасаванне прывілеяў дваранства і царквы. Забіты ў час задушэння паўстання войскамі Швабскага саюза.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́АЛЕ, Зале (Saale),

рака ў Германіі, левы прыток р. Эльба. Даўж. 427 км, пл. бас. каля 24 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Фіхтэльгебірге, цячэ па раўнінах Цюрынгіі, ніжэй г. Наўмбург па нізіне. Сярэдні расход вады 100 м³/с, высокія ўзроўні зімой і вясной. Суднаходная на 175 км ад г. Наўмбург. Ад г. Гале каналізаваная (каля 20 шлюзаў). ГЭС. На З. — гарады Заальфельд, Іена, Рудальштат, Наўмбург, Гале, Бернбург, Кальбе.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАВО́ЧКА хлебная

(Chlorops pumilionis),

насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.

Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.

Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́ЛТЭ (Skulte) Адолфс (н. 28.10.1909, Кіеў),

латышскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Латвійскую кансерваторыю ў Рызе (1934), з 1936 выкладаў у ёй (з 1952 праф.). Вучань Я.​Вітала. Аўтар пераважна буйных сімф. і муз.-сцэн. твораў: опера «Прынцэса Гундэга» (паст. 1971), балеты «Сакта свабоды» (паст. 1950), «Навальніца вясной» (паст. 1967), кантаты, 9 сімфоній (1954—86), камерная, хар. музыка і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951. Дзярж. прэмія Латвіі 1976.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТВОЛ у батаніцы,

галоўнае (восевае) адраўнелае сцябло дрэва. Пачынаецца ад шыйкі кораня і заканчваецца верхавінкай. Звычайна прамы, бывае скрыўлены, часам палягае; у дрэвавых ліян можа быць павойным. Служыць апорай для кроны, выносіць лісце да святла. Зімой С. — акумулятар вільгаці і пажыўных рэчываў, вясной і летам у ім адбываецца рух сокаў. Асн. маса С. — драўніна (другасная ксілема), дыферэнцыраваная на гадавыя слаі (кольцы), і кара. У лясной прам-сці С — аб’екты нарыхтовак.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́БЛЯ,

гаць, шлях, пракладзены ў балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі цераз ручаіны і рэкі. Аснову найпрасцейшай грэблі складаў насціл з галля. На балоцістых мясцінах грэблю часцей будавалі зімой. Вясной многія грэблі затапляліся і размываліся, іх даводзілася аднаўляць. Адыгрывалі важную ролю ў гасп. жыцці ВКЛ. Патрабавалі вял. ўвагі, асабліва ў час інтэнсіўнага руху гасп. грузаў і перамяшчэння войск. З усталяваннем індустр. формаў дарожнага буд-ва і меліярацыі грэблі страцілі практычнае значэнне.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,

вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.

т. 1, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЦІ,

старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл. Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.

І.​М.​Браім.

Восці.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫГАХО́Д,

рух крыг і ледзяных палёў на рэках, азёрах і вадасховішчах пад уплывам цячэння або ветру. Адбываецца вясной і восенню, зрэдку зімой пры моцных і працяглых адлігах. Пры веснавым К. рухаюцца льдзіны, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння ледзянога покрыва, пры асеннім — ільдзіны, што сфарміраваліся пры змярзанні ледзянога сала, шарашу, кавалкаў лёду, якія адрываюцца ад заберагаў. К. нярэдка суправаджаецца заторамі лёду. Гушчыня К. на рэках ацэньваецца ў 10-бальнай сістэме, на азёрах — у 3-бальнай.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)