ВЕ́ЧНЫЯ СНЯГІ́,
шматгадовыя намнажэнні снегу і лёду ў палярных краінах і ў гарах вышэй за снегавую лінію. Уласцівы абласцям з дадатным гадавым балансам цвёрдых атм. ападкаў, частка якіх не паспявае растаць і выпарыцца за лета і назапашваецца з году ў год. На тэр. Беларусі былі ў час зледзяненняў.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛДО́Й, Баркалдаі,
хрыбет у Цянь-Шані, на левабярэжжы р. Нарын (Кіргізія). Даўж. каля 100 км. Сярэдняя выш. каля 4300 м, найб. (на З) 5049 м. Складзены з крышт. сланцаў, мармураў, гранітаў. На схілах пераважае паўпустынная расліннасць, вышэй — скалы і асыпкі з разрэджанай ксерафітнай расліннасцю. На паўн. схілах значнае абледзяненне.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УАСКАРА́Н (Huascarán),
нацыянальны парк у Перу, у Зах. Кардыльеры Анд. Пл. 340 тыс. га. Засн. ў 1975. Выш. да 6768 м (самы высокі пункт краіны — г. Уаскаран, складзеная з дыярытаў і андэзітаў). Высакагорныя стэпы, вышэй за 5200 м — шматгадовыя снягі. У складзе фауны: вікунья, андыйскі алень, кондар. Біясферны рэзерват.
т. 16, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
горная катлавіна на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане. Абмежавана з Пн хр. Кюнгёй-Ала-Тоо, з Пд хр. Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята воз. Ісык-Куль. Даўж. 240 км, шыр. да 90 км. Уяўляе сабой сінклінальны прагін, ускладнены разломамі. Вял. сейсмічнасць. На У радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на ПдУ — тэрмальны мінер. крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У зах. ч. катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсх. ч. ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі. Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны Ісык-Кульскі запаведнік.
т. 7, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́.
Пашыраны ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных паясах паміж 25° паўн. ш. і 30° паўд. ш. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення, выражанасці і працягласці сухога сезона адрозніваюць Т.Л.: вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы; паўвечназялёныя або паўлістападныя сухія (да 40 м вышыня дрэвастою, багаты фларыстычны склад, у т. л. ліяны і эпіфіты, часам з выражаным лістападам і ўзнаўленнем лісця; у тропіках Азіі наз. мусоннымі лясамі); лістападныя светлыя ў трапічных раёнах Індакітая з выражаным сухім сезонам (дыптэракарп бугрысты, пентакмэ сіямская, тэрміналія лямцавая, на бедных глебах хваёвыя лясы); горныя — на схілах гор вышэй за 800 м у паласе кандэнсацыі туманаў — нефелагілеі (вечназялёныя з дрэвападобнымі папарацямі, некат. хвойнымі і араўкарыямі), вышэй за 2000 м — імшыстыя і нізкарослыя з сям. лаўровых, букавых, верасковых (у лясах Гімалаяў і Кітая шмат дрэвападобных рададэндранаў, эпіфітных імхоў). З-за падабенства да лясоў умераных шырот горныя Т.л. наз. субтрапічнымі. Т.л. даюць шмат каштоўнай прадукцыі і драўніны (каўчуканосы, гваздзіковае, цікавае, салавае дрэвы і інш.).
т. 15, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РСКІ ЛЕС (Bayrischer Wald),
складкава-глыбавы крышт. хрыбет на ПдУ Германіі. Даўж. каля 90 км, выш. да 1121 м (г. Эйнёдрыгель). Паверхня згладжаная, з асобнымі завостранымі вяршынямі. Паўн.-ўсх. схілы адносна пакатыя, паўд.-заходнія стромка спадаюць да даліны р. Дунай. Да выш. 800 м укрыты ялова-букавымі, вышэй — ялова-піхтавымі лясамі.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.
т. 2, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАНІ́ДЫ,
від перакідных злучэнняў. Неарган. азаніды — злучэнні шчолачных металаў і амонію, у якіх ёсць малекулярны іон O3−. Чырв. крышталі, парамагнітна раскладаюцца з утварэннем азону пры і вышэй за 60 °C. Моцныя акісляльнікі, гідралізуюцца вадой. Атрымліваюць узаемадзеяннем гідраксідаў з азанаваным кіслародам. У малекулах арган. азанідаў існуе пяцічленны цыкл >C-O-C< <FORMULA>.
т. 1, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.
т. 4, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)