ГЕАСТАЦЫЯНА́РНАЯ АРБІ́ТА,
кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНК ((Penck) Вальтар) (30.8.1888, Вена — 29.9.1923),
нямецкі геолаг і геамарфолаг, адзін з заснавальнікаў ням. геамарфалагічнай школы. Сын А.Пенка. З 1914 у Лейпцыгскім ун-це, у 1915—18 праф. Стамбульскага ун-та. Вывучаў геамарфалогію і геалогію Андаў, Гавайскіх а-воў, Апенінаў, Сіцыліі. М. Азіі, Сярэдняй Еўропы і інш. рэгіёнаў. Навук. працы па ўплыве верт. рухаў зямной кары і дэнудацыйных працэсаў на фарміраванне рэльефу. Прапанаваў марфалагічны аналіз як адзін з метадаў вывучэння рэльефу.
т. 12, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́ЛІЗ (ад плазма + лізіс),
аддзяленне прысценачнага слоя цытаплазмы ад цвёрдай абалонкі расліннай клеткі. Адбываецца ў жывых клетках па прычыне сціскання пратапласта пад уздзеяннем плазмалітыку — раствору, гіпертанічнага да клетачнага соку. Пры запаволеным П. клеткі здольныя даволі доўга заставацца жывымі і пры перанясенні ў звычайную ваду хутка аднаўляюць стан тургару. Здольнасць да П. выкарыстоўваюць у эксперым. цыталогіі і фізіялогіі раслін для вызначэння асматычнага патэнцыялу, вязкасці цытаплазмы, вывучэння клетачнай пранікальнасці і інш.
т. 12, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак, якія колькасна і якасна характарызуюць пэўны від прыродных рэсурсаў (або прыроднае асяроддзе) з мэтай іх вывучэння, уліку і планавання выкарыстання. Змяшчае фіз.-геагр. характарыстыкі мясцовасці, класіфікацыю, дынаміку, ступень даследаванасці рэсурсаў, сац.-эканам. ацэнку і інш. Складанне П.р.к. — капітала- і навукаёмістае мерапрыемства. На Беларусі складаюцца П.р.к.: водны, зямельны, лясны, кліматычны, атм. паветра, нетраў, жывёльнага і расл. свету, тарфянога фонду, адходаў.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНІК,
даведачнае кніжнае выданне, прызначанае для зносін на замежных мовах у розных жыццёвых сітуацыях. Пабудаваны ў выглядзе тэматычна аб’яднаных рэплік рознага тыпу і найб. частотнай агульнаўжывальнай лексікі. Бывае двух- («Руска-беларускі размоўнік» А.Я.Міхневіча, 1991; «Англа-беларускі размоўнік» Міхневіча і Н.М.Навічэнка, 1992) і шматмоўны («Ілюстраваны англа-французска-нямецка-рускі размоўнік Сольмана», 1991). Можа выкарыстоўвацца ў якасці падручніка для першапачатковага вывучэння замежнай мовы.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,
нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).
Э.Р.Іофе.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,
добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.
Г.П.Прышчэпаў.
т. 3, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,
метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец. гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.
т. 5, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
1) у Стараж. Грэцыі пач. школы для хлопчыкаў 12 гадоў (школы граматыста) з выкладаннем чытання, пісьма і лічэння.
2) У Стараж. Рыме павышаныя (лац. і грэч.) пач. школы для дзяцей патрыцыяў і коннікаў.
3) У Расіі 17 ст. школы пры некат. манастырах для вывучэння грэч. і лац. граматыкі і ант. л-ры.
4) У Вялікабрытаніі і некат. краінах брыт. Садружнасці агульнаадук. сярэднія школы, якія рыхтуюць да паступлення ва ун-т.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)