ДАВЫ́ДАЎ, Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм.ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДЛО́ (Didelot) Шарль (Карл) Луі (1767, Стакгольм — 19.11.1837). французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Парыжы. Працаваў з Ж.Ж.Наверам і Ж.Дабервалем. Выкананне Дз.-танцоўшчыка вылучалася чысцінёй рухаў, грацыёзнасцю, пластычнасцю. З 1788 балетмайстар у Лондане, Парыжы, Ліёне, у 1796—1801 і 1812—15 танцоўшчык і балетмайстар Каралеўскага т-ра ў Лондане. У 1801—29 (з перапынкамі) працаваў у Пецярбургу, паставіў больш за 40 балетаў і дывертысментаў (у т.л. «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» К.Каваса паводле А.Пушкіна, 1823). Распрацаваў жанр гісторыка-гераічнага балета. Яго харэаграфічныя драмы эпохі перадрамантызму характарызаваліся драматург. логікай і стылявым адзінствам, узбагачэннем тэхнікі танца. Наватарская дзейнасць Дз. спрыяла вылучэнню рус. балета на адно з першых месцаў у Еўропе. Сярод вучняў А.Істоміна, М.Данілава, К.Целяшова, А.Ліхуціна, М.Гольц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1808—1918. Засн. на базе 5-класнага нар. вучылішча. Была пад папячыцельствам Віленскай навучальнай акругі (у 1829—50 Беларускай навучальнай акругі, у 1850—64 Пецярбургскай). Тэрмін навучання 7, з 1871 — 8 гадоў. Рыхтавала навучэнцаў да паступлення ва ун-т. Напачатку прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 толькі дваран і чыноўнікаў. Выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польск., рус., лац., грэч., франц., ням. мовы, фізіка-матэм. і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У розныя часы выкладчыкамі працавалі А.П.Сапуноў, М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, браты М. і В. Чысцяковы і інш. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі І.І.Гарбачэўскі, Т.Заблоцкі, Я.Вуль, Л.Шапялевіч і інш. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64. За час існавання гімназія падрыхтавала каля 3 тыс. юнакоў. Скасавана дэкрэтам ВЦВК ад 16.10.1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ Аляксандр Аляксеевіч
(18.8.1871, С.-Пецярбург — 20.10.1924),
рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл.арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.Сімона (1902), «Саламбо» А.Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш. Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.
Літ.:
Бахрушин Ю. А.А.Горский. М.; Л., 1946;
Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫДЗЮ́ШКА Яўген Міхайлавіч
(н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),
бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.Гарэлавай, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, Я.Паплаўскага, Дз.Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.Альбеніс, Л.Браўэр, Х.Радрыга, Ф.Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.С.Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л.бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.Захараў, Дз.Асімовіч, Э.Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЮ́К Юрый Мікалаевіч
(н. 15.5.1948 г. Гродна),
бел. піяніст, педагог. Засл.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, А.Багатырова, Я.Глебава, У.Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.Сікорскі, В.Бельцюкова, Н.Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар.муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ Ігар Дзмітрыевіч
(н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́УЗІК (Kuusik) Ційт
(Дзітрых; 11.9.1911, г. Пярну Эстонія — 15.8.1990),
эстонскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1938). Да 1940 саліст Венскай оперы. У 1944—88 (з перапынкам) саліст т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). З 1940 выкладаў у Талінскай кансерваторыі (з 1947 праф). Валодаў голасам вял. дыяпазону з багатай тэмбравай афарбоўкай. Выконваў партыі высокага баса і лірычнага барытона: Раю і Вамба («Пясняр свабоды» і «Агні помсты» Э.Капа), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар (аднайм. опера А.Барадзіна), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж. Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў у Вене (1938). Сярод вучняў Г.Отс. Дзярж. прэміі Эстоніі 1949, 1959, 1967. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАПЕ́ДЫЯ
(ад логас + paideia выхаванне, навучанне),
галіна дэфекталогіі, якая вывучае парушэнні маўлення пры нармальным слыху, шляхі іх пераадолення і папярэджання.
У 17 ст. пытанні карэкцыі недахопаў маўлення пры нармальным слыху разглядаліся ў працах па сурдапедагогіцы. Як самастойнае адгалінаванне Л. пачала фарміравацца з 2-й пал. 19 ст. Да канца 1930-х г. ў Л. пераважалі спрошчаныя ўяўленні пра маўленне як сукупнасць спец. мускульных рухаў. Сучасная Л. парушэнні маўлення імкнецца пераадольваць пед. метадамі, пры неабходнасці кірунак спец. навучання і карэкцыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў узгадняецца з мед. рэкамендацыямі.
На Беларусі праблемы Л. распрацоўваюцца ў Бел.пед. ун-це і Нац. ін-це адукацыі.
Літ.:
Логопедия. 2 изд. М., 1995;
Зайцава Л.А. Метадычныя матэрыялы па карэкцыі маўленчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СА (Lasso) Арланда ды [сапр.Ралан дэ Ласю (Roland de Lassus); каля 1532, г. Монс, Бельгія — 14.6.1594], нідэрландскі кампазітар; найб. значны прадстаўнік нідэрландскай школы. Працаваў у Палерма, Неапалі, Рыме, Антверпене. З 1556 пеўчы, з 1563 кіраўнік прыдворнай капэлы ў Мюнхене. Творча пераўтвараў і абагульняў характэрныя рысы нідэрл., ням., франц., італьян.муз. культуры. Майстар хар. поліфаніі. Стварыў больш за 2 тыс. свецкіх і духоўных твораў — мадрыгалы, віланелы, песні, месы, магніфікаты, матэты, псалмы і інш., насычаныя глыбокім і шматвобразным эмацыянальна-псіхал. зместам. Узбагаціў выразныя сродкі поліфаніі строгага стылю. Яго музыцы ўласцівы меладычная насычанасць галасоў, шырокае выкарыстанне нар.-песеннага тэматызму, зварот да прыёмаў гамафоннага пісьма. Прадвызначыў паяўленне манодыі. Узоры поліфанічнага мастацтва змешчаны ў зб. матэтаў «Magnum opus musicum» (т. 1—6, 1604). Сярод вучняў Дк.Габрыэлі.