КРО́ТАЎ (Раман Цімафеевіч) (н. 1.1.1923, в. Рэкта Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Мінскі фінансавы тэхнікум (1956). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1943 у 10-й Журавіцкай партыз. брыгадзе, з кастр. 1943 на фронце. Разведчык радавы К. вызначыўся ў маі —ліп. 1944 і сак. 1945 у баях на тэр. Украіны, Польшчы і Венгрыі.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,

палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.​Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст. англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1941,

аперацыя ўзбр. сіл фаш. Германіі, Італіі і Венгрыі 6—29.4.1941 па разгроме югасл. і грэч. армій у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана гітлераўскім камандаваннем пасля няўдач войскаў Мусаліні ў развязанай ім 28.10.1940 вайне супраць Грэцыі (аперацыя «Марыта») і адмовы новага югасл. ўрада ген. Д.​Сімовіча ўступіць у саюз з Германіяй. Наступленне на Югаславію адначасова вялі з тэр. Балгарыі, Венгрыі і Аўстрыі больш за 80 ням., італьян. і венг. дывізій, якія прарвалі абарону югасл. арміі (няпоўных 40 дывізій) і 12 крас. ўвайшлі ў Бялград. 17 крас. Югаславія капітулявала. У Грэцыі былі разбіты 15 грэч. дывізій і Брыт. экспедыцыйны корпус (2 дывізіі і танк. брыгада). 29 крас. грэч. камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. Брыт. флот эвакуіраваў свае сухап. часці з Грэцыі на в-аў Крыт.

Літ.:

Международные отношения и страны Центральной и Юго-Восточной Европы в период фашистской агрессии на Балканах и подготовки нападения на СССР (сентябрь 1940 — нюнь 1941). М., 1992.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (10.10.1909, в. Межава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 26.8.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію (1936). З лют. 1943 на Бранскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах, удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, маёр, зрабіў 128 баявых вылетаў, знішчыў 19 самалётаў праціўніка. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́Н I (?—1365),

першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРЭШ (Körös),

рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса. Даўж. 580 км, пл. бас. 27,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Румынскіх гарах (масіў Біхар і хр. Металіч) двума вытокамі — Крышу-Алб і Крышу-Негру. Ад іх зліцця да вусця цячэ па раўніне Альфёльд. Паводкі ў цёплае паўгоддзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 100 м³/с. У ніжнім цячэнні каналізаваная, суднаходная.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРАЎ (Іван Фірсавіч) (7.7.1904, в. Таўкачы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.12.1989),

Герой Сав. Саюза (1945). З 1924 на камсам. рабоце ў Таўкачах. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, 2-м і 3-м Укр. франтах. Нам. камандзіра батальёна па палітчастцы капітан Н. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Дуная на тэр. Венгрыі. Да 1962 на сав. і парт. рабоце.

І.Ф.Несцераў.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НКІН (Яфім Львовіч) (н. 22.1.1922, г. Магілёў),

поўны кавалер ордэна Славы. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968). Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1950). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Сталінградскім, Зах., 1-м, 2-м Укр. франтах. Разведчык яфрэйтар М. вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Румыніі і Венгрыі, у 1945 — Аўстрыі. Да 1987 у ін-це водных праблем Расійскай АН.

т. 10, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)