МЕ́НДЭЛЬЗОН ((Mendelsohn) Эрых) (21.33.1887, г. Ольштын, Польшча — 15.9.1953),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Мюнхене (1907—11). З 1933 працаваў у Вялікабрытаніі, Палесціне, ЗША (выкладаў у Каліфарнійскім ун-це). Яго творы ў духу стыляў мадэрн і экспрэсіянізм спалучаюць пошукі выразных скульпт.-пластычных арх. форм са строгай функцыянальнасцю планіроўкі і агульнай кампазіцыі (астрафіз. лабараторыя, т.зв. вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія, 1920—21). Больш познія работы набліжаны да архітэктуры функцыяналізму: універмагі ў Нюрнбергу і Штутгарце (1926—28), Калумбусхаўс у Берліне (1929—32); банк у Іерусаліме (1938). Багатай пластычнай фантазіяй вылучаецца шпіталь Майманіда ў Сан-Францыска (ЗША, 1946). Аўтар праекта трыкат. ф-кі «Чырвоны сцяг» у Маскве (1925).

Э.Мендэльзон. Вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія. 1920—21.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕНЬ,

асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, зняволены. Тэрмін «вязень» паходзіць ад стараж. бел. «везенне» — назвы меры пакарання (пазбаўленне волі, зняволенне) і месца, дзе яно ажыццяўлялася (вежа, астрог, турма і да т.п.). «Вязень сумлення» — чалавек, якога ўзялі пад варту, зняволілі па паліт., рэліг. і інш. матывах.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял. Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.

А.​А.​Трусаў.

Магілёўская ратуша. Фота пач. 20 ст.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),

званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІК,

драўляная 8-гранная ў плане вежа ў абарончым дойлідстве зах. і ўсх. славян у 16—17 ст. Часам былі квадратнага сячэння ў 1-м ярусе з 8-граннымі наступнымі ярусамі і высокім шатровым дахам. У Віцебскіх замках 17 ст. былі К.: Валконскі, Духаўскі, Шарамецеў, Бабарыкін, Мяшчанскі.

Шарамецеў круглік З «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКА́Ж ((Bocage) П’ер [11.11.1799) (1797?),

г. Руан, Францыя — 30.8.1862 (1863?)], французскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1821. Выступаў у парыжскіх т-рах. У 1845—50 дырэктар т-ра «Адэон». Адзін з выдатных акцёраў Францыі эпохі рамантызму. Яго мастацтва вызначалася эмацыянальнасцю, глыбокімі і моцнымі пачуццямі: Дзідзье («Марыён Дэлом» В.​Гюго), Антоні, Бурыдан («Антоні», «Нельская вежа» А.​Дзюма-бацькі) і інш.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЬМЯРЫ́К у архітэктуры,

васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.

На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Да арт. Васьмярык. Васьмерыковая вежа-званіца царквы ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна.
Васьмярык вежы-званіцы касцёла ў Барысаве 1806—23.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́Г,

1) комплекс дрэваземляных умацаванняў нас. пунктаў сталага (жылы астрог) ці часовага (стаялы астрог) характару ва ўсх. славян у 13—18 ст. Звычайна будаваўся на мяжы княства ці дзяржавы.

2) Ахоўная агароджа з вертыкальна (прамы астрог) ці коса (касы астрог) укапаных бярвёнаў, што засцерагала месца стаянкі войска.

3) Рухомая штурмавая вежа (астрожак), якой карысталіся ў час аблогі гарадоў.

4) Турма, абнесеная сцяной.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІКУРА́Т,

ступеньчаты культавы будынак у Стараж. Месапатаміі.

Будавалі З. з сырцовай цэглы ў выглядзе высокай, у некалькі ярусаў (З—7) вежы, якая звужалася ўверсе. Сцены абкладвалі каляровай глазураванай цэглай, кожны паверх меў свой колер (звычайна чорны, чырвоны, белы). Наверсе размяшчалася свяцілішча, да якога ішлі пандусы і прыступкі. Найб. вядомыя З. — Этэменанкі (т. зв. Вавілонская вежа, 7 ст. да н.э.) і Чога-Зенбіль.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.​Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.​Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.

А.​М.​Кулагін.

Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)