НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,

лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.

Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар. эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).

У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».

Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.

Л.​М.​Нехарошава, І.​Я.​Цэслюк.

т. 11, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),

рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал. пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час. «Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.​Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел. рэв. дэмакратаў (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.​Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.​А.​Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.​К.​Дабрынін, Л.​Р.​Бараг, І.​М.​Лушчыцкі і інш.

Тв: Собр. соч. Т. 1—9. М.; Л., 1961—1964; Бел. пер. — Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1938.

Літ.:

Никоненко В.С. Н.​А.​Добролюбов. М., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНАЙ СПА́ДЧЫНЫ,

сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў арганізац., прававога і эканам. характару, накіраваных на зберажэнне, утрыманне і рацыянальнае выкарыстанне культ. спадчыны. Ахове падлягаюць найб. адметныя матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, што маюць выдатныя духоўныя, эстэт. і дакумент. вартасці і ўзяты пад ахову дзяржавы ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Дзейнасць па ахове ўключае: н.-д. работу (вывучэнне, класіфікацыя, каталагізацыя і публікацыя), падрыхтоўку і выданне заканад. актаў (прызнанне пэўнага аб’екта помнікам гісторыі і культуры; прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзеянні ў адносінах да гіст.-культ. спадчыны; распрацоўка нарматыўных актаў пра парадак уліку, захавання і рэстаўрацыі маст. і гіст. каштоўнасцяў, кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў, папулярызацыю каштоўнасцяў як гіст. спадчыны і набытку).

У 1969 Вярх. Савет Беларусі прыняў закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», у 1992 — закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», паводле якога дзярж. палітыка Беларусі ў галіне ўліку і аховы гіст.-культ. спадчыны вызначаецца Вярх. Саветам і ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў праз спецыялізаваны дзярж. орган аховы спадчыны — Дзярж. інспекцыю па ахове гіст.-культ. спадчыны (ДзінАС). Выпрацоўку навук.-метадычнай палітыкі ў галіне ўліку, аховы, зберажэння, выкарыстання і аднаўлення гэтай спадчыны ажыццяўляе Бел. рэсп. навук.-метадычная рада ла пытаннях гіст.-культ. спадчыны. Законам забараняецца дзейнасць, што стварае пагрозу пагаршэння стану або знікнення нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў, абмяжоўваецца або забараняецца дзейнасць, у выніку якой ствараецца пагроза існаванню ці тэхн. стану каштоўнасцяў. Усе віды работ у зонах аховы нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяў могуць праводзіцца толькі з пісьмовага дазволу ДзінАСа. Асн. правы ўласнікаў каштоўнасцяў рэгулююцца законам «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Фінансаванне аховы і зберажэнне гіст.-культ. спадчыны ажыццяўляецца за кошт дзярж. выдаткаў, сродкаў уласнікаў ці карыстальнікаў каштоўнасцяў, а таксама сродкаў, што спаганяюцца з парушальнікаў рэжыму ўтрымання каштоўнасцяў і патрабаванняў закону, і інш. сродкаў, якія паступаюць на законных падставах. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помніка прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. На Беларусі больш за 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры (1996), у т. л. 11 601 помнік гісторыі, 3048 помнікаў археалогіі, 1613 помнікаў архітэктуры, 247 помнікаў мастацтва рэсп. і мясц. значэння. Для асобнага аб’екта, групы ці комплексу помнікаў, гіст. цэнтра горада ўстанаўліваецца ахоўная зона. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзіць любая юрыдычная або фізічная асоба, якая мае адпаведны дазвол. З мэтай папулярызацыі помнікаў, іх сістэматызацыі і вывучэння ў 1984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіцыйным дакументам уліку помнікаў, што ўзяты ці павінны быць узяты пад дзярж. ахову. У 1991 створана рэсп. спецыялізаваная навук. арганізацыя — Дзярж. гіст.-культ. экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З грамадскіх арганізацый дзейнічаюць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Беларускае краязнаўчае таварыства і інш.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКСІ́ЗМ,

філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.​Маркс і Ф.​Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст. паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.​Гегель, Л.​Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.​Сміт, Д.​Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.

Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.​І.​Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.​Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.

На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл. Неамарксізм, Франкфурцкая школа).

Літ.:

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Марксистская философия в XIX в. М., 1979;

Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ. М., 1991;

Марксизм: pro и contra. М., 1992;

Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ТКІ,

абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).

П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.

У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1993;

Курс экономики. 2 изд. М., 1999;

Налоги. Мн., 2000.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕСТ І ФО́РМА,

суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.​Бруна, Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.​Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.

З.і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.

Т.​І.​Адула, С.​У.​Пешын.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (эканам.),

каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасу цэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.

У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл. Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.

У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл. Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв. спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.

Літ.:

Марфунин А.С. История золота. М., 1987;

Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ. Т. 2. М., 1993;

Долан Э.​Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКС ((Маіх) Карл) (5.5.1818, г. Трыр, Германія — 14.3.1883),

мысліцель, грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер, заснавальнік марксізму. Д-р філасофіі (1841). Вучыўся на юрыд. ф-це ун-таў Бона і Берліна (1835—41). Яго філас. погляды фарміраваліся пад уплывам младагегельянцаў. З 1842 супрацоўнік, гал. рэдактар газ. «Rheinische Zeitung» («Рэйнская газета») у Кёльне. У 1843 пераехаў у Парыж (высланы), у 1845 — у Брусель. У 1846 М. і Ф.Энгельс стварылі Брусельскі камуніст. карэспандэнцкі к-т, наладзілі сувязь з Саюзам справядлівых у Лондане, які ў чэрв. 1847 рэарганізавалі ў Саюз камуністаў. Лозунг Саюза справядлівых «Усе людзі браты» замянілі «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». У 1848 М. высланы з Бельгіі, пераехаў у Парыж, дзе выбраны старшынёй ЦК Саюза камуністаў, потым — у Кёльн, дзе засн. «Neue Rheinische Zeitung» («Новая Рэйнская газета», чэрв. 1848 — май 1849) і стаў яе гал. рэдактарам. У 1849 М. высланы з Прусіі, паехаў у Парыж, але высланы і адтуль; пасяліўся ў Лондане, дзе і жыў да канца жыцця.

Пераход М. да матэрыялізму і сацыялізму адбыўся ў сярэдзіне 1840-х г. і адлюстраваны ў яго ранніх творах (асабліва «Да крытыкі гегелеўскай філасофіі права. Уводзіны», 1844). У першай сумеснай працы М. і Энгельса «Святая сям’я» (1845) абгрунтаваны погляд на гіст. ролю пралетарыяту ў грамадскім жыцці. распрацаваны асн. палажэнні тэорыі і практыкі рэв. барацьбы. У іх працы «Нямецкая ідэалогія» (1846) распрацавана канцэпцыя матэрыяліст. разумення гісторыі, абгрунтавана ідэя змены грамадска-эканам. фармацый і замены капіталізму сацыяліст. ладам. У працах «Класавая барацьба ў Францыі з 1848 па 1850 г.» (1850) і «Васемнаццатага брумера Луі Банапарта» (1852) М. развіў тэорыю класавай барацьбы, выказаў думку пра неабходнасць саюза з сялянствам пры заваяванні пралетарыятам паліт. улады. М. — заснавальнік Інтэрнацыянала 1-га і кіраўнік яго Ген. савета. Парыжскую камуну 1871 ён разглядаў як першую спробу стварэння дыктатуры пралетарыяту. У працы «Да крытыкі палітычнай эканоміі» (1859) і ў гал. сваёй працы «Капітал» (т. 1, 1867; т. 2 і 3 падрыхтаваў да друку і выдаў Энгельс у 1885 і 1894) М. сфармуляваў асн. палажэнні гіст. матэрыялізму, дыялектыкі ўзаемаадносін базісу і надбудовы ў развіцці грамадства, закон прыбавачнай вартасці і інш. заканамернасці, якія на яго думку, вядуць да змены адной сац.-эканам. фармацыі другой і ў канчатковым выніку — да ўсталявання камуніст. грамадства. У працы «Крытыка Гоцкай праграмы» (1875, апубл. 1891) ён сфармуляваў палажэнне аб пераходным перыядзе і 2 фазах такога грамадства (сацыяліст. і камуністычнай). М. падтрымліваў цесныя сувязі з многімі рус. рэвалюцыянерамі. У яго працах ёсць звесткі пра Беларусь. Творы М. пачалі распаўсюджвацца на Беларусі ў 1870-я г. (Мінск, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, Барысаў і інш.). Першая кніга М. і Энгельса ў перакладзе на бел. мову — «Маніфест Камуністычнай партыі» («Камуністычны маніфест»), выдадзена ў 1924.

Філас. светаўспрыманне М. і яго вучэнне значна паўплывалі на развіццё сац. думкі 19 ст., сталі тэарэт. і арганізац. асновай сацыяліст. рэвалюцый 20 ст. ў розных краінах свету, у т. л. Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ажыццёўленай у Расіі бальшавікамі на чале з У.​І.​Леніным. Разам з тым М. абсалютызаваў ролю класавай барацьбы, адмаўляў магчымасць прагрэс. эвалюцыі бурж. грамадства, рамантызаваў гіст. ролю пралетарыяту, сцвярджаў неабходнасць ліквідацыі прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытв-сці. Шэраг ідэй М. ў дастасаванні да новых гіст. умоў знайшлі адлюстраванне ў стварэнні СССР, а пасля 2-й сусв. вайны — сацыяліст. дзяржаў ва Усх. Еўропе, Азіі і на Кубе. Паміж прыхільнікамі і праціўнікамі М. ўвесь час вядзецца барацьба, асабліва па пытаннях разумення грамадска-паліт. жыцця, ажыццяўлення сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве (гл. Марксізм, Марксізм-ленінізм).

Тв.:

Бел. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1951—52;

Рус. пер. — Маркс К., Энгельс Ф. Соч. Т. 1—50. 2 изд. М., 1954—81.

Літ.:

Ленін У.І. Гістарычны лёс вучэння Карла Маркса // Тв. Т. 18. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Карл Маркс: Биогр. 3 изд. М., 1989;

Меринг Ф. Карл Маркс: История его жизни: Пер. с нем. 2 изд. М., 1990;

Фридрих Энгельс о Карле Марксе: [Сб.]. М., 1990;

Максимова Л.П., Меднова Е.С. Их стихией была борьба: Очерки о жизни и деятельности К.​Маркса и Ф.​Энгельса. Мн., 1991;

Лобок АМ. Подсознательный Маркс, или Евангелие, которое не состоялось: Книга-гипотеза. Екатеринбург, 1993.

П.​Ц.​Петрыкаў.

К.Маркс.

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),

кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.

Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.​Габа і А.​Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.​Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.​Папова і В.​Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.​Таірава, У.​Меерхольда, С.​Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.​Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.​Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.​Дзешавова, балет «Стальны скок» С.​Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.​Шастаковіча, «Жалобная ода» А.​Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф. арк. А.​Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.​Зялінскім, І.​Сельвінскім і А.​Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн. эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.​Агапаў, А.​Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».

На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв. функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.​Гінзбург, І.​Голасаў (гл. Голасавы), К.Мельнікаў і інш.

У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.​Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.​Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.​Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.​Гальц, М.​Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.​Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.​Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.​Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.​Васільеў) і інш.

Літ.:

Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг. М., 1970;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;

Wingler H.M. Das Bauhaus 1919—1933. Köln, 1975.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка, А.​А.​Воінаў, С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.​Валадзько. 1934.

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)