прыстасаванне для злучэння валоў, цяг, труб, канатаў, кабеляў і інш. цыліндрычных дэталей. Бываюць злучальныя (фітынгі, кабельныя муфты і інш.), якія забяспечваюць трываласць злучэння, герметычнасць, ахову ад карозіі, і М. прыводаў машын і механізмаў, што перадаюць вярчальны рух з аднаго вала на другі (ці на шкіў, зубчастае кола і да т.п.).
М. прыводаў таксама кампенсуюць мантажныя адхіленні, раз’ядноўваюць валы, засцерагаюць машыны ад паломак у аварыйных рэжымах і інш. Перадача моманту ў М ажыццяўляецца з мех. сувяззю паміж дэталямі (глухія, зубчастыя, утулачна-пальцавыя, кулачковыя, шарнірныя М.), за кошт трэння або магн. прыцяжэння (фрыкцыйныя, электраіндукцыйныя М.), сіл інерцыі (гідрамуфты, гл.Гідрадынамічная перадача). М. прыводаў бываюць: пастаянныя злучальныя, кіроўныя, самакіроўныя (аўтаматычныя, якія ўключаюцца і выключаюцца ў залежнасці ад рэжыму работы), М. слізгання.
Муфты для перадачы вярчальнага руху: а — простая муфта; б — адзінарныя шарнірныя, спалучаныя з прамежкавым валам (1 — злучальныя валы, 2 — паўмуфты, 3 — прамежкавы вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валамвыш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).
У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—2-й пал. 18 ст. Пабудаваны з дрэва на месцы гарадзішча стараж. Рагачова 11 ст., на высокім мысе ў сутоку рэк Дняпро і Друць. У 1750—60-я г. замак быў абнесены земляным валам (вал існаваў з 11 ст., але ў гэты перыяд быў падсыпаны) з ровам, абарончыя сцены мелі выгляд астрога. У цэнтры дзядзінца стаяў палац — 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам, накрыты гонтавым дахам. Уключаў прыхожую, сталовую, 5 жылых памяшканняў, алькеж, камору, аптэчку, кухню і інш., у мезаніне была зала. Гал. ўваход аформлены ганкам на слупах, на процілеглым фасадзе — галерэя. Каля палаца размяшчаліся флігель (8 жылых памяшканняў, гардэроб, кухня), царква, дом аканома, гасп. пабудовы. Перад 2-яруснай брамай-вежай (у 1-м ярусе абапал праезда былі 2 каморы, у 2-м — зала, абкружаная галерэяй і накрытая гонтавым дахам) цераз роў быў мост на ізбіцах. Да пач. 1770-х г. замак прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 13—18 ст. на левым беразе р. Бярэзіна, каля сутокаў з р. Пралля. Пабудаваны ў 13 — пач. 14 ст. пасля пераносу стараж.Барысава на новае месца. Займаў пляцоўку пл. каля 2 га, абкружаную земляным валам з драўлянымі сценамі і вежамі, а таксама ровам. Кантраляваў суднаходны шлях з бас. Балтыйскага ў Чорнае мора і сухапутны шлях у цэнтр Беларусі. У 16 ст. яго тройчы асаджалі маск. войскі (1514, 1519, 1535). У 1-й пал. 17 ст. перабудаваны ў 5-бастыённую фартэцыю, з У да яго прымыкала «падзамча», якое таксама мела лінію абароны. У 1655 замак узяты і спалены рус. войскам, але паводле загаду цара адноўлены. У 1658 двойчы пераходзіў з рук у рукі, моцна пацярпеў і рамантаваўся на працягу некалькіх гадоў. У Барысаўскім замку рус. гарнізон абараняўся з чэрв. 1661 да 9.7.1662 ад атрадаў ВКЛ С.Чарнецкага, В.Валовіча, А.Русецкага і П.Сапегі. Адноўленыя замак і падзамак былі ў добрым стане да канца 18 ст. Захаваліся равы, запоўненыя вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.
Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г.Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., пры ўпадзенні р. Свіслач у Бярэзіну (бас.р. Дняпро); прыстань на правым беразе р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 5 км ад чыг. ст. Ялізава. 820 ж., 277 двароў (2001). Дзіцячы санаторый «Свіслач». Сярэдняя і базавая школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Мікольская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. На ўсх. ускраіне вёскі гарадзішча Свіслач.
На мяжы 11—12 ст. на месцы вёскі існавала паселішча замкавага тыпу, умацаванае земляным валам і ровам. У 16 ст. тут быў Свіслацкі замак. Каля 1600 уласнасць мінскага кашталяна. З 1793 у складзе Рас. імперыі У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ.; 420 ж., 46 двароў, 2 школы, валасное праўленне, 2 царквы, касцёл, паштовае аддзяленне, 40 крам. З 1924 цэнтр Свіслацкага раёна, з 1931 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не. У Вял. Айч вайну 12—14.10.1941 ням. фашысты загубілі ў С. 791 чал., у чэрв. 1944 спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ТУРБІ́НА, гідратурбіна,
лопасцевы гідраўлічны рухавік, які пераўтварае мех. энергію патоку вады ў энергію вярчальнага вала. Паводле прынцыпу дзеяння падзяляюцца на актыўныя турбіны (свабоднаструменныя) і рэактыўныя турбіны (напорнаструменныя), паводле размяшчэння вала рабочага кола — на вертыкальныя, гарызантальныя і нахіленыя. Выкарыстоўваюцца пераважна на гідраэлектрычных станцыях для прывода гідрагенератара (спалучаныя з ім гідраўлічныя турбіны наз.гідраагрэгатамі).
Актыўныя гідраўлічныя турбіны падзяляюцца на каўшовыя, нахіленаструменныя і двухкратныя. У каўшовых гідраўлічных турбінах рабочым колам з’яўляецца дыск, па акружнасці якога размешчаны лопасці ў выглядзе падвойных каўшоў. Накіравальным апаратам (адным або некалькімі сопламі) струмень вады пад атм. ціскам з вял. скорасцю падаецца на лопасці (каўшы) і з малой скорасцю зыходзіць з кола. Бываюць з верт. або гарыз.валам. Магутнасцю да 250 МВт, рабочы напор 40—2000 м. Рэактыўныя гідраўлічныя турбіны паводле напрамку руху вады ў рабочым коле падзяляюцца на восевыя (паваротна-лопасцевыя, прапелерныя) і нявосевыя (радыяльна-восевыя, дыяганальныя). Маюць турбінную (спіральную) камеру (забяспечвае раўнамернае паступленне вады па ўсім контуры накіравальнага апарата), накіравальны апарат з прафіляванымі лапаткамі (рэгулюе расход вады), рабочае кола з паваротнымі або нерухомымі лопасцямі (яго вал злучаны з валамэл. генератара), адсмоктвальную трубу (змяншае скорасць вады, што паляпшае выкарыстанне энергіі вадзянога патоку). Магутнасць паваротна-лопасцевых гідраўлічных турбін да 250 МВт, рабочы напор 2—70 м; дыяганальных адпаведна да 350 МВт, 40—120 м; радыяльна-восевых — да 800 МВт і болей, 2—600 м.
Разнавіднасцю гідраўлічнай турбіны было вадзяное кола, вядомае са старажытнасці. Першая рэактыўная гідраўлічная турбіна вынайдзена франц.інж. Б.Фурнеронам у 1827, радыяльна-восевая — амер.інж. Дж.Фрэнсісам у 1855, актыўная каўшовая — амер.інж. А.Пелтанам у 1889, паваротна-лопасцевая — аўстр.інж. В.Капланам у 1913. Вытв-сць гідраўлічных турбін у б.СССР наладжана ў 1924. Найб. вядомыя гідраўлічныя турбіны фірмаў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. На Беларусі малыя гідраўлічныя турбіны выпускаў у 1949—58 Бабруйскі маш.-буд.з-д. ГЭС Беларусі абсталяваны верт. і гарыз. радыяльна-восевымі гідраўлічнымі турбінамі. Перспектыўныя турбіны малой (10—50 кВт) магутнасці з рабочым напорам 2—5 м.
Я.П.Забела.
Схема асноўных тыпаў гідраўлічных турбін: а — актыўнай каўшовай (1 — трубаправод паступлення вады, 2 — сапло, 3 — рабочае кола з каўшамі); б — рэактыўнай паваротна-лопасцевай (1 — рабочае кола з паваротнымі лопасцямі, 2 — накіравальны апарат, 3 — вал); в — рэактыўнай радыяльна-восевай (1 — ротар з нерухомымі лопасцямі, 2 — турбінная камера, 3 — вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕР (ням. Lager паселішча, стаянка),
1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).