«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638,
«Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага», пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,
добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.
Г.П.Прышчэпаў.
т. 3, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬ,
капялюш, мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.
т. 3, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.
Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.
т. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́СТАНБЕРЫ
(англ. Glastonbury),
помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНЫ СТЭП, Паўднёвы Галодны Стэп,
раўніна ў Сярэдняй Азіі, на левабярэжжы р. Сырдар’я, пераважна ва Узбекістане. На Пд абмежаваны перадгор’ямі і адгор’ямі Туркестанскага хр., на Пн і ПнЗ зліваецца з пяскамі Кызылкум. Размешчаны на тэрасах р. Сырдар’я, складзеных з лёсападобных суглінкаў і супескаў. Асваенне Галоднага Стэпу пачалося ў канцы 19 ст., асабліва інтэнсіўнае было ў 1950—60-я г. Большая ч. тэр. арашаецца (Паўночны канал імя С.М.Кірава, Цэнтральны, Паўднёва-Галоднастэпскі канал і інш.). Баваўнаводства.
т. 4, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РБАЛА,
гарадзішча 12—14 ст. у Эстоніі, у Рапласкім р-не, за 60 км на Пд ад Таліна. Пл. каля 2 га, умацавана валам выш. да 10 м. Даследавана ў 1938—41 і 1953.
У 1212 Варбала было абложана наўгародцамі і пскавічамі і прымушана плаціць даніну. У пач. 13 ст. апорны пункт эстаў у барацьбе з ням. і дацкімі захопнікамі. Разбурана, верагодна, у сярэдзіне 14 ст. пасля паўстання Юр’евай ночы 1343—45.
т. 4, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС БЕДНЯКА́»,
газета, орган Віцебскага губвыканкома. Выходзіла штотыднёва з 29.7 да 9.12.1918 у Віцебску на рус. мове. Выданне газеты было абумоўлена пераходам улад да палітыкі «ваеннага камунізму» і ўзмацненнем антысав. настрояў сярод сялян. Была разлічана ў асноўным на бяднейшае сялянства, мела на мэце распаўсюджванне ў яго асяроддзі камуніст. ідэалогіі. Публікавала матэрыялы ідэйна-асветніцкага і інструкцыйна-арганізац. характару. Давала практычныя парады па правядзенні харчразвёрсткі, арганізацыі на месцах камбедаў і інш. Выйшла 15 нумароў.
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
контрнаступленне ням. армій у раёне Ардэнаў (Бельгія) 16.12.1944—28.1.1945 з мэтай разграміць амер.-англ. войскі і дасягнуць пералому ў 2-й сусв. вайне на карысць Германіі. 16 снеж. ням. 6-я танк. армія СС і 5-я танк. армія, аб’яднаныя ў групу армій «Б» (фельдмаршал В.Модэль) пачалі наступленне ў раёне «Зігфрыда лініі». 4 амер. дывізіі, якія абараняліся на фронце працягласцю ў 115 км, панеслі вял. страты і адступілі. Да канца снеж. ням. войскі пашырылі прарыў да 90 км і прасунуліся да 100 км углыб. Саюзнае камандаванне перакінула да месца прарыву буйныя сілы войскаў і авіяцыі. У выніку паспяховага контрудару 3-й амер. арміі наступленне герм. войскаў было прыпынена, аднак становішча саюзнікаў заставалася напружаным. 12 студз. па іх просьбе сав. войскі пачалі (на 8 дзён раней запланаванага тэрміну) Вісла-Одэрскую аперацыю 1945. Ням. камандаванне вымушана было адмовіцца ад наступлення на захадзе і перакінуць 7 дывізій на сав.-герм. фронт. Да канца студз. саюзнікі аднавілі становішча на Зах. фронце. Іх страты ў гэтай аперацыі склалі каля 77 тыс. чал., страты ням. войскаў — каля 93 тыс. чал.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХАЛА́КСІС
(ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
т. 1, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)