СКЛАД ЗЛАЧЫ́НСТВА,

сукупнасць прадугледжаных крымінальным правам прыкмет, якія характарызуюць учыненае дзеянне як канкрэтны від злачынства; неабходная ўмова крымін. адказнасці. С.з. ствараюць 4 групы прыкмет, што адносяцца да аб’екта злачынства, аб’ектыўнага боку, суб’екта злачынства і суб’ектыўнага боку. С.з. вызначаны ў дыспазіцыях артыкулаў Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Агульныя для ўсіх С.з. прыкметы і палажэнні вызначаны таксама ў Агульнай частцы гэтага кодэкса. Аб’ект злачынства — на што накіравана пасяганне — вызначаецца месцам пэўнага артыкула ў сістэме Асаблівай часткі КК. Прыкметы суб’екта злачынства — узрост, з якога настае крымін. адказнасць, наяўнасць свядомасці — прадугледжаны ў артыкулах Агульнай часткі КК, спец. прыкметы суб’екта (службовая асоба, ваеннаслужачы і інш.) — у дыспазіцыі артыкула Асаблівай часткі КК. Прыкметы аб’ектыўнага боку злачынства — само дзеянне (бяздзеянне) і яго вынікі; суб’ектыўнага боку злачынства — форма віны, мэта, матыў — пазначаны ў дыспазіцыі артыкула, які прадугледжвае злачынства. Адсутнасць хоць бы адной з названых прыкмет сведчыць пра адсутнасць у дзеяннях пэўнай асобы С.з. і выключае крымін. адказнасць.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЖБО́ВЫЯ СЛО́ВЫ,

непаўназначныя словы, якія служаць для выражэння розных сэнсава-сінтакс. адносін паміж самастойнымі словамі, сказамі або часткамі сказа, не называюць прадметаў або прыкмет, не маюць марфалагічных катэгорый, не з’яўляюцца членамі сказа і ўжываюцца толькі з паўназначнымі словамі. У бел. мове паводле функцыянальнага прызначэння і ролі ў мове аб’ядноўваюцца ў звязкі, злучнікі, прыназоўнікі, часціцы. Не маюць уласнага націску, аб’ядноўваюцца ў адну акцэнталагічную адзінку з суседнім словам, выступаючы як праклітыка (перад апорным націскным паўназначным словам — «ішоў па дарозе») ці энклітыка (пасля такога слова — «перайшоў бы дарогу»). Усе С.с., акрамя звязкі, нязменныя. Складаюцца звычайна з адной каранёвай марфемы. Асн. С.с. паходзяць ад паўназначных, аднак пераважна гэта даказвае этымалагічны або гіст. аналіз. З пункту погляду сучасных мовазнаўцаў вял. колькасць С.с. — невытворныя. Могуць пераходзіць у разрады формаўтваральных ці словаўтваральных афіксаў (прыстаўкі, суфіксы, постфіксы). Характарызуюцца высокай частотнасцю ў моўнай плыні.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 15, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́ВА Таісія Аляксееўна (н. 10.12.1932, г. Марыупаль Данецкай вобл., Украіна),

бел. музыказнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1989), праф. (1990). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Скончыла Горкаўскую кансерваторыю (1959). У 1952—60 выкладала ў горкаўскіх дзіцячай муз. школе, кансерваторыі, лектар філармоніі. З 1962 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях гісторыі рас. музыкі, бел. муз. культуры. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыі беларускай музыкі» (1976). Аўтар тэле- і радыёперадач.

Тв.:

Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.​Мусоргского. Мн., 1971;

Цыганское музыкальное исполнительство и творчество в России. М., 1984;

Михаил и Матвей Виельгорские: Исполнители. Просветители. Меценаты. М., 1990;

«Жизнь, где бы ни сказалась...» // Муз. академия. 1999. №2;

«Жизнь за царя»: черты священнодействия // Там жа. 2000. №4;

Из истории русской музыкальной текстологии. Мн., 2001;

Оперный эпос в России XIX в.: Истоки и стимулы развития // Вопросы истории музыки. Мн., 2002.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 17, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎС (Gauß) Карл Фрыдрых (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),

нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.​Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл. Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.

Літ.:

Карл Фридрих Гаус. М., 1956.

К.Ф.Гаўс.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,

асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.

Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл. Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл. Ядзерныя сілы).

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,

жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.​Шпілеўскі, М.​Федароўскі, А.​Сержпутоўскі, У.​Дабравольскі, Л.​Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.​Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.​Колас і інш. пісьменнікі.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;

Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;

Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;

Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,

тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.​Ластоўскі, В.​Захарка, П.​Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.​Бадунова, К.​Езавітаў, У.​Ігнатоўскі, І.​Краскоўскі, М.​Маркевіч, П.​Мядзёлка, І.​Цвікевіч, Я.​Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац.-адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.

У.​М.​Міхнюк.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ,

закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.

Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)