АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛСЕЛЬБУДПРАЕ́КТ, Праектна-вышукальны інстытут Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1970 у Мінску як Бел. рэсп. праектна-вышукальны ін-т «Белкалгаспраект» на базе абл. праектных арг-цый сістэмы Белміжкалгасбуда. З 1986 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне агароднінасховішчаў, адм., жылых, гандл. і культ.-бытавых будынкаў і збудаванняў; распрацоўка праектаў заводаў буйнапанэльнага домабудавання, жалезабетонных вырабаў; інж.-вышукальныя работы і праектаванне дарог.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ АРХІТЭ́КТАР СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР за асаблівыя заслугі ў развіцці сав. архітэктуры, выдатную творчую дзейнасць у галіне горадабудаўніцтва, за стварэнне грамадз., прамысл. і сельскіх арх. комплексаў, будынкаў і збудаванняў, што атрымалі ўсенар. прызнанне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР 12.8.1967. Існавала да 1991.

Народныя архітэктары СССР у Беларусі

1970. У.​А.​Кароль.

1981. Г.​У.​Заборскі.

т. 11, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),

1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).

2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.

3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.

4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́СЛА,

1) у драўлянай архітэктуры частка сцяны каркаснай канструкцыі або плоту з гарызантальна пакладзеных бярвён, брусоў, жэрдак, дыль, плах, дошак паміж 2 верт. слупамі (шуламі). Асн. элемент будынкаў у перыяд каменнага веку. З 16 ст. з П. будавалі пераважна гасп. пабудовы — стайні, хлявы, аборы, гумны і інш. ў закідной тэхніцы.

2) Частка крапасной сцяны паміж 2 абарончымі вежамі.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВОРАПО́МПА,

стацыянарная або перасоўная машына для перапампоўвання будаўнічых раствораў (гал. чынам тынкавальных) да месца выкарыстання. Растворы транспартуюцца плунжэрнай помпай па верт. трубаправодзе на выш. да 40 м, па гарыз. да 200 м. Р. выкарыстоўваецца і для нанясення тынкавальнага слоя з дапамогай фарсунак на сцены і столь, нагнятання раствораў у поласці швоў пры рамонце будынкаў, тунэляў, буравых свідравін, а таксама пры нанясенні ізаляцыйных масцік.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА ў архітэктуры,

круглы аконны праём у раманскіх і (пераважна) гатычных збудаваннях, які мае каменны пераплёт у выглядзе радыяльных прамянёў з цэнтра круга. Звычайна размяшчалася над уваходным парталам. Р. наз. і аналагічнага выгляду дэкар. матыў, што вянчае стральчатыя аконныя праёмы гатычных будынкаў. Вядомы таксама ў збудаваннях стылю несапраўднай готыкі.

Да арт. Ружа ў архітэктуры. Акно-ружа сабора Парыжскай Божай Маці.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎМАНІС ((Baumanis) Яніс Фрыдрых Аляксандр) (4.6.1834, Рыга — 31.3.1891),

латышскі архітэктар. Вучыўся ў Будаўнічай акадэміі ў Берліне (1860—62) і Пецярбургскай АМ (1862—63). Пабудаваў у Рызе больш за 50 даходных дамоў і грамадскіх будынкаў, у дэкоры якіх выкарыстоўваў формы архітэктуры рэнесансу і класіцызму (Дом ліфляндскага дваранства, цяпер будынак урада Латвіі, 1863—67, у сааўт. з Р.​Пфлугам; Аляксандраўская гімназія, 1874, цяпер кансерваторыя) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНАЕ ШКЛО,

ліставое сілікатнае шкло, у якое пры фармаванні запрасавана зварная метал. сетка. Выкарыстоўваецца для шклення светлавых праёмаў і пакрыццяў будынкаў і збудаванняў, святлопрапускальных перагародак, агароджы лесвічных клетак, шахтаў ліфтаў і г.д. Вырабляецца неперарыўным пракатам. Ад удару ці ўздзеяння высокай т-ры не рассыпаецца на асколкі. Дапускае разрэзку і адломку без растрэсквання. Сетка робіцца з дроту дыяметрам 0,35—0,45 мм. Святлопрапусканне 65% і болей.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД ((Asplund) Эрык Гунар) (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)