АБРА́МІС (Іосіф Самуілавіч) (29.10.1918, Мінск — 29.9.1984),

бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах валторны (1941) і оперна-сімф. дырыжыравання (1950). З 1936 у Дзярж. т-ры оперы і балета, у 1979 — 82 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены: нац. оперы «Марынка» Р.​Пукста і «Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі, аперэта «Несцерка» Р.​Суруса, класічныя оперы «Баль-маскарад» і «Атэла» Дж.​Вердзі, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, балеты «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага, «Спартак» А.​Хачатурана, «Жызэль» А.​Адана, аперэта «Лятучая мыш» І.​Штрауса і інш.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЭЛЯ́Н (Айкануш Багдасараўна) (15.12.1893, Тбілісі — 19.4.1958),

грузінская і армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1939). Скончыла Петраградскую кансерваторыю (1920). З 1922 салістка Грузінскага, у 1933—48 Армянскага т-раў оперы і балета. У 1943—51 выкладала ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1949). У рэпертуары вылучаліся партыі з опер арм. кампазітараў — Ануш («Ануш» А.​Тыграняна), Алімпія («Аршак II» Т.​Чухаджана), а таксама класічных — Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Маргарыта Валуа («Гугеноты» Дж.​Меербера), Джыльда, Віялета, Дэздэмона («Рыгалета», «Травіята», «Атэла» Дж.​Вердзі). Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРА ((Vydra) Вацлаў) (29.4.1876, г. Пльзень, Чэхія — 13.4.1953),

чэшскі акцёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1946). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1893. У 1907—22 у Гарадскім т-ры ў Пльзене, потым у Празе, у Гарадскім т-ры на Вінаградах, з 1922 у Нац. т-ры (у 1945—49 маст. кіраўнік). Сцэн. вобразы, створаныя Выдрам, адметныя майстэрствам псіхал. аналізу, тэмпераментам: Атэла, Кароль Лір, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Геро, Войнар («Геро», «Войнарка» А.​Ірасека), Ранк («Нора» Г.​Ібсена) і інш. Аўтар кніг «Прашу слова» (1954) і «Мае падарожжы ў жыцці і мастацтве» (4-е выд., 1976).

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКАНДО́РАЎ (Адыль Рза аглы) (5.5.1910, г. Гянджа, Азербайджан — 18.9.1978),

азербайджанскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (з 1956). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1937—60 гал. рэж. і дырэктар Азерб. акад. т-ра імя М.​Азізбекава (Баку). Паставіў спектаклі: «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1926), «Вагіф» (1938) і «Фархад і Шырын» (1941) С.​Вургуна, «Гонар» А.​Шырванзадэ (1940), «Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Айдын» Дж.​Джабарлы (1940), «Атэла» У Шэкспіра (1959) і інш. Творчасці характэрны манум. героіка, урачыстасць, яркая відовішчнасць. З 1961 у кіно як акцёр і рэжысёр.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Юрый Лазаравіч) (н. 14.9.1929, станіца Зелянчукская Стаўрапольскага краю, Расія),

расійскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1959). З 1956 саліст Саратаўскага т-ра оперы і балета. Валодае голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай, артыстызмам. Сярод партый: Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Яга («Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Ягор Бальшоў («Руская жанчына» К.​Малчанава), Кіязо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Моймір («Святаплук» Э.​Суханя) і інш.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЎ (Леў Канстанцінавіч) (н. 23.12.1931, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1990). Скончыў школу-студыю МХАТ (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1985). Да 1963 у Цэнтральным дзіцячым т-ры, з 1963 у т-ры Ленінскага камсамола, з 1967 у т-ры на Малой Броннай (усе ў Маскве). Яркі характарны акцёр, валодае камед. і драм. дараваннем. Яго мастацтву ўласцівы непасрэднасць, адкрыты тэмперамент. Сярод лепшых роляў: штабс-капітан Снегіроў («Брат Алёша» В.​Розава паводле Ф.​Дастаеўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера), Яга («Атэла» У.​Шэкспіра). З 1954 здымаецца ў кіна і тэлефільмах: «Двое ў стэпе», «34-ы хуткі», «Развітанне», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Уся каралеўская раць» і інш.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯРДО́-ГАРСІ́Я ((Viardot-Garsia) Паліна Мішэль) (18.7.1821, Парыж — 17/18.5.1910),

французская спявачка (мецца-сапрана), кампазітар. Дачка і вучаніца ісп. спевака М.Гарсія, сястра М.Малібран. Вучылася ў Ф.Ліста (фп.). У 1839—63 салістка Італьян. оперы ў Парыжы. Выступала на буйнейшых сцэнах Еўропы. Яе творчасць вылучалася віртуознай тэхнікай, глыбокім і экспрэсіўным увасабленнем муз.-сцэн. вобразаў: Сафо («Сафо» Ш.​Гуно), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​Глюка), Разіна, Папялушка, Дэздэмона («Севільскі цырульнік», «Папялушка», «Атэла» Дж.​Расіні). Выкладала ў Парыжскай кансерваторыі (1871—75). Сярод яе вучняў Д.Арто. Аўтар камічных опер на лібр. І.​С.​Тургенева, рамансаў.

Літ.:

Розанов А. Полина Виардо-Гарсиа. 3 изд. Л., 1982.

Партрэт П.Віярдо-Гарсія. Мастак П.​Ф.​Сакалоў.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ-ВА́ГНЕРЭ (Heine-Vāgnere; Гейне-Вагнер) Жэрмена Леапольдаўна

(н. 23.6.1923, Рыга),

латышская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Латв. кансерваторыю (1950). У 1950—75 салістка Латв. т-ра оперы і балета. Дасканалае вак. майстэрства спалучаецца ў яе творчасці з яркім драм. талентам. Сярод партый: Банюта («Банюта» А.​Калніньша), Спідола («Агонь і ноч» Я.​Медыня), Гундэга («Прынцэса Гундэга» А.​Скултэ), Леанора, Дэздэмона, Аіда, Тоска, Віялета («Трубадур», «Атэла», «Аіда», «Тоска», «Травіята» Дж.​Вердзі), гал. партыі ў операх Р.​Вагнера «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Валькірыя» і інш. Выканала партыі сапрана ў 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, «Рэквіеме» Вердзі, «Асуджэнні Фауста» Г.​Берліёза і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫДЫКЕ́ЕВА (Бакен) (20.10.1923, с. Акцябр Канцкага р-на, Кыргызстан — 1994),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1970). З 1936 працавала ў Кірг. т-ры юнага гледача, з 1944 у драм. т-ры (абодва ў г. Фрунзе). Сярод лепшых роляў: Айганыш («Курманбек» К.​Джантошава), Жамал («Жывая вада» Дыйкамбаева), Айканыш («Зерне бессмяротнасці» А.​Такамбаева), Сейдэ («Твар у твар» паводле Ч.​Айтматава), Джэсі («Рускае пытанне» К.​Сіманава), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Соф’я («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Ганна («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1970.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІС-ГА́РА ((Žylis-Gára) Тэрэса) (н. 23.1.1930, Вільня),

польская спявачка (сапрана). Вучылася ў Вышэйшай муз. школе ў Лодзі (1952—57). З 1957 у Оперным т-ры ў Кракаве. З 1960 у ФРГ: салістка оперных т-раў у гарадах Обергаўзен, Дортмунд, Дзюсельдорф. Выступае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, акцёрскім майстэрствам. Адна з лепшых сучасных выканальніц партый у операх В.​А.​Моцарта. Сярод інш. партый: Дэздэмона, Леанора, Віялета («Атэла», «Трубадур», «Травіята» Дж.​Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Мае вял. камерны рэпертуар.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)