ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),
пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.
Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На З увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на У Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На ПдУ бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд і ПдУ каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у т. л. Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.
Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у т. л. цэменту). Здабыча газу (гл.Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль са спец. агрэгатамі і абсталяваннем для тушэння пажараў, выканання спец. і дапаможных работ. Дастаўляе да месца пажару баявы разлік, вогнетушыльныя рэчывы, пажарна-тэхн., аварыйна-выратавальнае і інш. абсталяванне. Звычайна выкарыстоўваюцца шасі серыйных аўтамабіляў (КамАЗ, УАЗ, ЗІЛ, КрАЗ, МАЗ і інш.). Падзяляюцца на асноўныя, спец. і дапаможныя. Асноўныя П.а. прызначаны для непасрэднага тушэння пажару — падачы ў зону гарэння вогнетушыльных рэчываў (вады, пены, парашкоў, газаў і інш.). Бываюць агульнага выкарыстання (аўтацыстэрны, аўтапомпы, аўтамабілі помпава-рукаўныя) і мэтавага выкарыстання (пажарныя помпавыя станцыі, парашковыя, пенныя, аўтамабілі газавадзянога, газавага і камбінаванага тушэння, аэрадромныя). Найб. пашыраны аўтацыстэрны, у т. л. вытв-сці «Белкамунмаша» і «Агата». Абсталёўваюцца пажарнымі помпамі высокага (да 40 МПа) і нізкага (да 10 МПа) ціску, ёмістасцямі для вады (2,5—12 м³) і пенаўтваральніка (150—4000 л), пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальным абсталяваннем. Аўтапомпы і помпава-рукаўныя аўтамабілі выкарыстоўваюцца разам з аўтацыстэрнамі або самастойна пры заборы вады з вадаёмаў. Пажарныя помпавыя станцыі падаюць ваду па магістральных пажарных рукавах непасрэдна да перасоўных лафетных ствалоў або да П.а. Аўтамабілі пеннага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў паветрана-мех. пенай; парашковага тушэння — для тушэння пажараў на аб’ектах хім., нафтаперапрацоўчай прам-сці, атамнай энергетыкі, лятальных апаратаў; камбінаванага тушэння — для падачы ў ачаг гарэння вогнетушыльных парашковых саставаў і паветрана-мех. пены. Аўтамабілі газавага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў электраабсталявання пад напружаннем, музеяў і архіваў, гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей, а таксама пажараў у цяжкадаступных месцах, П.а. газавадзянога тушэння — для тушэння газанафтавых фантанаў (маюць авіяц. турбарэактыўны рухавік з сістэмай трубаправодаў для падачы вады). П.а. аэрадромныя служаць для выратавання пасажыраў і экіпажа самалёта (верталёта), тушэння пажару і работ па ліквідацыі аварыі. Бываюць стартавыя (базіруюцца непасрэдна каля ўзлётнай паласы) і асноўныя (выязджаюць па сігнале трывогі). Спецыяльныя П.а. прызначаны для падняцця людзей на вышыню, забеспячэння сувязі і асвятлення, разборкі канструкцый, барацьбы з дымам, ратавання матэрыяльных каштоўнасцей, пракладкі рукаўных ліній і інш. Да іх адносяцца аўтадрабіны (гл.Пажарныя драбіны), аўтапад’ёмнікі, аўтамабілі газадымаахоўнай службы, сувязі і асвятлення, тэхн. службы, рукаўныя і штабныя. Аўтапад’ёмнікі служаць для выканання работ і ратавання людзей на вышыні; П.а. сувязі і асвятлення — для арганізацыі сувязі, кіравання на пажары, сілкавання электраэнергіяй эл. інструменту; П.а. тэхнічнай службы — для аварыйна-выратавальных работ у задымленых памяшканнях (аснашчаюцца пражэктарамі, кампрэсарам для сілкавання сціснутым паветрам пнеўмаінструменту і газаструменнага дымасоса, электрагенератарам); П.а. газадымаахоўнай службы — для барацьбы з дымам і забеспячэння работ у задымленых памяшканнях, маюць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання; П.а. рукаўныя — для механізаванага пракладвання і прымання магістральных рукаўных ліній, тушэння пажараў вадзянымі і паветрана-пеннымі струменямі з дапамогай стацыянарных і перасоўных лафетных ствалоў. Дапаможныя П.а.: аўтапалівазапраўшчыкі, перасоўныя рамонтныя майстэрні, аўтамабілі-лабараторыі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і інш. Пашыраецца выкарыстанне П.а. хуткага рэагавання для дастаўкі на месца пажару, аварыі, дарожна-трансп. здарэння баявога разліку, пажарнага і аварыйна-выратавальнага абсталявання (выпускаюцца ВА «Віцязь», г. Віцебск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (ад астра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш.Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́ЕЎ (Уладзімір) (3.2.1908, с. Габарэ, Балгарыя — 14.7.1986),
балгарскі мовазнавец, спецыяліст у галіне індаеўрап. і параўнальна-гіст. мовазнаўства. Чл.Балг.АН (1952). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). З 1948 праф., у 1951—56 рэктар Сафійскага ун-та, з 1972 дырэктар цэнтра мовы і літаратуры Балг.АН. Аўтар даследаванняў пра стараж. індаеўрап. мовы «Індаеўрапейскія гутураліі» (1932), «Прагрэчаскае мовазнаўства» (т. 1—2, 1941—45), «Праблемы мінойскай мовы» (1953), «Слоўнік крыта-мікенскіх надпісаў» (1955), «Даследаванні па параўнальна-гістарычным мовазнаўстве. Роднасныя адносіны індаеўрапейскіх моў» (1958), «Фракійцы і іх мова» (1977). Праблемам слав. мовазнаўства прысвечаны працы «Пытанні балгарскай этымалогіі» (1958), «Балгарская этымалогія і анамастыка» (1960), «Вакальная сістэма ў развіцці славянскіх моў» (1964), «Асноўныя праблемы славянскай дыяхроннай марфалогіі» (1969), «Праблемы балгарскай мовы» (1985). Прэмія імя Дзімітрова 1951, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз.петрагеннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,
адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),
грамадска-паліт.арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.І.Грыгаровіч, Б.А.Бялыніцкі-Біруля, Г.І.Палонскі, У.К.Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ.ЧК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл.Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.